Нацыянальная акадэмія навук Беларусі 18—20 мая правядзе IIІ Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. Якраз да гэтага мерапрыемства і запланаваны дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі, паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Паўдзельнічаць у конкурсе запрашаюцца дзеці, прытым дапамога ім з боку педагогаў ці бацькоў вітаецца. Трэба спачатку выбраць любімую беларускую народную казку, паспрабаваць яе цікава расказаць, напрыклад, блізкім. А калі ўсё адладзіцца, будуць знойдзены адпаведныя казцы фон, танальнасць, рытм аповеду, неабходныя жэсты, тады варта папрасіць некага з сяброў зняць гэтую дзею ці яе фрагмент, зрабіць відэаролік. Зняты сюжэт неабходна загрузіць да 10 мая ў сацсеткі (TikTok, Instagram, Facebook, відэахосцінг YouTube…) і пазначыць яго хэштэгамі #конкурсказкі2023, #belarusiantails2023.
І тады застанецца пачакаць, пакуль на пачатку работы форуму экспертнае журы падвядзе вынікі конкурсу. Потым падчас работы IIІ Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі будуць прадстаўлены лепшыя відэаролікі, а пераможцаў запросяць атрымаць узнагароды. Зрэшты, кожны юны казачнік атрымае каштоўны вопыт, а можа, і разбудзіць у сабе раней схаваны талент.
Арганізатары звяртаюць увагу: казка павінна выконвацца на беларускай мове альбо яе дыялекце, мясцовай гаворцы. Пры падвядзенні вынікаў будуць улічвацца выканальніцкае мастэрства і ўменне імправізаваць.
Дарэчы, конкурс юных казачнікаў ужо праводзіўся — у 2021 г. Некаторых з яго пераможцаў вы можаце бачыць на здымках.
Іван ЖДАНОВІЧ