Краіна агню, агню сяброўства

- 12:46Выхаванне, Рознае

Згодна з самай распаўсюджанай версіяй, назва “Азербайджан” пайшла ад слова “агонь”, “полымя”, паколькі старажытныя жыхары гэтай краіны былі вогнепаклоннікамі. Магчыма, у аснове тапоніма ляжаць цюркскія словы “аз” і “эр”, а магчыма, і імя славутага палкаводца Бабека — “Азер-Бабеган” або, як вымаўлялі арабы, “Азербабеджан”, што азначае “агонь-Бабека”. Як бы там ні было, а гэтая экзатычная і ў той жа час блізкая для нас краіна запаліла ў сэрцах удзельнікаў Дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы агонь любові і сяброўства.

Сполахі любові

Першыя іскрынкі гэтага своеасаблівага вогнішча загарэліся ў нашых сэрцах яшчэ ў бакінскім Міжнародным аэрапорце Гейдар Аліеў. Так цёпла і шчыра, з кветкамі, усмешкамі могуць сустракаць гасцей, напэўна, толькі беларусы і азербайджанцы. А калі гасцінныя і шчырыя азербайджанцы сустракаюць гасцінных і шчырых беларусаў, то сустрэча атрымліваецца двойчы гасціннай і шчырай. Дзякуючы насычанай праграме нашага знаходжання на азербайджанскай зямлі незвычайныя іскрынкі вельмі хутка ператварыліся ў вялізнае, амаль што купальскае вогнішча (выпадкова ці не, але наш прылёт у Азербайджан адбыўся якраз у купальскую ноч), сполахі якога мы адчувалі ледзь не кожную хвіліну.

Было гэта і падчас наведвання магілы Мусліма Магамаева, калі ў нашых сэрцах узнікаў яго чароўны барытон і знакамітае “Луч солнца золотого…”. І падчас любавання панарамай бакінскіх гмахаў на фоне Каспійскага мора. І падчас прагулкі па ўтульных вулачках маладзёжнай сталіцы Азербайджана Шамкіра. І падчас знаёмства з аўтэнтычнай народнай азербайджанскай музыкай. Ды што там гаварыць, нават цяпер падчас прагляду фотаздымкаў з азербайджанскай камандзіроўкі абавязкова ўспыхне ў сэрцы яркім полымем вогнішча любові да краіны агню.

Не чужая зямля

Па словах кіраўніка беларускай дэлегацыі начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Наталлі Пшанічнай, правядзенне Дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы — планавае мерапрыемства, якое адбылося ў рамках пагаднення, падпісанага паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

— Дні моладзі Беларусі ў Азербайджане стануць яшчэ адным крокам да развіцця нашых адносін. Мы з радасцю наведаем маладзёжную сталіцу Азербайджана Шамкір. Беларусь таксама ў мінулым годзе ўпершыню выбрала маладзёжную сталіцу. Падчас ужо Дзён моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь мы з задавальненнем пакажам нашым азербайджанскім сябрам Баранавічы. Спадзяюся, наладзім больш цесныя сяброўскія адносіны паміж нашымі маладзёжнымі сталіцамі. Я не першы раз у гэтай краіне і заўсёды пакідаю Азербайджан з сумам, жаданнем яшчэ раз сюды вярнуцца. Тут не адчуваеш сябе чужым, тут надзвычай камфортна, утульна, гэта вельмі гасцінная зямля, — паведаміла Наталля Пшанічная.

Жывая памяць

Кіраўніцтва Азербайджанскай Рэспублікі робіць усё магчымае для таго, каб агонь любові да роднай зямлі гарэў у сэрцах маладых азербайджанцаў як мага больш ярка. Таму і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі (як у Азербайджане, так і ў Беларусі) з’яўляецца прыярытэтным кірункам у сферы маладзёжнай палітыкі. Падрабязна гэтая тэма разглядалася на круглым стале, які прайшоў у шамкірскім Цэнтры Гейдара Аліева. Чырвонай ніткай праз усе выступленні праходзіла гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. І гэта нядзіўна, паколькі сённяшняя моладзь — апошняе пакаленне, якое ўжывую бачыць ветэранаў. Таму і адзначала Беларусь з асаблівым размахам 70-годдзе Вялікай Перамогі. Кожны з нас цудоўна разумее, што для большасці ветэранаў, на жаль, гэта апошні юбілей Перамогі. Трэба спяшацца, трэба як мага часцей сустракацца з імі, запісваць успаміны, жывую праўду вайны.

Менавіта такія сустрэчы з’яўляюцца адной з форм рэалізацыі культурна-гістарычнага праекта “Жывая гісторыя” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Па словах студэнткі ўніверсітэта Яны Мілюк, “Жывая гісторыя” — гэта комплексны і інавацыйны праект, накіраваны на ўкараненне сучасных падыходаў да захавання, апрацоўкі і распаўсюджвання гістарычных ведаў, заснаваных на найноўшых камунікацыйных тэхналогіях; развіццё ўнутранага і ўязнога турызму шляхам правядзення і асвятлення комплексу яркіх масавых мерапрыемстваў, звязаных з дзейнасцю гістарычных асоб Гродзеншчыны; захоўванне і распаўсюджванне сярод моладзі памяці пра Вялікую Айчынную вайну, барацьбу са спробамі фальсіфікацыі гісторыі.

— У рамках праекта праводзіцца шмат мерапрыемстваў, актыўная даследчая і пошукавая работа. Так, студэнтамі сабраны багаты матэрыял пра жанчын-ветэранаў, ураджэнак Гродна, якія цяпер пражываюць у горадзе над Нёманам. Праект з’яўляецца акумулятарам студэнцкіх ініцыятыў нашага ўніверсітэта. Праект інтэрнацыянальны, супрацоўніцтва вядзецца з ветэранскімі і грамадскімі арганізацыямі іншых краін. Спадзяёмся, што да праекта далучыцца і азербайджанскі бок, тым больш што шмат азербайджанцаў удзельнічала ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пахавана на нашай зямлі, — адзначыла Яна Мілюк.

“Давайце ствараць гісторыю разам”, — з такім заклікам звярнулася да ўдзельнікаў круглага стала намеснік старшыні выканаўчай улады Шамкірскага раёна Малейка Алізадэ. Яна згадала сваё наведванне Брэсцкай крэпасці і тое, як уважліва чытала на мемарыяльных плітах імёны азербайджанцаў. “Подзвіг азербайджанцаў у Брэсцкай крэпасці” — менавіта так можа гучаць сумесны беларуска-азербайджанскі праект па ваеннай гісторыі, тэматыку якога падказала сустрэча ў рамках Дзён моладзі Беларусі ў Азербайджане.

Патрыётамі выхоўваюцца

Нягледзячы на агульнасць кірункаў выхаваўчай работы з моладдзю, у нашых краінах за гады незалежнасці склаліся і свае адметнасці.

 Так, у Беларусі, як паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч, з савецкага часу захавалася сістэма пазашкольнага выхавання. Пасля прыняцця Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўстановы пазашкольнага навучання і выхавання сталі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сама назва ўстаноў сведчыць пра тое, што ў цэнтрах рэалізоўваюцца праекты ў сферы маладзёжнай палітыкі. У нашай краіне на сёння больш за 300 рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі і тры рэспубліканскія ўстановы, якія курыруюць развіццё дадатковай адукацыі краіны (Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства). Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства рэалізуе галоўны ідэалагічны складнік выхаваўчай работы з моладдзю. Гэта патрыятычныя, краязнаўчыя, экалагічныя акцыі, экскурсіі па Беларусі.

— Сёння мы гаворым пра тое, што не можам выхаваць патрыёта, які не ведае сваёй краіны. А як вучням ведаць сваю краіну, калі яны не будуць падарожнічаць па ёй, не будуць займацца пошукавай, даследчай дзейнасцю, вывучаць прыгажосць прыроды, — паведаміла Алена Ануфровіч.

У адрозненне ад Беларусі, у Азербайджане крыху іншая сістэма работы з моладдзю. У міністэрстве ёсць асобны аддзел грамадзянска-патрыятычнага выхавання, асобны аддзел займаецца і экалагічнай работай. За апошнія гады падчас летніх канікул наладжана сістэма дзіцячых летнікаў “Азербайджан — наш родны край”, накіраваных на вывучэнне дзецьмі сваёй краіны.

— Калі моладзь сваімі рукамі не памацае каменне старадаўніх крэпасцей, не адчуе подых гісторыі, патрыятычнае выхаванне не прынясе плён. Маладыя азербайджанцы — патрыёты, але іх трэба ідэалагічна ўзброіць. Таму нам цікавы ваш вопыт. Патрыятычным па сваёй тэматыцы з’яўляецца і праект “Мой Азербайджан”. Чацвёрты год мы праводзім фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Жывыя старонкі гісторыі”, дзе ў Гянджы (маладзёжнай сталіцы Еўропы — 2016) аднаўляем вобразы гістарычных персанажаў. А ў мінулым годзе на радзіме Двойчы Героя Савецкага Саюза Азі Асланава ўзнавілі танкавы бой перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Праект “Я — азербайджанец” накіраваны на прапаганду гісторыі, культуры, дасягненняў нашага народа. У рамках спецыяльнага праекта плануем асвятляць баявы шлях азербайджанскага салдата ў гады Першай, Другой сусветных войнаў. Дарэчы, назву “Жывая гісторыя” ў нас носіць праект, таксама звязаны з ветэранамі. На спецыяльным сайце студэнты сабралі і размясцілі інфармацыю больш як пра 400 ветэранаў. На прапаганду ведаў пра Азербайджан на міжнароднай арэне накіраваны конкурс эсэ сярод студэнтаў “Што я ведаю пра Азербайджан?”, у якім удзельнічаюць маладыя людзі з розных краін свету, розных кантынентаў, у геаграфіі ўдзельнікаў няма абмежаванняў, — адзначыў выканаўчы дырэктар Фонду моладзі пры Прэзідэнце Азербайджанскай Рэспублікі Фархад Гаджыеў.

Вольны час з карысцю

Хоць сістэма пазашкольнага выхавання і навучання Азербайджана адметная, тут таксама паспяхова дзейнічаюць цэнтры моладзі. Адзін з іх (Цэнтр інтэлектуальнага развіцця і творчасці моладзі “Зяка”) знаходзіцца ў маладзёжнай сталіцы Азербайджана Шамкіры. Пабудаваны побач з плошчай Сцяга, двухпавярховы будынак цэнтра мае арыгінальны дызайн. Яго агульная плошча складае 3355 квадратных метраў. У фае цэнтра ўстаноўлены бюст Гейдара Аліева, што сведчыць пра павагу азербайджанскага народа да агульнанацыянальнага лідара. У цэнтры створаны фотакуткі, якія адлюстроўваюць паездкі Гейдара Аліева і прэзідэнта Ільхама Аліева ў Шамкірскі раён, іх сустрэчы з прадстаўнікамі моладзі ў розных рэгіёнах краіны. З мэтай стварэння ўмоў для інтэлектуальнага развіцця моладзі, падтрымкі яе творчага патэнцыялу ў будынку цэнтра функцыянуюць кабінеты рознага прызначэння. Цэнтр адыгрывае значную ролю ў павышэнні ведаў і здольнасцей, эфектыўнай арганізацыі вольнага часу шамкірскай моладзі.

Адна з галоўных асаблівасцей цэнтра — вялізны здымачны павільён. Аснашчаны сучасным студыйным абсталяваннем і сістэмай асвятлення, ён з’яўляецца адным з буйных здымачных павільёнаў краіны і прадастаўляе маладым людзям магчымасці для якаснага медыявяшчання, стварэння інтэрнэт-тэлебачання і радыёпраграм, падрыхтоўкі інтэлектуальных перадач новага фармату, а таксама рэалізацыі медыяпраектаў. Дарэчы, менавіта ў гэтым павільёне праходзяць здымкі азербайджанскага аналага добра вядомага нам тэлепраекта “Разумнікі і разумніцы”. Уразіла, канечне, і бібліятэка, якая налічвае некалькі тысяч тамоў. Падчас Дзён моладзі Беларусі ў Азербайджане фонд бібліятэкі папоўніўся беларускім зборнікам школьных музеяў баявой славы, які быў выдадзены Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Менавіта ў Цэнтры інтэлектуальнага развіцця і творчасці моладзі Шамкіра прайшла ўрачыстая цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з Нясвіжскім гарадскім маладзёжным цэнтрам. У цэнтры “Зяка” прайшла яшчэ адна памятная сустрэча, якая запаліла агонь цікавасці і любові да нашай краіны ў сэрцах азербайджанцаў. Каб распаліць незвычайнае вогнішча, спатрэбілася… салома, самая звычайная, з дапамогай якой студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Вераніка Багдановіч і Настасся Ляшчун правялі майстар-клас па саломапляценні, стварэнні саламяных лялек. Сказаць, што азербайджанцы былі ў здзіўленні і захапленні ад убачанага, — гэта амаль нічога не сказаць. “У нас жа гэтага матэрыялу дастаткова, аднак толькі цяпер мы даведаліся, што з саломы можна ствараць такія цудоўныя рэчы”. Дапытлівыя вучні, сярод якіх былі не толькі дзеці, але і дарослыя, уважліва сачылі за рухамі беларускіх дзяўчат і вельмі хутка асвоілі тэхніку, стварылі на памяць пра сустрэчу з беларусамі прыгожыя лялькі.

Азербайджанскае Палессе

У той час, калі азербайджанцы завіхаліся з саломай, беларусы з цікавасцю разглядалі шкляныя стэнды-вітрыны, за якімі знаходзіліся… дываны, тыя самыя, знакамітыя ўсходнія дываны, пра якія расказваецца ва ўсходніх казках і на якіх некалі ляталі джыны. Па словах выкладчыкаў Азербайджанскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, традыцыйныя дываны ствараюць на спецыяльным станку на працягу некалькіх месяцаў. Сімволіка ўзораў складаецца з пэўных набораў і канструкцый. Сістэма пабудовы ўзораў геаметрычная, матэматычна дакладная. Кожная лінія вядзецца ў пэўным кірунку і на пэўную адлегласць.

Для азербайджанскіх дываноў характэрны складаныя геаметрычныя фігуркі жывёл і людзей, разнастайны раслінны арнамент. Тут цесна перапляліся нацыянальныя, турэцкія і персідскія матывы, вылучаюцца бакінскія, гянджынскія, шырванскія, шамахінскія, табрызскія, ардабільскія дываны. Для кожнага рэгіёна Азербайджана характэрны свае традыцыі, арнамент, структура. Напрыклад, у апшэронскім каларыце прысутнічаюць бледныя зямлістыя адценні, бо прырода паўвострава не вельмі багатая на зеляніну, што адлюстроўваецца і на дыванах. Чым далей на захад краіны, тым колеры дываноў становяцца больш яркімі і стракатымі.

Калі прырода самым непасрэдным чынам уплывае на асаблівасці народнага ткацтва, то цалкам верагодна, што колеры традыцыйных дываноў, форма іх узораў, створаных жыхарамі Кура-Араксінскай нізіны, якую наша дэлегацыя перасякала на аўтобусе падчас падарожжа з Баку ў Шамкір, падобны на традыцыйныя ўзоры, характэрныя для посцілак, ручнікоў, ходнікаў беларускага Палесся. Хіба такое магчыма? Ад берагоў Прыпяці да берагоў Куры каля 3000 кіламетраў! Якая тут можа быць сувязь? Вось і я задаўся б такім пытаннем, калі б на свае ўласныя вочы не ўбачыў з акна аўтобуса па дарозе на Шамкір тыповы палескі краявід. Усё тая ж зялёная задуменная роўнядзь з усё тымі ж каналамі, зарослымі трыснягом і шумлівымі вербамі на берагах. Хаця, можа гэтае ткацкае падабенства паміж Азербайджанам і Палессем надуманае? Адным словам, пытанне патрабуе сур’ёзнай прапрацоўкі.

Народная любоў

Нашы краіны аб’ядноўвае не толькі прырода, але і вусная народная творчасць. Хоць мы і не разумеем тэксты азербайджанскіх песень, як і азербайджанцы не разумеюць многія словы нашай песеннай спадчыны, аднак падчас выканання мы адчуваем моцную энергетыку. Як кажуць, словы тут лішнія. Мова сілы голасу, мова танца і мова народных інструментаў зразумелая і без перакладу. Спадзяюся, што фотаздымкі са святочнага канцэрта, прымеркаванага да Дзён моладзі Беларусі ў Азербайджане, дапамогуць вам, паважаныя чытачы, зрабіць гэты пераклад больш дакладным.

Беларускую дэлегацыю ўразіла не толькі народная творчасць нашых сяброў, але і сучасныя тэхналогіі, якімі напоўнены ўсе сферы жыцця Азербайджана. Актыўна сучасныя тэхналогіі выкарыстоўваліся і пры стварэнні шамкірскага Цэнтра Гейдара Аліева. Чатырохпавярховы будынак узведзены па арыгінальным праекце ў стылі мадэрн-рацыяналізм. У фае будынка ўстаноўлены помнік Гейдару Аліеву. На першым паверсе пачынаецца знаёмства з жыццём агульнанацыянальнага лідара Азербайджана. На спецыяльных маніторах на шасці мовах дэманструюцца відэаролікі, якія адлюстроўваюць розныя моманты жыцця і дзейнасці былога кіраўніка дзяржавы, а таксама інфармацыя аб рэалізаваных пад яго кіраўніцтвам буйных праектах.

На другім паверсе цэнтра функцыянуе музей, дзе дэманструюцца экспанаты з асабістага архіва агульнанацыянальнага лідара, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць розныя перыяды яго жыцця і дзейнасці. Тут маецца вялікая актавая зала. У цэнтры дзейнічае мастацкая галерэя, 3D-кіназала, бібліятэка, перакладчыцкі пакой і лекцыйная зала. Наведвальнікі цэнтра могуць таксама карыстацца паслугамі віртуальнага пакоя электроннай бібліятэкі. Шамкірскі Цэнтр Гейдара Аліева з’яўляецца прыкладам глыбокай пашаны народа да памяці агульнанацыянальнага лідара. Тут змешчаны фотаздымкі, кнігі і дакументы, якія адлюстроўваюць умацаванне аўтарытэту Азербайджана на міжнароднай арэне, расказваюць наведвальнікам аб прадухіленні грамадзянскай вайны ў першыя гады незалежнасці Азербайджана, эканамічным пад’ёме дзяржавы.

Цэнтр — гэта не проста будынак, гэта, гаворачы мовай ХІХ стагоддзя, цэлы палацава-паркавы ансамбль. Вакол будынка цэнтра разбіты парк плошчай 14 гектараў. На яго тэрыторыі знаходзяцца 7 сучасных фантанаў, адкрытыя водныя каналы даўжынёй 742 метры, над якімі пабудаваны 10 мастоў-пераходаў тунэльнага тыпу. Тут таксама створана штучнае возера. У парку пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы розных відаў, кветкі, праведзена велізарная работа па азеляненні. Чамусьці падумалася, што ў гэтым парку было б выдатна правесці майстар-клас для беларускіх фларыстаў, абмен вопытам з удзельнікамі рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.

Далма або галубцы

Беларусь і Азербайджан адметныя сваімі традыцыямі, культурнай, гістарычнай спадчынай, прыродай (не ўлічваючы пэўныя ўчасткі Кура-Араксінскай нізіны), аднак многае нас аб’ядноўвае. Гэта шчырасць, гасціннасць, адкрытасць людзей. А яшчэ і азербайджанцы, і беларусы вельмі смачна гатуюць. Нягледзячы на культурныя адрозненні, нашы нацыянальныя кухні ў многім падобныя. Узяць для прыкладу знакамітыя галубцы. Які самы галоўны іх інгрэдыент? Правільна, свініна. Азербайджанцы, канечне, свініну не ядуць, аднак галубцы ў іх таксама ёсць, праўда, асаблівыя, з бараніны, а вось ролю капуснага ліста выконвае вінаградны ліст. Вінаградны ліст і бараніна, а таксама дзясяткі розных прыпраў і інгрэдыентаў, спалучэнне якіх сапраўдная азербайджанская гаспадыня трымае ў сакрэце, ствараюць страву з мілагучнай назвай “далма”.

Беларусам спадабалася азербайджанская нацыянальная кухня — далма, шашлык, сыр, кампот з фейхоа і многія іншыя стравы. Ды хіба можна пералічыць усю гэтую смакату. Шкада, канечне, што не запісаў на дыктафон экзатычныя для беларускага вуха назвы страў. Аднак, думаю, гэта будзе цудоўнай нагодай яшчэ раз вярнуцца на азербайджанскую зямлю ўжо ў якасці гастранамічнага турыста. Усё было смачна, класна, незвычайна. У кожнага з нас была свая любімая страва. Напрыклад, Настасся Ляшчун навучылася правільна есці траву тархун, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўпадабалі кампот з фейхоа, а галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяне Працук больш за ўсё палюбіўся вішнёвы кампот. Яшчэ б! Хто-хто, а глыбачане (жыхары вішнёвай сталіцы Беларусі) ведаюць сапраўдны смак гэтых цёмна-чырвоных ягад.

Гарады кантрастаў

Баку і Шамкір, дзе нам пашчасціла пабываць, — гарады кантрастаў. Калі Баку — гэта сучасны мітуслівы горад, то жыццё ў Шамкіры больш размеранае. У архітэктуры і ладзе жыцця яго жыхароў усходнія традыцыі цесна перапляліся з… нямецкімі. Менавіта жыхары Нямеччыны спланавалі гістарычную частку Шамкіра. Акрамя таго, яны пабудавалі яшчэ дзве навакольныя вёскі. У 1909 годзе ў пераважна мусульманскай краіне была ўзведзена кірха. У 1941 годзе амаль усе шамкірскія немцы пакінулі Азербайджан. Пасля Вялікай Айчыннай вайны да 1954 года ў будынку кірхі знаходзіўся Дом культуры, потым размяшчаўся Дом настаўніка, краязнаўчы музей. У 2013 годзе пасля рамонту будынак быў прызнаны культурнай і гістарычнай спадчынай Шамкіра. Цяпер тут праводзяцца канцэрты арганнай музыкі і мерапрыемствы ў рамках Года мультыкультуралізму ў Азербайджане.

У ціхім і ўтульным Шамкіры, размешчаным ля самага падножжа Каўказа, асабліва прыемна адпачываць летам. Паркі, скверы, халаднаваты ветрык… Наогул, летнія канікулы ў Шамкіры — гэта адзін з лепшых варыянтаў сямейнага адпачынку ў Азербайджане. Як праводзяць летнія канікулы з сям’ёй азербайджанскія навучэнцы? Якімі асаблівасцямі гэтага горада яна ганарацца? Пра гэта чытайце ў наступную суботу ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”. Наша падарожжа па краіне агню працягваецца, полымя любові да азербайджанскай зямлі працягвае гарэць у беларускіх сэрцах.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.