Аб гэтым ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам генеральнага сакратара ААН выканаўчым дырэктарам Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) Мішэлем Сідзібэ.
Кіраўнік дзяржавы выказаў шчырую ўдзячнасць за каласальную дапамогу і падтрымку, якая аказана Беларусі ў галіне аховы здароўя, асабліва ў барацьбе з такой страшнай хваробай, як ВІЧ/СНІД, а таксама за ацэнку, што дадзена краіне ў рабоце па пераадоленні захворвання. “Калі б не было такой вашай падтрымкі ў барацьбе з гэтай хваробай, мы ніколі не дабіліся б гэтых вынікаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. За ўклад у развіццё аховы здароўя Беларусі прэзідэнт уручыў Мішэлю Сідзібэ высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль Францыска Скарыны.
Мішэль Сідзібэ, у сваю чаргу, адзначыў, што высокіх вынікаў у барацьбе з ВІЧ/СНІДам Беларусь дасягнула не толькі пры падтрымцы ЮНЭЙДС, але і дзякуючы лідарскай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі. Выканаўчы дырэктар праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе падзякаваў кіраўніку дзяржавы за такі падыход. Для яго вялікі гонар атрымаць медаль Францыска Скарыны з рук Прэзідэнта Беларусі, лідара краіны, якая ў ліку першых дабілася высокіх вынікаў у прадухіленні перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці. “Беларусь дэманструе, што новае пакаленне можа быць народжана без праблемы СНІДу і ВІЧ”, — адзначыў Мішэль Сідзібэ.
У Беларусі рэалізуецца падпраграма “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Беларусі” на 2016—2020 гады. У гэтым задзейнічаны дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы, мясцовыя ўлады, грамадскія аб’яднанні і міжнародныя арганізацыі (ЮНЭЙДС, ЮНІСЕФ).
Значнымі дасягненнямі Беларусі ў барацьбе з ВІЧ/СНІДам у апошнія гады стала прадастаўленне лячэння ўсім маючым патрэбу пацыентам з ВІЧ, прэвентыўнае лячэнне ўсіх інфіцыраваных жанчын і дзяцей, забеспячэнне ўсіх нованароджаных замяшчальным выкормліваннем. Да 2016 года ўдалося стабілізаваць эпідэміялагічную сітуацыю і дабіцца значнага абмежавання распаўсюджвання ВІЧ: з 2000 года прадухілена больш за 4 тысячы выпадкаў інфіцыравання ВІЧ і 2 тысячы смярцей ад СНІДу. Больш як у 2 разы зніжана захваральнасць на ВІЧ сярод моладзі 15—24 гадоў.