Конкурс для рэзервістаў

- 9:35Адукацыйная прастора

Намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Жанна Янцэвіч перамагла ў конкурсе рэзерву кіруючых кадраў “Хачу стаць кіраўніком”, які арганізаваў аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

— Працэдура фарміравання рэзерву кіруючых кадраў аказвае значны ўплыў на псіхалагічны клімат у калектывах, на грамадскую думку аб справядлівым і аб’ектыўным падыходзе да вырашэння кадравых праблем і, нарэшце, на ўпэўненасць спецыялістаў, якія рэкамендуюцца ў рэзерв кіруючых кадраў, у тым, што іх прафесійныя якасці абавязкова будуць заўважаны пры вырашэнні кадравых праблем установы, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Станкевіч. — Гэтыя прычыны вельмі пераканаўчыя, таму мы засяродзілі ўвагу на стварэнні ўмоў для росту перспектыўных спецыялістаў. У рамках школы рэзерву кіруючых кадраў кожны кандыдат атрымліваў веды, уменні і навыкі, неабходныя для больш адказнай пасады, якія прадэманстраваў у конкурсе “Хачу стаць кіраўніком”.

Спаборніцтва складалася з некалькіх этапаў. На першым, завочным, удзельнікі прадстаўлялі на суд журы партфоліа з разважаннямі аб уласнай прафесійнай дзейнасці, месцы кіраўніка ва ўстанове адукацыі, а таксама аўтарскія педагагічныя напрацоўкі і аналітычныя матэрыялы. Вочны этап уключаў тры конкурсныя мерапрыемствы: самапрэзентацыю, прадстаўленне эсэ “Я — кіраўнік установы”, вырашэнне праблемных сітуацый “Ад тэорыі да практыкі”.

Ад канкурсантаў патрабавалася не толькі паказаць сябе, здзівіць, але і вырашыць пастаўленыя задачы ў рамках праблемнай сітуацыі. Апошняе выпрабаванне прадэманстравала ўменне рэзервістаў прымаць эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні, пры неабходнасці ідучы на кампраміс, абараняць і аргументаваць сваю пазіцыю, арыентацыю на перспектыўныя мэты, а не на кароткатэрміновыя задачы, незалежнасць і вастрыню меркаванняў.

Усе ўдзельнікі адзначылі, што конкурс спрыяў павышэнню прафесійных кампетэнцый, даў магчымасць параўнаць свой кваліфікацыйны ўзровень з узроўнем іншых спецыялістаў, намеціць кропкі прафесійнага росту і, нарэшце, адчуць сябе кіраўніком. У планах — зрабіць конкурс традыцыйным мерапрыемствам.

А пераможцамі гэтага года сталі таксама намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Астраўца Тарэса Рудзінская і настаўніца англійскай мовы Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Віялета Карчэўская.

Юлія РАЖКО,
метадыст Астравецкага вучэбна-метадычнага кабінета.