Колькасць дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал” расце

- 13:25Інфармацыйная гадзіна

Для мнагадзетных сем’яў на 1 студзеня 2021 года адкрыта 93 575 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал”, з якіх па праграме 2020—2024 гадоў — 11 298, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па праграме “Сямейны капітал” 2015—2019 гадоў для мнагадзетных сем’яў адкрыта 82 277 дэпазітных рахункаў на суму $822,7 млн. Памер назначанай у мінулую пяцігодку сумы складаў $10 тысяч для мнагадзетных сем’яў, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нара­дзілася (усыноўлена, удачарона) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ўключна. Звярнуцца за назначэннем сямейнага капіталу можна было па 30 чэрвеня 2020 года ўключна — не пазней за 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей.

Па праграме 2020—2024 гадоў для мнагадзетных сем’яў адкрыта 11 298 дэпазітных рахункаў на суму Br254,2 млн. У новай пяцігодцы сямейны капітал налічваецца ў памеры Br22,5 тысячы і назначаецца мнагадзетным сем’ям, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года ўключна.

“На пачатак бягучага года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 28 815 заяў. З іх на паляпшэнне жыллёвых умоў — 25 856 (89,7 працэнта), на атрыманне адукацыі — 1633 (5,7 працэнта), на атрыманне медыцынскіх паслуг — 1326 заяў (4,6 працэнта). Прыняты 27 342 рашэнні аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу”, — адзначылі ў Мінпрацы.

Больш за ўсё рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Брэсцкай вобласці — 6108, следам ідуць Мінская — 4552, Гомельская — 4412, Мінск — 3532, Гродзенская — 3224, Магілёўская — 2768. Менш за ўсё такіх рашэнняў у Віцебскай вобласці — 2746.