Кожны важны

- 12:17Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У працэсе сацыялізацыі людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця немалую ролю адыгрывае набыццё прафесіі. Работа дае магчымасць самарэалізавацца, быць самастойным і адчуваць сябе карысным для грамадства. Таму сучаснае прафесійнае навучанне для юнакоў і дзяўчат з АПФР вельмі важнае. Тым больш што сёння падчас вучобы ў прафесійных каледжах і ліцэях яны не проста набываюць прафесіі, але і рыхтуюцца да далейшага дарослага, самастойнага жыцця. У Капыльскім дзяржаўным каледжы рабоце ў гэтым кірунку надаюць вялікае значэнне і маюць станоўчы вопыт.

У Капыльскім дзяржаўным каледжы знаходзяць магчымасці для раскрыцця талентаў і здольнасцей кожнага навучэнца. Напрыклад, Уладзіслаў Лютарэвіч (на фота справа) захапіўся тэхнічнай творчасцю. Пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Ф.Ф.Шаблюка (на фота злева) юнак стварыў работу, з якой заняў 1-е месца ў Міжнародным конкурсе творчых работ “Дзень касманаўтыкі” ў намінацыі “Макет касмічнага карабля”.

Каледж чакае ўсіх

Капыльскі дзяржаўны каледж — шматпрофільная ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па 2 спецыяльнасцях, прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 11 спецыяльнасцях і 18 кваліфікацыях. Дырэктар каледжа — Анатоль Францавіч Пяткевіч.

Падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца для арганізацый аграпрамысловага комплексу, перапрацоўчай прамысловасці, гандлю, будаўніцтва, грамадскага харчавання. Усе выпускнікі ўстановы запатрабаваны на рынку працы. Сёння тут вучацца больш за паўтысячы навучэнцаў. Таксама ў каледжы рэалізуюцца адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, на базе ўстановы вя­дзецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў.

З 2006 года каледж пачаў ажыццяў­ляць прыём асоб з АПФР. Гэта юнакі і дзяўчаты з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю. Спачатку навучанне іх ладзілася ў асобных вучэбных групах. З 2015 года арганізаваны вучэбныя групы сумеснага навучання як асоб з АПФР, так і іх аднагодак са звычайным узроўнем здароўя. Навучанне вядзецца па кваліфікацыях “агароднік”, “швачка”, “тынкоўшчык”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” па адукацыйнай праграме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага). У залежнасці ад запыту рынку працы вар’іруюцца спецыяльнасці. Напрыклад, зараз рыхтуюць швачак і слесараў па рамонце сельгастэхнікі. Калі з’явіцца патрэба, напрыклад, у агародніках, то будзе адноўлены набор па гэтай спецыяльнасці.

Зараз у каледжы 15 навучэнцаў з АПФР, пяцёра нядаўна скончылі ўстанову. У хуткім часе паступяць новыя юнакі і дзяўчаты. Гэта выпускнікі  Капыльскай, Гарадзейскай, Ру­дзенскай дапаможных школ-інтэрнатаў, а таксама інтэграваных класаў агульнаадукацыйных школ Мінскай вобласці.

Асаблівыя планы

Адукацыйны працэс пры навучанні асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю мае сваю спецыфіку. Напаўняльнасць вучэбных груп, у якіх адукацыйны працэс арганізаваны толькі для асоб з АПФР, складае 12 чалавек, груп сумеснага навучання — ад 15 да 20 чалавек, сярод якіх 3 асобы з АПФР. Тэрмін атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 1 год і 4 месяцы.

З вучэбных прадметаў агульнаадукацыйнага кампанента ўключаны ў план “Асновы права”, “Матэматыка” ці іншы вучэбны прадмет натуральна-матэматычнага цыкла, “Абарона насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый”, “Фізічная культура і здароўе”. Абавязковым для вывучэння  з’яўляецца прадмет “Сацыяльнае арыентаванне”.

У пачатку навучальнага года для педагагічных работнікаў, якія будуць працаваць з навучэнцамі з інтэлектуальнай недастатковасцю, праводзіцца метадычная вучоба. Ім у дапамогу распрацаваны памяткі: агульныя рэкамендацыі, тактыка паводзін з навучэнцамі, псіхолага-педагагічныя рэкамендацыі па арганізацыі ацэначных сітуацый у вучэбным працэсе.

Працоўныя і сацыяльныя навыкі навучэнцы з АПФР трэніруюць, удзельнічаючы ў рабоце навучэнскай бізнес-кампаніі “Эргана”. На здымку — вырошчванне расады ў цяпліцы.

 — Неабходна дапамагаць педагогам знаходзіць падыход да такіх навучэнцаў, узброіць іх метадычнымі рэкамендацыямі па складанні вучэбных праграм, тэматычнага планавання, складанні планаў урокаў і методыкі іх правя­дзення. Сумесна з псіхолага-педагагічнай службай каледжа, з дапамогай вопытных педагогаў мы распрацавалі рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказвае метадыст каледжа Сняжана Іванаўна Русаковіч. — Бо калі для груп, у якіх вучацца толькі дзеці з АПФР, у педагогаў не выклікае цяжкасцей скласці праграмную дакументацыю, то складанне вучэбных праграм, перспектыўна-тэматычнага планавання і саміх планаў урокаў для інтэграваных груп — справа няпростая.

Для інтэграваных груп педагогі каледжа распрацавалі інтэграваныя вучэбныя праграмы. На вучэбных занятках адначасова выкладчык ці майстар вытворчага навучання працуе па двух розных тэмах згодна з перспектыўна-тэматычным планам. Складанасць заключаецца ў тым, што пры рознай колькасці гадзін у звычайных навучэнцаў і навучэнцаў з АПФР тэмы заняткаў могуць не супадаць. Таму няпроста скласці перспектыўна-тэматычнае планаванне, у якім будуць адлюстраваны ўсе тэмы вучэбнай праграмы: як для звычайных навучэнцаў, так і для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Педагогі каледжа не толькі ствараюць такія складаныя дакументы, вядуць інтэграваныя ўрокі, але яшчэ і працуюць над навукова-метадычным забеспячэннем навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напрыклад, распрацавалі электронны вучэбны модуль па вучэбным прадмеце “Біялогія” для асоб з АПФР. Ён утрымлівае электронны курс лекцый, індывідуальныя заданні для навучэнцаў, спасылкі на відэаматэрыялы, што дазваляе выкладчыку рацыянальна арганізаваць час вучэбных заняткаў.

Важным складнікам навучання з’яўляюцца заняткі па сацыяльным арыентаванні. На іх фарміруецца сацыяльны вопыт, навыкі культурных паводзін і сацыяльнага ўзаемадзеяння. У рамках практычных заняткаў па  прадмеце праводзяцца ўрокі-экскурсіі, якія дазваляюць навучэнцам сфарміраваць уяўленне аб структуры грамадства, яго асноўных сферах жыццядзейнасці.

Пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу вялікая ўвага ўдзяляецца практыка-арыентаванаму падыходу, прыцягненню навучэнцаў гэтай катэгорыі ў розныя сферы дзейнасці, фарміраванню ў іх адэкватнай самаацэнкі і ўсведамлення перспектыў будучага жыцця. Для таго каб паспяхова ажыццяўляць гэтую дзей­насць, неабходна моцная матэрыяльная база. І такая ў каледжы ёсць: абсталяваны сучасныя кабінеты, майстэрні, машынна-трактарны парк, цяпліца.

Выхаваўчае асяроддзе

У капыльскім каледжы створана выхаваўчае асяроддзе, якое дазваляе навучэнцам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адчуць сябе раўнапраўнай і раўнацэннай часткай грамадства, спазнаць і рэалізаваць свой асобасны патэнцыял.

 — Сёння ў каледжы створаны ўмовы для сацыялізацыі асобы і інтэграцыі яе ў грамадства, а ў якасці асноўнай выхаваўчай мэты прызнаецца падрыхтоўка да самастойнага, незалежнага жыцця праз авалоданне ключавымі жыццёва важнымі кампетэнцыямі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Уладзіміраўна Кудзелка. — Галоўную мэту нашай работы па фарміраванні жыццёвых кампетэнцый мы бачым у тым, каб навучыць асаблівых навучэнцаў быць, па магчымасці, камунікабельнымі, разумна актыўнымі людзьмі, якія ўмеюць звяртацца па дапамогу і прымаць яе, быць культурнымі ў паводзінах, весці здаровы лад жыцця і быць карыснымі для сябе і грамадства.

Работы па вытворчасці пешаходнай пліткі.

У першую чаргу намаганні скіраваны на сацыяльную адаптацыю навучэнцаў з АПФР і іх падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя магчымасці. Напрыклад, сапраўднай выхаваўчай прасторай стаў інтэрнат. Ён камфортны, з утульнымі пакоямі. Тут дзеці не проста адпачываюць пасля заняткаў, а з дапамогай выхавальніка набываюць навыкі самаарганізацыі і сама­абслугоўвання. Вучацца самастойна планаваць рэжым дня, харчавання, фізічных і інтэлектуальных нагрузак, адпачынку.

У інтэрнаце размяшчаецца пакой псіхалагічнай разгрузкі. Тут можна расслабіцца і пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Таксама тут праводзяць сустрэчы, заняткі, мерапрыемствы педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог. Педагог-псіхолаг праводзіць трэнінгі для зняцця ў дзяцей трывожнасці, каб разняволіць іх, даць ім упэўненасць у сабе і пазбавіць страху перад сацыяльным кантактаваннем.

Важную ролю ў сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў адыгрывае аб’яднанне па інтарэсах “Скарбніца”, якое вя­дзе педагог сацыяльны Таццяна Аляксандраўна Салановіч. На занятках навучэнцы адпрацоўваюць простыя бытавыя сітуацыі, з якімі сустрэнуцца ў жыцці. Яны адпраўляюцца ў розныя ўстановы — банк, магазін, цэнтр занятасці і іншыя, дзе вучацца даведвацца патрэбную інфармацыю, запаўняць і падаваць дакументы, выконваць патрэбныя аперацыі.

Наогул, варта адзначыць, што псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў з АПФР з’яўляецца важнай часткай і абавязковай умовай арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ў каледжы.

Адпачынак таксама мае выхаваўчы патэнцыял. У вольны час навучэнцы не прадастаўлены самі сабе. У інтэрнаце працуе інтэрнэт-кафэ. Тут можна папіць гарбаты, паласавацца піцай і падключыцца да бясплатнай кропкі доступу Wi-Fi. Увечары тут шмат наведвальнікаў, навучэнцы з АПФР вучацца ў нязмушанай атмасферы камунікаваць з аднагодкамі, знаёміцца, весці гутаркі. Гэтак жа і ў маладзёжным цэнтры “Сёмае неба” можна трэніраваць уменне наладж­ваць сацыяльныя сувязі. Цэнтр таксама дзейнічае ў інтэрнаце, тут ёсць інтэрактыўныя прыстаўкі, аэрахакей, устаноўка віртуальнай рэальнасці, 3D-тэлевізар і інш. Маладзёжны цэнтр і кафэ для навучэнцаў з АПФР —  гэта адначасова і адпачынак, і пагружэнне ў звычайнае маладзёжнае асяроддзе, простая жыццёвая навука.

Галоўная задача каледжа — прафесійная падрыхтоўка. І рыхтуюць юнакоў і дзяўчат не толькі на вучэбных занятках. Бо работа — гэта не толькі выкананне пэўных аперацый. Гэта яшчэ і ўзаемадзеянне з калегамі, кіраўнікамі, прафесійная этыка. У капыльскім каледжы знайшлі магчымасць дла трэніроўкі і гэтых навыкаў. Ва ўстанове дзейнічае шматпрофільны цэнтр крокавай даступнасці Modern, навучэнская бізнес-кампанія “Эргана”, ствараецца аграэкасядзіба “Мядовая заімка”. У цэнтры Modern навучэнцы аказваюць бытавыя паслугі па пашыве пасцельнай бялізны. Па сутнасці, гэта міні-атэлье. Бізнес-кампанія “Эргана”, хоць і навучэнская, але абсалютна паўнавартасная, якая займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй шэрага вырабаў. Навучэнцы з АПФР задзейнічаны ў рабоце цэнтра і бізнес-кампаніі — такім чынам яны, па сутнасці, спрабуюць сябе на сапраўдным рабочым месцы, толькі ў знаёмай і камфортнай для сябе атмасферы. Яны могуць даведацца аб усіх тонкасцях работы і потым, калі пакінуць установу і адправяцца на сваё першае рабочае месца, будуць адчуваць сябе больш упэўнена.

Працоўныя і сацыяльныя навыкі трэніруюць навучэнцы з АПФР і ўключаючыся ў дзейнасць студэнцкіх і валанцёрскіх атрадаў. Летам у каледжы працуюць сэрвісныя атрады па пашыве пасцельнай бялізны і вытворчасці тратуарнай пліткі. Дзейнічаюць валанцёрскія атрады “Добрае сэрца” і “Данка”.

У капыльскім каледжы навучэнцы з інтэлектуальнай недастатковасцю атрымліваюць моцны стрыжань, які дапамагае ім упэўнена рухацца далей. Гэты стрыжань умацаваны трывалымі працоўнымі навыкамі і адсутнасцю баязі перад жыццём у грамадстве. Штогод усе выпускнікі размяркоўваюцца. Яны працуюць на фабрыках “Эліз” і “Калінка”, сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны. Замацаванне на працоўных месцах за апошнія тры гады складае 86%.

Клопат — дзецям, вопыт — калегам

Сёння пытанні сацыяльнай адаптацыі людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вельмі актуальныя. Капыльскі дзяржаўны каледж працуе ў гэтым кірунку паспяхова, таму яго вопытам цікавяцца калегі. Акрамя педагогаў нашай краіны, гэта яшчэ і калегі з Расіі, якія не раз прыязджалі ў каледж, каб пазнаёміцца з яго работай. Апошнім часам актывізавана работа ў дыстанцыйным рэжыме. Так, за апошнія 4 месяцы прайшлі 3 анлайн-семінары для прадстаўнікоў сістэмы прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі па тэмах “Новыя напрамкі ў развіцці інклюзіўнай адукацыі” і “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ва ўмовах інклюзіі”. Іх удзельнікамі сталі педагогі з розных куткоў Расіі.

Напрацаваны вопыт будзе памнажацца, бо ў супрацоўнікаў Капыльскага дзяржаўнага кале­джа яшчэ многа планаў. Усе яны аб’яднаны клопатам аб дзецях. І разуменнем, што кожны чалавек — важны і дастойны таго, каб яго мары здзяйсняліся.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены Капыльскім дзяржаўным каледжам.