Колеры яркай душы

- 9:33Авторские колонки, Мнение
Аксана МЫЦЬКО

Шмат гадоў Сяргей Шамінскі стварае выдатныя графічныя партрэты, прыгожыя пейзажы, нацюрморты і вучыць маляваць сваіх вучняў. А сёння ўсім цікавыя сталі штрыхі да партрэта яго самога — чалавека, які стаў настаўнікам года — 2023.

Прызнаюся шчыра, калі пісала артыкул пра настаўніка выяў­ленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргея Шамінскага як пра пераможцу абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года”, неяк зусім не думалася, што менавіта яму ў рэшце рэшт дастанецца самы галоўны тытул. Чалавек ён вельмі сціплы, творчы, пра такіх людзей кажуць: зорак з неба не хапае. Але тое, што зоркі ў фінале рэспубліканскага конкурсу сышліся менавіта на ім — гэта вяршыня справядлівасці! Бо ён з вялікай літары не толькі Настаўнік, але і Чалавек. 

Сяргей Міхайлавіч шчыра і па-сапраўднаму любіць сваю краіну, асаб­ліва малую радзіму — вёску Доўск. Калі скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя С.М.Кірава, яму прапаноўвалі застацца там працаваць. Але ён вярнуўся дадому. У Доўскай сярэдняй школе выкладае ўжо 33 гады і ніколі не шкадаваў аб сваім выбары.

Перад яго адданасцю працы трэба ў знак павагі зняць капялюш ці, як гэта прынята зараз у маладога пакалення, навушнікі. У сваёй роднай школе Сяргей Шамінскі выкладае выяўленчае мастацтва, айчынную і сусветную мастацкую культуру, чарчэнне, працоўнае навучанне, шмат гадоў вя­дзе аб’яднанне па інтарэсах “Юны мастак”. Паспявае дапамагчы і суседняй Серабранскай базавай школе, дзе адказвае за працоўнае навучанне.

Пад чулым кіраўніцтвам настаўніка дзеці асвойваюць цікавыя сучасныя жанры творчасці, такія як роспіс птушыных пёраў, камянёў, электрычных лямпачак, а лепшыя работы Сяргей Міхайлавіч потым аб’ядноўвае ў выставы з крэатыўнымі экспазіцыямі і сапраўднымі афішамі. Ён нязменны вядучы выпускных вечароў, іншых школьных свят, якія часта ўпрыгожвае выкананнем песень пад гітару. Летам кіруе лагерам працы і адпачынку, дзе разам з дзецьмі рамантуе школьную мэблю, трымае ў парадку тэрыторыю. У складзе творчай групы працаваў над стварэннем экспазіцый Музея сістэмы адукацыі Рагачоўскага раёна. І гэта далёка не ўсе грані яго дзейнасці.

Нават у самых маленькіх сваіх вучнях настаўнік бачыць перш за ўсё асобу. Імкнецца зразумець унутраны свет дзіцяці, тонкасці яго душэўнай арганізацыі, падтрымаць і натхніць. Кожны ўрок пачынае з жартаў, каб узняць вучням настрой. Ня­дзіўна, што яны цягнуцца да яго і не забываюць нават праз дзесяцігоддзі.    

А яшчэ Сяргей Шамінскі — цудоўны муж і бацька дзвюх дачок. З малодшай ён быў у дэкрэтным водпуску і лічыць гэта выдатным вопытам, які параіў бы кожнаму мужчыну.

У нашай гутарцы пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу “Настаўнік года” педагог прызнаўся, што стаць пераможцам ганарова і адказна. Наперадзе чакае шмат цікавага: сустрэчы з калегамі, дзе зможа па­дзяліцца прафесійным вопытам, выступленні перад моладдзю, удзел у грамадскіх мерапрыемствах. Ён падкрэсліў, што гэтай перамогі не было б без каманды аднадумцаў, якім вельмі ўдзячны. Гэта і калегі з роднай Рагачоўшчыны, і спецыялісты сістэмы адукацыі абласнога ўзроўню. Неацэнную падтрымку аказалі жонка і дочкі. 

Раней у сям’і не было аўтамабіля, так што галоўны прыз конкурсу — новенькі “Джылі” — стаў вельмі прыемным падарункам. Цяпер разам з жонкай будуць вырашаць, каму атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне і садзіцца за руль. Яшчэ адзін каштоўны падарунак — ноўтбук — настаўнік будзе выкарыстоўваць для работы, а малодшая дачка, якая вучыцца ў 10 класе, — для вучобы.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА