Беларусь разлічвае ў снежні — студзені правесці перагаворы з ЕС наконт уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Бельгіі і Люксембургу па сумяшчальніцтве пастаянны прадстаўнік пры ЕС і НАТА Аляксандр Міхневіч.
Дыпламат адзначыў, што раней па пытанні ўступлення ў СГА адбыліся сустрэчы ў Жэневе, дзе адпаведная праблематыка была абмеркавана ў адкрытым ключы. “Нам назвалі канкрэтныя тэхнічныя недахопы, якія трэба выправіць. Тут няма ніякай палітыкі”, — адзначыў Аляксандр Міхневіч.
Паводле яго слоў, цяпер перагаворны працэс уваходзіць у канкрэтную каляіну. “Інакш кажучы (ЕС. — Заўв. БелТА.), гатовы ў снежні — студзені сесці з намі за стол перагавораў і канкрэтна нам сказаць: гэта нас не задавольвае, вось тут, калі ласка, пасуньцеся або давайце размяняем штосьці на штосьці. Гэта вельмі пазітыўныя сігналы”, — заявіў пасол.
Што датычыцца візіту ў Беларусь дэлегацыі Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, Аляксандр Міхневіч падкрэсліў вялікую важнасць гэтага органа. “У яго ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх краін ЕС, і ён падштурхоўвае кіраўнікоў дзяржаў, міністраў замежных спраў, галіновых міністраў на прыняцце канкрэтных рашэнняў, — сказаў ён. — Яны прыехалі паглядзець атмасферу ў краіне, пачуць з вуснаў кіраўніка дзяржавы, як будуць развівацца адносіны з ЕС, якія мы будуем планы, выказаць сваю заклапочанасць”.
Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС адзначыў, што адчувальным укладам ЕС ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць менавіта ўстараненне абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў да рынку Еўрасаюза, садзейнічанне ў выбудоўванні адносін з МВФ і павышэнні пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, актывізацыя перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА.