Крэдыт даверу пацвярджаецца практыкай

- 9:24Выбар прафесіі

Дзве трэці аршанскіх дзяцей атрымліваюць інфармацыю аб прафесіях менавіта ў школе

Інавацыйнае пераўтварэнне эканомікі, развіццё новых вытворчых галін, прафесій і спецыяльнасцей патрабуе новых падыходаў да прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Пра асаблівасці яе арганізацыі на прыкладзе асобнага рэгіёна расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй ЗАГУРСКІ.

— Задачай сучаснай установы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца не проста вывучэнне і задавальненне адукацыйных патрэб навучэнцаў…
— Але і мэтавае фарміраванне азначаных патрэб згодна з асабістымі якасцямі будучых абітурыентаў, запытамі рынку працы і, такім чынам, актыўнае садзейнічанне ў правільным выбары прафесіі. Неабходна дакладна ведаць, якія прафесіі і спецыяльнасці запатрабаваны ў рэгіёне і краіне на цяперашні час, а якія будуць карыстацца попытам у перспектыве, каб своечасова прыцягнуць да іх увагу абітурыентаў, выклікаць у іх зацікаўленасць, абудзіць жаданне рэалізаваць сябе ў пэўнай прафесіі.
На прафесійнае самавызначэнне школьніка ўплываюць многія фактары — ад сям’і, сацыяльнага асяроддзя да сродкаў масавай інфармацыі. Імкліва развіваецца інтэрнэт, дзе пастаянна абнаўляюцца звесткі пра ўстановы прафесійнай адукацыі, спецыяльнасці і работадаўцаў. У навучэнца, які задумваецца аб уласнай прафесійнай будучыні, ёсць усе рэсурсы для самастойнага пошуку інфармацыі, але часта няма галоўнага — умення шукаць і дакладнага разумення, што ж яму трэба знайсці. Таму я перакананы, што менавіта школа павінна даць першаснае выразнае ўяўленне пра свет прафесій, спосабы і ўмовы ажыццяўлення прафесійнага выбару.
У сувязі з гэтым прывяду красамоўную, на мой погляд, статыстыку: падчас праведзенага ў мінулым навучальным годзе сярод выпускнікоў школ і гімназій нашага раёна анкетавання 67% удзельнікаў адказалі, што найбольш поўную інфармацыю аб спецыяльнасцях і ўстановах прафесійнай адукацыі яны атрымалі ў школе; 28% аддалі перавагу інфармацыі з інтэрнэту і толькі 5% — з іншых крыніц.

— Як школе ўдаецца атрымаць такі крэдыт даверу?
— Пачнём з самага істотнага: спраектаваць статычную мадэль арганізацыйна-педагагічнага суправаджэння самавызначэння асобы немагчыма. Хаця б таму, што ў аснове такой мадэлі — пастаяннае развіццё. Разавыя мерапрыемствы вялікага эфекту не дадуць. Умова яго дасягнення — мэтанакіраваная сістэмная работа ўсіх зацікаўленых бакоў: устаноў адукацыі на ўсіх узроўнях, органаў улады, грамадскасці, работадаўцаў — іншымі словамі, арганізацыя ў школе спрыяльнага практыка-арыентаванага і прафесійна арыентаванага асяроддзя.
Не стану падрабязна спыняцца на такіх знаёмых усім формах работы, як прафесійная інфармацыя, агітацыя, дыягностыка, кансультаванне, у тым ліку пазакласная работа, работа з бацькамі, экскурсіі на прадпрыемствы, — яны ў нас з’яўляюцца традыцыйнымі, думаю, як і ў многіх іншых раёнах. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Аршаншчыны арганізавана правядзенне факультатыўных заняткаў “Мая прафесійная будучыня”. Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з 28 установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай, а таксама Магілёўскай, Мінскай абласцей і Мінска.

— Зараз існуе шэраг псіхадыягнастычных методык, якія дапамагаюць вызначыць схільнасць чалавека да таго ці іншага віду дзейнасці. Ці прымяняюцца яны ў рабоце з будучымі абітурыентамі?
— На базе раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, створанага ў Оршы пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій, штогод праводзіцца прафарыентацыйнае тэсціраванне для старшакласнікаў. Яно ажыццяўляецца з дапамогай пакета псіхадыягнастычных методык “Профіль 2.0”, распрацаваных Рэспубліканскім цэнтрам прафарыентацыі моладзі. Толькі за мінулы навучальны год рэкамендацыі па аптымальным выбары будучай прафесіі атрымала амаль 1,5 тысячы чалавек.

— Традыцыйным стаў штогадовы ўдзел устаноў адукацыі ў эканамічным форуме і міжрэгіянальнай універсальнай выставе-кірмашы “Аршанскія традыцыі”. Наколькі гэта дзейсны інструмент праф-арыентацыйнай работы?
— Мы імкнёмся найбольш поўна забяспечыць навучэнцаў разнастайнай дакладнай інфармацыяй аб сучасных прафесіях, установах прафесійнай адукацыі і арганізацыях, якія прапануюць працоўныя месцы, рынку працы і планаванні траекторыі будучай кар’еры. Пагадзіцеся, найбольш дакладная і пераканаўчая інфармацыя тая, якая паступае з першых вуснаў.
У рамках універсальнай выставы-кірмашу “Аршанскія традыцыі” праходзіць кірмаш вакансій. Безумоўны прыярытэт па прафесійнай агітацыі тут маюць установы прафесійнай адукацыі Аршанскага раёна; запрашаюцца прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і сельскагаспадарчай, і прамысловай, і аграпрамысловай накіраванасці з іншых рэгіёнаў. Сёлета ў кірмашы вакансій прынялі ўдзел 92% навучэнцаў 8—11 класаў, прычым не толькі гарадскіх, але і сельскіх устаноў адукацыі. Эфект відавочны: напрыклад, рабочыя прафесіі сельскагаспадарчага профілю ў раёне выбраў 281 выпускнік 9-х і 78 выпускнікоў 11-х класаў.

— Як на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца канцэпцыя практыка-арыентаванага навучання?
— У школьнікаў ёсць магчымасць пазнаваць асаблівасці той ці іншай прафесіі на практыцы, што дапамагае ім зрабіць больш свядомы прафесійны выбар. Мы ведаем з вопыту: калі маладым людзям адначасова прадастаўлена магчымасць як паказаць свае здольнасці, так і прымераць на сябе пэўныя прафесіі, то іх зацікаўленасць істотна павышаецца. Яскравы прыклад — работа ў рамках праекта “Дарогі, якія мы выбіраем”. Наш горад ведаюць як буйны чыгуначны вузел рэспубліканскага значэння, “усходнія вароты” Беларусі. А ў сярэдняй школе № 12 Оршы, якая знаходзіцца непадалёк чыгуначнага вакзала, дзейнічае атрад юных чыгуначнікаў (ён аб’ядноўвае больш за 20 васьмікласнікаў). Члены атрада знаёмяцца з гісторыяй чыгункі, правіламі паводзін на ёй, атрымліваюць практычныя навыкі прафесій, звязаных з чыгункай. Дарэчы, з Аршаншчыны ва ўстановы прафесійнай адукацыі па гэтым напрамку штогод паступае больш за 100 чалавек.
З 2003 года гімназія № 1 актыўна супрацоўнічае з Камандна-інжынерным інстытутам МНС Рэспублікі Беларусь. Многія навучэнцы класаў МНС пасля заканчэння гімназіі падаюць дакументы ва ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых ведамстваў. Варта адзначыць, што двое з іх працуюць ужо выкладчыкамі Камандна-інжынернага інстытута МНС, прычым адзін — чэмпіён свету па пажарным спорце.
У сярэдняй школе № 20 з 2013 года адкрыты спартыўны клас. Яго навучэнцы з’яўляюцца пастаяннымі прызёрамі абласных і рэспубліканскіх футбольных спаборніцтваў.
Як і практычна па ўсёй краіне, у нашым раёне перыядычна ўзнікае праблема недахопу медыцынскіх кадраў — урачоў і сярэдняга медперсаналу. Шляхі яе вырашэння шукаем разам з установамі аховы здароўя. У мінулым годзе новую перспектыўную форму ўзаемадзеяння прапанаваў Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж: навучэнцаў выпускных класаў, якія праяўляюць цікавасць да даследчай дзейнасці і звязваюць сваю будучыню з медыцынай, запрасілі да ўдзелу ў канферэнцыі “Медыцына: прафесія або прызванне?”. Больш за 150 выпускнікоў прынялі гэтае запрашэнне. Для многіх юнакоў і дзяўчат гэтая канферэнцыя стала вырашальнай падзеяй у плане прафесійнага выбару.
У новым навучальным годзе на базе сярэдняй школы № 16 арганізаваны профільны хіміка-біялагічны (з медыцынскай накіраванасцю) клас.

— У раёне даўно вырашана характэрная для многіх рэгіёнаў праблема недахопу настаўнікаў замежнай мовы. Няма на Аршаншчыне праблемы і з замацаваннем маладых спецыялістаў. Што дапамагае вырашаць пытанні кадравага забеспячэння?
— Сапраўды, у апошнія гады мы маем стабільны паказчык замацавання маладых спецыялістаў —
82—87%. Пры гэтым штогод на педагагічныя спецыяльнасці паступае на базе 9 класаў не менш за 90 чалавек, на базе 11 класаў — не менш за 80. Безумоўна, за кожным такім паказчыкам — карпатлівая сумесная работа педагогаў, кіраўніцтва школ і гімназій, органаў кіравання адукацыяй, райвыканкама, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый.
Вывучэнню моў удзяляецца асаблівая ўвага, што ў сваю чаргу садзейнічае далейшаму выбару навучэнцамі прафесій лінгвістычнай накіраванасці. У рамках міжнароднага праекта “Школы — партнёры будучыні” сярэдняя школа № 20 Оршы супрацоўнічае з Інстытутам Гётэ ў Мінску. Навучэнцы і педагогі неаднойчы выязджалі на стажыроўкі ў Германію. Заключаны дагавор з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ аб стварэнні цэнтра вывучэння кітайскай мовы і культуры. У мінулым навучальным годзе ў якасці другой мовы 60 навучэнцаў школ раёна вывучалі кітайскую. Плануецца, што сёлета іх будзе значна больш.
На працягу многіх гадоў мы маем стабільныя паказчыкі: прыкладна палова 9-класнікаў выбіраюць установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 65—68% выпускнікоў 11-х класаў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пры гэтым прыярытэтным напрамкам застаецца педагагічная прафарыентацыя. У рамках узаемадзеяння аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава зацверджаны сумесны план мерапрыемстваў па праф-арыентацыйнай рабоце. Ва ўсіх школах праходзяць дні самакіравання, дзе навучэнцам прадастаўляецца магчымасць пабыць у ролі настаўніка. У выхаваўчай рабоце шырока выкарыстоўваецца прыём “роўны вучыць роўнага”. У гэтым навучальным годзе на базе сярэдняй школы № 21 Оршы, а таксама гімназіі Барані адкрыты класы педагагічнай накіраванасці.
Для стабільнага развіцця грамадства ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі павінны аказваць навучэнцам шырокую падтрымку ў нялёгкай справе выбару прафесіі. Важна, каб на выхадзе са школы мы атрымалі патрэбны вынік, і тут нам усім неабходна шмат працаваць.

Таццяна БОНДАРАВА.