Ужо больш за паўстагоддзя вучнёўская моладзь выпрабоўвае свае ўменні і веды ў ззянні “Зарніцы” і пад крыламі “Арляняці”. Спартыўна-патрыятычныя гульні патрабуюць ад удзельнікаў не толькі выдатнай фізічнай падрыхтоўкі, але і глыбокіх ведаў, кемлівасці і здольнасці працаваць у камандзе. Мінскі гарадскі этап знакамітых спартыўна-патрыятычных конкурсаў прайшоў з 6 па 17 чэрвеня на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Першая ваенна-спартыўная гульня “Зарніца” прайшла ў 1964 годзе ў форме імітацыі ваенных вучэнняў, падчас якіх піянеры дзяліліся на каманды і спаборнічалі ў ваенна-прыкладных відах спорту. А з 2006 года “Зарніца” і “Арляня” адрадзіліся як конкурсы для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска. Да 25 мая 2016 года ў сталіцы прайшлі раённыя этапы конкурсаў.
Згодна з правіламі, у “Зарніцы” бяруць удзел каманды з 12 чалавек — хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 13—14 гадоў. “Арляня” разлічана на больш сталых удзельнікаў: у каманды па 18 чалавек уваходзяць юнакі і дзяўчаты ад 15 да 17 гадоў. У дні сёлетніх спаборніцтваў кожная каманда павінна была прадэманстраваць навыкі страявой падрыхтоўкі, паказаць высокія спартыўныя дасягненні, творча прэзентаваць сябе як калектыў. Кульмінацыйнай часткай конкурсу сталі ваенна-спартыўныя гульні на мясцовасці, якія заключаліся ў пераадоленні перашкод, дэманстрацыі ўмення ўстанавіць палатку, распаліць вогнішча, аказаць першую медыцынскую дапамогу, прымяніць сродкі транспарціроўкі “параненага”, у выкарыстанні ведаў аб парадку дзеянняў ва ўмовах стыхійных бедстваў, аварый, пажараў і г.д. Нарэшце ўдзельнікі гульняў паказвалі свае ўменні арыентавацца на мясцовасці пры дапамозе компаса, перамяшчацца паскораным крокам і бегам, перабежкамі і паўзком, а таксама пераадольваць загароды.
Удзельнікі “Зарніцы” паўдзельнічалі ў спаборніцтвах “Агляд строю”, “Снайпер”, “Алімпійскія надзеі Беларусі”, “З іскрай у душы і верай у перамогу”, “Іншае дзяцінства”, “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, “Бяспека на вуліцах і дарогах”, “Старонкі гісторыі Айчыны”, “Абарончыя рубяжы”, “Баявы лісток”. Бліскучую спартыўную і інтэлектуальную падрыхтоўку падчас “Зарніцы” паказала каманда сярэдняй школы № 2 Фрунзенскага раёна, якая заваявала заслужаную перамогу ў агульным заліку. На другім месцы апынулася каманда сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна. Трэцяе месца заняла сярэдняя школа № 137 Першамайскага раёна.
Галоўныя лідары гарадскога этапу “Зарніцы” атрымалі не толькі ганаровыя граматы і кубкі, але і права прадстаўляць Мінск на рэспубліканскім этапе, які пройдзе ў Брэсце з 19 па 25 чэрвеня. Там пераможцы з Фрунзенскага раёна паўдзельнічаюць у спаборніцтвах з лепшымі камандамі з кожнай вобласці Беларусі.
Больш дарослыя ўдзельнікі “Арляняці” спаборнічалі ў конкурсах “Статны ў страі — моцны ў баі!”, “Сіла, спрытнасць, хуткасць”, “Спяём, сябры!”, “Візітоўка каманды”, -“Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, “Дарога бяспекі”, “Трапны стралок”, “На славу Айчыны”, “Пераадолець і выстаяць”, “Баявы лісток”. Лідарамі гарадскога спартыўна-патрыятычнага конкурсу “Арляня” сталі каманды тых жа школ, але ў іншым парадку: першае месца адваявала каманда сярэдняй школы № 137 Першамайскага раёна. На другім месцы — каманда сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна, на трэцім — каманда сярэдняй школы № 2 Фрунзенскага раёна.
На працягу двух тыдняў курсанты і служачыя Ваеннай акадэміі, дзе праходзіў конкурс, не пакідалі ўдзельнікаў без падтрымкі ні на хвіліну. Акрамя таго, што на іх плячах была падрыхтоўка палігонаў для “Зарніцы” і “Арляняці”, яны аказвалі ўдзельнікам конкурсаў разнастайную дапамогу — як арганізацыйную, так і маральную. Нездарма адна з мэт спаборніцтваў — удасканаленне форм супрацоўніцтва паміж маладзёжнымі патрыятычнымі і ваенна-спартыўнымі аб’яднаннямі і сілавымі ведамствамі краіны.
Правядзенне “Зарніцы” і “Арляняці” накіравана на развіццё сістэмы патрыятычнага выхавання і грамадзянскай адказнасці моладзі, прапаганду здаровага ладу жыцця, павышэнне спартыўнага майстэрства ўдзельнікаў, фарміраванне гатоўнасці вучняў да службы ў войску і папулярызацыю прафесіі абаронцы Айчыны.
Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.