Колькасць відаў спорту праграмы гульняў канчаткова яшчэ не вызначана

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Важнай умовай для ўключэння віду спорту ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе з’яўляецца магчымасць адбору на Алімпіяду-2020 у Токіа. Аб гэтым паведаміў першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, на гэты момант ідзе працэс перагавораў па колькасці відаў спорту, якія будуць прадстаўлены на Еўрагульнях-2019 у Беларусі. “Сваё меркаванне выкажуць прадстаўнікі аргкамітэта правядзення Еўрагульняў, які ўзначальвае віцэ-прэм’ер урада Наталля Качанава, а таксама кіраўнік НАК Аляксандр Лукашэнка. Цяпер з вялікай доляй верагоднасці можна гаварыць аб уключэнні ў праграму спаборніцтваў такіх відаў спорту, як вольная, жаночая і грэка-рымская барацьба, дзюдо, самба, веславанне на байдарках і каноэ, мастацкая і спартыўная гімнастыка, акрабатыка, скачкі на батуце, бокс, настольны тэніс, веласпорт (шаша і трэк). Прапрацоўваецца пытанне з лёгкай атлетыкай. Нам хацелася б, каб турнір у гэтым відзе спорту быў як мага больш прадстаўнічым, таму пакуль вызначаем фармат правядзення спаборніцтваў. З гульнявых відаў плануецца, што ў 2019 годзе ў Мінску будуць прадстаўлены баскетбол 3х3, пляжны валейбол, магчыма, у праграму ўвойдзе жаночы хакей на траве. Важнай умовай уключэння відаў спорту ў праграму Еўрагульняў-2019 (за выключэннем самба і акрабатыкі) з’яўляецца магчымасць адбору на летнія Алімпійскія гульні ў Токіа ў 2020 годзе. Відавочна, што ў такім выпадку цікавасць да стартаў з боку вядучых спартсменаў будзе больш высокай, а гэта дапаможа і продажу тэлеправоў, і больш шырокай рэкламе Еўрагульняў”, — расказаў Максім Рыжанкоў.

Права правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе Беларусь атрымала на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якое ў кастрычніку бягучага года адбылося ў Мінску.