У снежні НДЦ “Зубраня” па традыцыі прымаў актыўных удзельнікаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Падчас аднайменнай змены на яшчэ нядаўна заснежаных берагах Нарачы адпачывалі фіналісты конкурсу фотаздымкаў “Мая чароўная Беларусь”, аграбіялагічнага конкурсу “Юны натураліст”, конкурсу творчых работ “Праз творчасць — у прафесію жыцця”, літаратурных музеяў (экспазіцый) устаноў адукацыі, даследчых работ “Тапаніміка роднага краю”. Хто яны, юныя краязнаўцы-актывісты? Чым захапляюцца? Як працавалі над сваімі праектамі? Што чакаюць ад надыходзячага Новага года?
На світанку
Цэлы год яны падарожнічалі, даследавалі, фатаграфавалі, занатоўвалі, вывучалі, прадстаўлялі вынікі сваёй краязнаўчай работы на суд журы спачатку раённых, потым абласных і, нарэшце, рэспубліканскіх этапаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Звычайна з гэтымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі мы знаёмімся падчас іх творчай абароны конкурсных праектаў. Журы ацэньвае правільнасць афармлення работы, адпаведнасць яе пэўным крытэрыям і патрабаванням. На другі план адыходзіць унутраны свет юных краязнаўцаў, іх інтарэсы, тыя сотні гадзін вольнага ад вучобы часу, якія дзеці прысвяцілі вывучэнню малой радзімы. Тое, што было на другім плане, паставім на першы і пазнаёмімся з пераможцамі конкурсаў больш падрабязна.
Летняя раніца. Сонца толькі-толькі ўзыходзіць над возерам. Першыя промні прабіваюць густую сцяну туману і асвятляюць некалькі сябровак бярозак, якія схіліліся над вадой. Даволі рамантычная карціна. Асабліва рамантычна яна выглядае ў гэтыя пахмурныя не па-зімоваму бясснежныя дні. Так бы любаваўся разам з гэтымі бярозкамі ўсходам сонцам над возерам. Гэта, дарэчы, і рабілі супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці члены журы конкурсу фотаздымкаў “Мая чароўная Беларусь”. Нездарма работа “Добрай раніцы, Беларусь!” навучэнца Больцішскай базавай школы Воранаўскага раёна Максіма Каневіча заняла 1-е месца ў намінацыі “Беларусь сінявокая”.
Як паведаміла кіраўнік фотапраекта настаўніца пачатковых класаў Валянціна Вітольдаўна Каневіч, хлопчык займаецца фатаграфіяй на аматарскім узроўні даўно. Здымаць для сям’і і сяброў — гэта адно, а паспрабаваць свае сілы на больш высокім узроўні, прадставіць свае работы на суд журы — зусім іншая справа. Паспрабавалі паўдзельнічаць у конкурсе, адаслалі серыю работ. Работы прайшлі раённы, абласны, трапілі на фінальны этап конкурсу. “Мы і не спадзяваліся на такі поспех”, — падзялілася мама Максіма. Аднак дыплом І ступені Міністэрства адукацыі сведчыць пра тое, што сумненні былі дарэмнымі. Талент годна ацэнены. Калі талент годна ацэньваюць, то талент працягвае развівацца. Невядома, ці стане Максім прафесійным фатографам, аднак тое, што дзякуючы фотаапарату ён навучыўся заўважаць прыгажосць роднай зямлі і дзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі людзьмі, — вядома дакладна, і гэта цудоўна.
Парк Юрскага перыяду
Яна Купчанка з Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна таксама любіць родную прыроду, таму ўдзел дзяўчыны ў аграбіялагічным конкурсе “Юны натураліст” не стаў выпадковым, як не стала выпадковым і 1-е месца на “рэспубліцы” ў намінацыі “Птушыныя гісторыі”. На працягу гэтага года (калі гаварыць больш дакладна, то на працягу і мінулага года) Яна вывучала біялагічныя асаблівасці жыццядзейнасці шэрай чаплі і падрыхтавала работу “Санітары вадаёмаў”.
“Ваколіцы аграгарадка Дабрынь, дзе я жыву, надзвычай маляўнічыя, багатыя сваёй флорай і фаўнай. Кожнай вясной у канцы сакавіка — пачатку красавіка да нас прылятаюць гэтыя цікавыя птушкі — шэрыя чаплі. Яны аблюбавалі ўчастак лесу, недалёка ад маляўнічага возера Лінова. Ужываючы ў ежу хворую і аслабленую здабычу, чаплі выконваюць ролю санітараў вадаёмаў. Па падліках мінулага года, калонія шэрай чаплі складалася з 20 гнёздаў, а ў гэтым годзе іх колькасць павялічылася да 25. Калі ў 2016 годзе з 20 гнёздаў былі прадукцыйнымі 18 (за летні перыяд у іх вывелася і падрасло 36 птушанят), то сёлета з 25 гнёздаў прадукцыйнымі былі 24. За лета ў іх вывеліся і падраслі 56 птушанят. Маніторынг паказаў, што колькасць іх у калоніі павялічылася ў 2017 годзе на 32 асобіны”, — падзялілася Яна.
За гэтымі сухімі лічбамі статыстыкі прыхавалася цікавая праца. Ды што там цікавая, проста захапляльная! Вы бачылі калонію шэрых чапляў? Думаеце гэтыя птушкі, нібыта гусі, жывуць на азёрах? Не. Жывуць яны на дрэвах. На дрэвах робяць свае гнёзды, на дрэвах гадуюць птушанят. Калі стаіш пад гэтымі дрэвамі, то здаецца, што трапіў у парк Юрскага перыяду, а шэрыя чаплі — гэта зусім не птушкі, а сапраўдныя птэрадактылі. Кіраўнік праекта настаўніца хіміі і біялогіі Вольга Мікалаеўна Панцэвіч настолькі захапляльна расказвала, як яны разам з Янай здзяйснялі гэтае фантастычнае падарожжа, што сумненняў не засталося: у наступным годзе трэба абавязкова прыехаць у госці да шэрых чапляў.
Дай лапу
Яне падабаецца прырода, біялогія. Сваё дарослае жыццё дзяўчына плануе звязаць з медыцынай. А вось Марыя Качановіч з Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі хоча стаць кінолагам. “Гэтая пакуль што рэдкая для Беларусі прафесія нічога агульнага з кіно не мае. Кінолаг — гэта спецыяліст, які займаецца гадоўляй і дрэсіроўкай сабак. Цікавасць да такой прафесіі можа з’явіцца толькі ў чалавека, які любіць сабак, умее наладжваць з імі зносіны, ведае асаблівасці развіцця і догляду гэтых жывёл. Сабакі ў нашым жыцці карыстаюцца вялікай папулярнасцю, іх заводзяць і ў якасці сябра, і ў якасці ахоўніка, але самастойна выхаваць гадаванца вельмі цяжка. Вось тут і павінен прыйсці на дапамогу кінолаг”, — лічыць Марыя.
Пераможца конкурсу работ “Праз творчасць — у прафесію жыцця” якраз і з’яўляецца тым чалавекам, які любіць сабак, умее наладзіць з імі зносіны, ведае асаблівасці іх развіцця і догляду. Больш за тое, Марыя нават разумее сабачую мову. Гэта зусім не складана. Зразумець, што хоча сказаць сваім брэхам твой любімчык, вельмі проста. Трэба паглядзець сабаку ў вочы. У каго ёсць чатырохлапы сябра, ведае, пра што ідзе гаворка. Марыя як навучэнка Школы юнага кінолага і патэнцыяльны абітурыент цікавілася магчымасцямі атрымаць прафесію кінолага. Аднак дзяўчыне давялося сутыкнуцца з праблемай. Устаноў, дзе б рыхтавалі такіх спецыялістаў, у Гомельскай вобласці пакуль няма. Марыя вырашыла паглыбіцца ў гэтае пытанне і знайсці спосаб атрымання любімай прафесіі.
“У апошні час з’явілася шмат розных прафесій, звязаных з сабакамі. Гэта абумоўлена тым, што нашы любімчыкі маюць патрэбу ва ўсё большым доглядзе і ўвазе. Раней патрэбен быў толькі дрэсіроўшчык сабак, які дапамагаў адпрацоўваць у сабаку паслухмянасць і іншыя патрэбныя для чалавека якасці, або ветэрынар, які клапаціўся пра здароўе сабакі. А цяпер попыт на спецыялістаў, якія абслугоўваюць сабак, пастаянна расце”, — паведаміла кіраўнік конкурснай работы педагог дадатковай адукацыі Юлія Вячаславаўна Анісавец-Маеўская, якая дапамагала Марыі знаёміцца са светам прафесій.
Лёгкага пяра!
З усіх конкурсаў, якія на працягу ўжо 11 гадоў праводзяцца ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, самымі шматлікімі з’яўляюцца конкурсы музеяў. У гэтым годзе прайшло спаборніцтва сярод літаратурных музеяў (экспазіцый) устаноў адукацыі. Пераможцам у намінацыі “Літаратурная экспазіцыя” стаў гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна. У скарбонцы музея сёлетні дыплом І ступені Міністэрства адукацыі не першы. Двойчы музей удзельнічаў у падобных конкурсах і двойчы адзначаўся дыпломамі на рэспубліканскім узроўні.
“Удзел у конкурсе стаў своеасаблівым падагульненнем нашай працы над экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці Ніны Мацяш, якая пачалася тры гады назад. За гэты час распрацавалі канцэпцыю літаратурнай экспазіцыі, сабралі шмат эксклюзіўных экспанатаў, вывучылі асобныя аспекты творчасці Ніны Іосіфаўны. Напрыклад, вывучаючы паэтычную спадчыну нашай славутай зямлячкі, заўважылі, што яе паэзія надзвычай афарыстычная. Вынікі сваіх назіранняў прадставілі на конкурс даследчых работ. Вучні сур’ёзна, удумліва падышлі да даследавання, і як вынік — дыплом першай ступені на заключным этапе конкурсу. Работу па вывучэнні паэзіі Ніны Мацяш не спынілі. Цяпер вядзём даследаванне па вызначэнні ролі і значэння вершаў-прысвячэнняў у творчасці паэтэсы”, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Васільеўна Скарына.
На гэтым работа юных экскурсаводаў пад кіраўніцтвам педагога не спыняецца. Вучаніцы 10 класа Эліна Падшыблава, Марыя Васілеўская, Ганна Акавітая, якіх вы бачыце на здымку, з мэтай папулярызацыі музея і экспазіцыйнай залы Ніны Мацяш працягваюць працу над сайтам, дзе кожны наведвальнік можа пазнаёміцца з жыццёвым шляхам паэтэсы, пачуць яе голас, пачытаць вершы, паслухаць песні на словы зямлячкі, паглядзець здымкі карцін, створаных у прыдуманай Нінай Іосіфаўнай унікальнай тэхніцы пёркаграфіі.
Гісторыі з працягам
Краязнаўчых гісторый чатыры, а конкурсаў пяць. Не пазнаёміліся мы толькі з даследчыкамі “Тапанімікі роднага краю”. І гэта невыпадкова, бо конкурс падобнай тэматыкі праводзіўся ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпершыню. Пра яго варта паведаміць асобна, больш падрабязна. Працяг краязнаўчых гісторый будзе ў наступным годзе, у студзеньскім дадатку “Шосты дзень”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва канкурсантаў.