Конкурсы прастымулююць ініцыятыўных

- 11:49Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Пераможцаў конкурсу “Чалавек Года культуры” назавуць у 10 намінацыях, паведаміла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.

Міністэрства культуры аб’явіла гэты конкурс з мэтай стымулявання ініцыятывы работнікаў культуры і забеспячэння шырокага грамадскага прызнання іх творчай дзейнасці.

Для кожнай з 10 намінацый распрацаваны высокія прафесійныя крытэрыі ацэнкі дзейнасці прэтэндэнтаў, адзначыла першы намеснік міністра. Для работнікаў арганізацый культуры, бібліятэчнай, музейнай сферы гэта наватарскія праекты, якія яны рэалізоўваюць на працягу года, мерапрыемствы і акцыі высокага ўзроўню. Для педагагічных работнікаў — прымяненне новых форм і эфектыўных метадаў работы з таленавітай моладдзю, дасягненне высокіх паказчыкаў у эстэтычным выхаванні моладзі. Для журналістаў — актуальнасць і папулярнасць аўтарскіх работ, майстэрства, грамадскае прызнанне журналісцкай работы, аб’ектыўнасць і дакладнасць у падачы фактаў.

Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым арганізацыі культуры, рэдакцыі СМІ, установы адукацыі могуць вылучаць кандыдатаў. Заяўкі будуць прымацца да 25 студзеня 2017 года Міністэрствам культуры, а ў першай дэкадзе лютага прафесійнае журы падвядзе вынікі конкурсу.

Пераможцам будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі.

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга паведаміла, што своеасаблівым падвядзеннем вынікаў Года культуры стане конкурс сярод беларускіх населеных пунктаў за званне “Горад культуры ў Год культуры”.

“Вобразна кажучы, упершыню будуць вызначаны самыя культурныя населеныя пункты, якія ўнеслі найбольшы ўклад і ў развіццё культуры, і ў развіццё турызму. Будуць названы лепшы абласны цэнтр, лепшы горад абласнога падпарадкавання, лепшы горад раённага падпарадкавання, лепшы пасёлак гарадскога тыпу і лепшы аграгарадок”, — сказала Ірына Дрыга.

У рэгіёнах рэалізоўваецца шмат цікавых праектаў, ёсць нямала самабытных гарадоў, дзе праводзяцца яркія фестывалі, адраджаюцца народныя промыслы, дзейнічаюць экскурсійныя маршруты. Ірына Дрыга адзначыла, што ёй хацелася б, каб такія дасягненні сталі аб’ектам увагі турыстаў, гасцей краіны і грамадзян Беларусі.

Акрамя таго, пройдзе Рэспубліканскі конкурс на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі.