Калі знаходзішся ў такім велічным храме, міжволі ўзнікае жаданне падзяліцца сваімі пачуццяміўражаннямі з іншымі людзьмі. Прычым падзяліцца арыгінальна, напрыклад, праз стварэнне макета, які як дзве кроплі быў бы падобны на прататып. Так зрабілі ў Князеўскай сярэдняй школе.
Крамяніцкі касцёл святога Юрыя — помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, пабудаваны ў 1617 годзе. Першапачаткова ўзведзены ў стылі рэнесанс, у пазнейшыя часы набыў элементы класіцызму. У інтэр’еры храма захавалася надмагілле фундатараў і амвон першай паловы XVII стагоддзя.
– Улічваючы, што архітэктурная спадчына Зэльвеншчыны разнастайная і ахоплівае розныя перыяды гісторыі, мы вырашылі больш эфектыўна ўключыць мясцовы матэрыял у адукацыйную прастору — дэталёва азнаёміць школьнікаў з культавымі аб’ектамі праз стварэнне іх макетаў. Спачатку вучні сумесна з настаўнікамі займаліся вывучэннем гістарычных звестак аб храмах, іх архітэктурных адметнасцях, шмат фатаграфавалі падчас экскурсійных паездак і толькі пасля гэтага ўзяліся за стварэнне макетаў. У нашай школе вучацца дзеці розных веравызнанняў, таму было вырашана стварыць па пяць макетаў каталіцкіх і праваслаўных храмаў. Работа доўжылася больш за два месяцы: хацелася, каб макеты былі як мага больш рэалістычнымі. Сёння яны размяшчаюцца ў выставачнай зале нашага гісторыка-краязнаўчага музея, — падзялілася дырэктар Князеўскай сярэдняй школы Наталля Васільеўна Булак.
Першым быў створаны макет касцёла святога Юрыя, што ў вёсцы Крамяніца. Потым — макет зэльвенскага касцёла Божага Цела, сынковіцкай царквы. Такім чынам, 10 макетаў дазваляюць наведвальнікам музея перанесціся ў розныя куточкі Зэльвеншчыны і азнаёміцца з гісторыяй храмаў, правесці на базе музея выхаваўчыя мерапрыемствы ці ўрокі гісторыі, літаратуры, мастацтва. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе адзін з макетаў быў выстаўлены ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна.
Каб наведвальнікі музея не толькі любаваліся макетамі, але і ўбачылі помнікі архітэктуры ў арыгінале, вучні Князеўскай школы распрацавалі турыстычныя маршруты па тэрыторыі Крамяніцкага сельсавета. Першым аб’ектам для наведвання з’яўляецца, канечне, касцёл святога Юрыя. Гэтая духоўная святыня Зэльвеншчыны пабудавана ў пачатку XVII стагоддзя віцебскім кашталянам Мікалаем Вольскім і яго жонкай Барбарай. У касцёле, дарэчы, захавалася скульптурнае надмагілле фундатараў.
Маршрут уключае не толькі помнікі архітэктуры. Цікавым аб’ектам з’яўляецца валун каля вёскі Падбалоцце ва ўрочышчы Каліннікі. Камень быў прынесены сюды ледавіком каля 15 тысяч гадоў назад. Яго вышыня каля 3 м, а вага каля 42 т. На паўночна-ўсходняй ускраіне Князева знаходзіцца парк, заснаваны генерал-лейтэнантам Зуравым у ХІХ стагоддзі. Зараз у парку расце каля 25 відаў дрэў. У ходзе даследаванняў сабраны і багаты гастранамічны матэрыял, які стаў асновай не толькі брашуры “Крамяніцкі вузельчык”, але і серыі паштовак “Гатуем сваё”, даследчых работ, з якімі князеўскія школьнікі ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях.
— Наша ўстанова адукацыі знаходзіцца на шляху да розных культурных і гістарычных аб’ектаў. Аднак, як высветлілася, спыніцца турыстам у нашай мясцовасці і адпачыць практычна няма дзе. Больш за тое, у летні перыяд для школьнікаў працуюць турыстычныя перасовачныя палатачныя летнікі. А вось стацыянарных стаянак, дзе маглі б размясціцца юныя турысты, недастаткова. У нас ёсць выдатнае рашэнне гэтай праблемы. На 4,5 га свабоднай зямлі каля будынка школы мы прапануем размясціць турыстычную стаянку “Экапасяленне”, з неабходнымі для добрага адпачынку збудаваннямі, уключаючы аб’екты інфраструктуры. Побач знаходзіцца магазін і ўрачэбная амбулаторыя. А вось школа прапануе турыстам скарыстацца спартыўнай залай і, канечне, душам. Для дзіцячага адпачынку мы запланавалі абсталяваць экалагічную сцяжыну, дзіцячы гульнявы гарадок з невялікім вяровачным паркам і стварыць кантактны міні-заапарк. Будзе магчымасць арганізаваць начлег у палатках на ахоўнай тэрыторыі, днём паляжаць у гамаку ў цені дрэў. Пры жаданні можна згатаваць ежу на вогнішчы з экалагічна чыстых прадуктаў, якія мы вырошчваем на школьным агародзе. Мы ўжо заклалі фруктовы сад і пладова-ягадны гадавальнік, высадзілі расаду кветак для стварэння прыгажосці вакол турыстычнай стаянкі, а для адпачынку дзяцей распрацавалі квест-гульню “Прыродныя лекі”. Ажыццяўленне праекта патрабуе яшчэ шмат выдаткаў, таму наша школа спадзяецца на дапамогу, — паведамілі вучаніцы.
Упэўнены, задумы князеўскіх настаўнікаў і вучняў будуць рэалізаваны, бо развіццё ўнутранага турызму і папулярызацыя турыстычнага патэнцыялу Беларусі — вельмі патрэбная справа.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.