Колькі хлопцаў пад яго кіраўніцтвам адкрылі ў сабе таленты — не пералічыць! Пра майстра-­настаўніка з Антопаля

- 12:35Образование

Больш за 50 гадоў педагагічнага стажу мае Аляксей Буд­-Гусаім, настаўнік працоўнага навучання з Антопальскай сярэдняй школы, і прадаўжае перадаваць свае веды, уменні, багаты досвед мясцовым вучням, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У мястэчка з даўняй гісторыяй у ваколіцах Дняпроўска-Бугскага канала, кіламетраў за 30 ад палескага Драгічына, Аляксей Буд-Гусаім трапіў па размеркаванні як малады спецыяліст. І пусціў карані ў Антопалі, абжыўся на ўласнай сядзібе крокаў за 300 ад школы. Мяккі палескі клімат падабаецца працавітаму нашчадку палескіх татар, продкі якога здаўна жылі на Століншчыне. А сам ён родам з Піншчыны — з вёскі Любель-Поль.

Аляксей Рыгоравіч ведае, што ў пасляваенны час мястэчка доўга залечвала раны. Жудасны лёс выпаў на долю Антопаля і яго жыхароў, калі ў 1941-м паселішча занялі фашысты. Цяпер выяўляюцца новыя факты пра генацыд беларускага народа ў гады вайны, і пра гэта ў раёне гавораць, памятаюць. Па дарозе ў Антопаль мая спадарожніца Святлана Дышко з Драгічынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета сказала, што ў кнізе “Памяць. Драгічынскі раён” змешчаны матэрыялы пра ліхадзействы акупантаў у Антопалі. А ў інтэрнэце я пабачыў фрагменты з успамінаў Беніяміна Вольфа пра векапомны час, калі з 2500 яўрэяў Антопальскага гета вы­жыла ўсяго 12 чалавек. Былы антопалец расказ­ваў пра тое ў інтэрв’ю для ізраільскага інстытута “Яд Вашэм”. У вышэй згаданай кнізе ёсць і такі фрагмент: “Массовый кровавый террор производился не только над еврейским населением, но и над русскими, белорусами, украинцами и поляками. На протяжении более чем трех лет немцы и их пособники грабили, издевались, насиловали, вешали, сжигали живыми и расстреливали местное население — стариков, женщин и детей…”

Цяпер мястэчка — аграгарадок, і жыццё ў ім віруе ў поўную сілу: 260 вучняў налічвае мясцовая школа. Зрэшты, на пачатку знаёмства пагаварылі мы з антопальскім Буд-Гусаімам і пра гісторыю татар на тэрыторыі Беларусі. Ка­жуць, былі яны саюзнікамі князёў Вялікага Княства Літоўскага ў войнах з крыжакамі ў 1319—1320 гадах, а запрасіў іх перасяляцца ў ВКЛ вялікі князь Вітаўт: каб жылі тут і ваявалі з крыжакамі пад Грунвальдам (1410). І пра бітву пад Клецкам (1506) не прамінулі мы згадаць. А яшчэ гаспадар сядзібы з усмешкай расказаў, як у час яго вучобы ў Брэсц­кім педуніверсітэце, у 70-х, яго цёзка па проз­вішчы працаваў у абкаме партыі. Студэнты пусцілі пагалоску пра іх род­насць і потым на экзаменах ці заліках цікавалі, як выкладчыкі ставіліся да іх таварыша.

З гадамі нашы доб­рыя справы — гэта і аўтарытэт найлепшы, і набытак жыццёвы. Аляксей Рыгоравіч не шкадуе, што ў педагогіцы выбраў ролю “працаўніка”. Колькі хлопцаў пад яго кіраўніцтвам адкрылі ў сабе таленты — не пералічыць. Дыпломы са спаборніцтваў па тэхнічнай працы рознага ўзроўню прывозяць і цяпер. Настаўніку гонар: яго і “Чалавекам года” ў раёне выбіралі. А паколькі дасведчаных “працаўнікоў” няшмат у раёне, то, быў час, выкладаў майстар-настаўнік ажно ў трох школах. Мог Аляксей Рыгоравіч і фізкультурна-трэнерскім шляхам пайсці: дыплом такую магчымасць даваў. Але за плячыма была і вучоба ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, і пасведчанне трактарыста-экскаватаршчыка на руках, і правы вадзіцеля, так што праца рукамі (да якой з дзяцінства прывучаны), тэхніка ды тэхналогіі ўзялі верх.

Яго майстэрства ў рабоце з дрэвам і металам, іншымі матэрыяламі, дасведчанасць у электратэхніцы, механіцы доб­ра бачныя там, дзе жыве майстар-настаўнік. Ся­дзіба Аляксея Рыгоравіча і яго жонкі Лідзіі Васілеўны (кандытар і кухар па адукацыі, працавала ў школьнай сталовай) — гэта нібы музей народнага ўмельца, з побытава-этнаграфічным кутком (рэчы з ужытку бацькоў, дзядоў і прадзедаў), ды яшчэ інтэрактыўная вучэбная пляцоўка для тых, хто шукае, як з карысцю і асалодай прымяніць свае таленты. Пры ўваходзе на двор ста­іць “Гасцінная гаспадыня”: жанчына з караваем. Правобразам для скульптуры, створанай з камля засохлай елкі, паслужыла жонка майстра. Вялікі партрэт-чаканку Лідзіі Васілеўны, у вобразе сонца, бачым і на сцяне дома ў двары: вітае гасцей. У цёплую пару, запэўніў гас­падар, сядзіба патанае ў кветках: “Гэта жончына стыхія”. Дарэчы, яшчэ і на трох кветак-дачок багатыя гаспадары, і ўсе тры вывучыліся на педагогаў! Гаспадар уладкаваў “сістэму бяспекі” ў двары так, што ўвечары спрацоўваюць датчыкі руху — і ўключаюцца святло, вадзяная помпа, круціцца вадзяны млынок, пры ім працуюць бабры, куе жалеза каваль… Карацей — усё ў руху ды ў працы. Сімвалічна!

Цяпер у гаспадара шмат клопатаў з цяплічкай: падчысціў і вывез на агарод зямлю (на трактарчыку, які сам “з трох сабраў”). Будзе загру­жаць біяпаліва ў ніжнюю частку, заадно стойла ў канюшні падчысціць: “Пры школе ёсць конь, і такі варыянт біяпаліва — найлепшы”. У цяпліцы растуць у асноўным памідоры, крыху перцаў і агуркоў. Іншая агародніна ў Антопалі добра ро­дзіць і ў адкрытым грунце: поўдзень Беларусі.

Яшчэ адно вялікае захапленне гаспадара — пчолы. Загадкі пчалінага рою, прызнаецца Аляксей Рыгоравіч, можна разгадваць бясконца. Былі ў яго старанныя хлопцы, якія вучыліся мастац­тву пчалярскаму, і нават гурток юных пчаляроў ён быў гатовы весці, аднак пакуль не склалася. Пры двары, за плотам, гаспадар паказвае раму-канструкцыю на колах: у кветкавы сезон пчол вывозіць “пасвіцца” бліжэй да меданосаў.

Падчас невялічкай экскурсіі па сядзібе ў шэрагу розных штукарстваў, карысных і арыгінальных самаробак дзівам для мяне было пабачыць вялізную ліпавую калоду. Пчаляр сам яе выразаў, пры доме ўладкаваў і пад жытло пчалінае прыстасаваў. Руплівыя пчолы ўжо збіралі сакавіцкі нектар: з ветраніцы, першых фіялак і коцікаў ляшчыны. Што тут скажаш: таму з мёдам пашанцуе, хто для пчолак папрацуе. Пакаштаваць мёду і мяне, дарэчы, гаспадары запрашалі. То шчасця ў вашы соты, Аляксей Рыгоравіч і Лідзія Васілеўна!

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара