Кожная змена — з іскрынкай: у жніўні навучэнцы Бярозаўскага раёна аздараўляюцца на базе 4 устаноў адукацыі

- 17:11Новости

У жніўні навучэнцы Бярозаўскага раёна аздараўляюцца на базе чатырох устаноў адукацыі. У Бярозаўскай пачатковай школе, напрыклад, упершыню расчыніў свае дзверы дзённы лагер “Акадэмія маленькіх навук” для будучых першакласнікаў. На базе сярэдняй школы № 3 Белаазёрска традыцыйна арганізаваны перасовачны палатачны лагер для 18 падлеткаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Матывацыя да адукацыі

У лагеры “Акадэмія маленькіх навук” 26 дашкольнікаў 6—7 гадоў не толькі добра адпачываюць, але і пачынаюць адаптавацца да новага школьнага ладу жыцця з урокамі, дзённым сном і часам для гульняў.

— Рэжым дня дастаткова насычаны і складаецца як з аздараўленчых мерапрыемстваў, так і з заняткаў па падрыхтоўцы да школы. Раніца пачынаецца з агульнай зарадкі, пасля якой выхавальнік право­дзіць міні-лекцыю пра здаровы лад жыцця. Затым дзеці снедаюць і адпраўляюцца на прагулку, дзе іх чакаюць гульні на свежым паветры, — знаёміць з распарадкам дня дырэктар лагера Марыя Кухарчук. — Далей малых чакаюць чатыры міні-ўрокі, кожны з якіх доўжыцца па 20 мінут. Называюцца яны “Нясумная матэматыка”, “Ад А да Я”, “Наша Радзіма” і “Вясёлыя пропісы”. Паміж урокамі дзеці выконваюць займальныя заданні для міжпаўшарнага развіцця мозгу, артыкуляцыйную і пальчыкавую гімнастыку, адпраўляюцца на рухавыя перапынкі і міні-прагулкі.

Пасля адукацыйнага блока “Вучымся гуляючы” ў кабінеце інфармацыйных тэхналогій выхаванцы лагера глядзяць відэаролікі ў працяг тэмы, якую разбіралі на ўроку “Наша Радзіма”. Такім чынам дзеці знаёмяцца з дзейнасцю Францыска Скарыны, адпраўляюцца ў падарожжа па Мірскім замку, Белавежскай пушчы, зазіраюць як на арэну, так і за кулісы Гомельскага цырка. Затым будучых першакласнікаў чакаюць абед і сон, пасля якіх — падвячорак і зборы дадому.

Праграму для развіцця дашкольнікаў Марыя Паўлаўна, якая па-за канікуламі працуе ў школе настаўнікам-дэфектолагам і педагогам-арганізатарам, распрацавала сама. Дарэчы, сёлета са сваімі распрацоўкамі аздараўленчых лагерных змен педагог стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшы важаты”.

Дзецям, па іх уласным прызнанні, у лагеры падабаецца ўсё, у тым ліку школьныя катлеты, якія падобныя на маміны. А вось па назіраннях педагогаў, хлопчыкаў і дзяўчынак асабліва грэе думка, што 1 верасня яны будуць не навічкамі ў школе, а дасведчанымі першакласнікамі, якія многае ўжо ведаюць.

У новым навучальным годзе Бярозаўская пачатковая школа плануе набраць тры першыя класы.

Прыгоды юных турыстаў

Для 18 навучэнцаў 7—11 класаў педагогі сярэдняй школы № 3 Белаазёрска арганізавалі перасовачны палатачны лагер. Адпачываючы 13 дзён у 9 палатках, хлопчыкі і дзяўчынкі мяняюць пяць месцаў дыслакацыі. Праводзячы ў кожным з пунктаў па некалькі дзён, наведваюць мясцовыя храмы, гарадскія і школьныя музеі, мемарыяльныя комплексы і помнікі архітэктуры, сустракаюцца з цікавымі людзьмі.  

Першая стаянка на маршруце — вёска Спорава. Размеркаваўшы абавязкі, падлеткі праводзяць аперацыю “Утуль­насць”: ставяць палаткі і ўладкоўваюць палявую кухню, прыдумляюць крычалкі і дэвіз атрада.

— Ужо каля 10 гадоў мы арганізоў­ваем дзіцячы адпачынак у перасовачных палатачных лагерах, і кожная новая змена заўсёды чымсьці адрозніваецца ад папярэдніх. Сёлета наш лагер мае духоўна-маральную накіраванасць, таму маршрут складзены так, каб дзеці маглі наведаць максімальную колькасць храмаў, — расказвае пра асаблівасць змены дырэктар лагера Таццяна Босак. — У другі дзень нашага падарожжа мы адправіліся на экскурсію ў музей “Спораўскі карась” Спораўскай сярэдняй школы, наведалі храм прападобнага Ануфрыя Вялікага, а таксама мемарыяльны комплекс “Здзітаўская абарона” і грамадскі музей этнаграфіі сялянскага побыту ў вёсцы Вайцешын.

Яшчэ адна станцыя на маршруце адпачывальнікаў размяшчаецца на беразе Чорнага возера паблізу вёскі Пескі. Тут юныя турысты наведваюць Пескаўскую царкву Святога Мікалая, а таксама па шляху руху групы праваслаўны храм Архангела Міхаіла і Свята-Петра-Паўлаўскую царкву.

Адно з асабліва чаканых дзецьмі мерапрыемстваў падчас лагернай змены — спуск па рацэ Ясельдзе на байдарках з вёскі Галавіцкія ў бок апошняй на маршруце стаянкі ў вёсцы Высокае. Там іх чакае наведванне рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, сэлфі-марафон “Дзіцячыя ўсмешкі — галоўная ацэнка”, спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні “Сцежка выпрабаванняў” і наведванне вяровачнага гарадка.

Арганізоўваючы стаянкі летніка, педагогі імкнуцца прадугледзець іх размяшчэнне ў месцах, прыдатных для купання, каб дзеці маглі не толькі культурна і маральна ўзбагаціцца, пагуляць у спартыўныя гульні, паспяваць ля вогнішча, патанцаваць на дыскатэцы, але і прыняць водныя працэдуры.

Прыкладна трэць хлопчыкаў і дзяўчынак адпачываюць у гэтым лагеры ўжо не першы раз. Але кожную змену ёсць шмат і пачаткоўцаў. Сярод іх некалькі падлеткаў падуліковай катэгорыі, якія маюць асабліую патрэбу ў добрых сябрах, цёплых зносінах і радасных эмоцыях. Як адзначаюць выхавальнікі, а іх у летніку 7 чалавек, у такіх паходах дзеці хутчэй згуртоўваюцца, заводзяць сяброў — і на іх тварах амаль заўсёды ззя­юць усмешкі.

— Чатыры гады назад мяне паклікала з сабой у перасовачны палатачны лагер сяброўка Амалія, мама якой вя­дзе ў нашай школе гурток па спартыўным арыентаванні, — мы разам яго наведвалі, — дзеліцца сваёй гісторыяй знаёмства з лагерам адзінаццацікласніца Юля Кузьміч. — Такі займальны адпачынак-падарожжа мне спадабаўся. Тут вельмі дружны і класны калектыў.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара