Крэпасць духоўнасці

- 21:25Родная земля

Першае падарожжа здзейснім у Зэльвенскі раён. Па колькасці помнікаў архітэктуры гэта адзін з лідараў не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне. Тут што ні вёска, то капліца або храм, прычым храм, якому не менш за сотню гадоў.

Сынковіцкая Свята-Міхайлаўская царква — самы старажытны ў Беларусі храм абарончага тыпу з больш чым 700-гадовай гісторыяй. Сваімі магутнымі сценамі і вежамі ён падобны на сярэдневяковую крэпасць. У архітэктуры храма спалучыліся рысы старажытнарускага і гатычнага дойлідства.

 

Самы вядомы, самы старажытны, самы ўнікальны — сынковіцкая Свята-Міхайлаўская царква. Больш за 700 гадоў яе магутныя сцены ўзвышаюцца над мясцовымі ўзгоркамі. Першапачаткова гэта была гатычная крэпасць, якую, па некаторых звестках, заснавалі прусы — перасяленцы з тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці. Потым да крэпасці была прыбудавана алтарная частка, і ў 1407 годзе будынак асвечаны як праваслаўны храм. З тых часоў ён захаваўся практычна ў першасным выглядзе. Адзін толькі гэты факт натхняе мясцовых настаўнікаў на вывучэнне ўнікальнага помніка архітэктуры.

Т.В.Рукіна.

У храма багатая, таямнічая гісторыя. І першая таямніца тычыцца году яго заснавання, — расказвае настаўніца працоўнага навучання Елкаўскай сярэдняй школы Таццяна Васільеўна Рукіна. — У навуковых артыкулах можна сустрэць розную дату: і XV, і XVI стагоддзе, аднак настаяцель храма айцец Арсеній на аснове архіўных матэрыялаў, мясцовых легенд, але перш за ўсё знакаў, якія пакінулі на знешняй сцяне храма будаўнікі, устанавіў, што крэ­пасць заснавана ў 1302 годзе. Сёлета, дарэчы, святкавалася яе 720-годдзе і 615-годдзе асвячэння ў праваслаўны храм. Згодна з гістарычнымі дакументамі, крэпасць перабудаваў у храм Вітаўт, які хаваўся ў ёй ад Ягайлы. Тое, што будынак стаяў тут ужо ў XIV стагоддзі, сведчыць і знойдзены нядаўна пры рэстаўрацыі храма надпіс на лацінскай мове: “Альгерд славіцца дома і ў вайне. Моцна дзейнічае ён мячом, заручаны сяброўствам, розумам, багаццем. Год 1352”. Гэтая дата якраз супадае з гадамі жыцця вялікага князя.

Пра ўзвядзенне крэпасці прусамі гаворыцца ў запісках Яўстафія Міхайлоўскага, святара, які служыў тут у канцы ХІХ стагоддзя. Паселішча было абнесена крапасной сцяной і знаходзілася паміж дзвюма невялікімі рачулкамі, якія сыходзіліся ў адно рэчышча, утвараючы мыс. Таццяна Васільеўна добра памятае гэтае месца з дзяцінства. Там быў мост з кладкай і арачным праёмам, як калісьці ў мастах каля сярэдневяковых замкаў. Рачулкі ўтваралі запруду, дзе мясцовыя дзеці любілі купацца. Каля аднаго берага заўсёды раслі белыя лілеі, а каля другога — жоўтыя.

Калі храм вярнулі вернікам, у ім усё было настолькі бедна, што нават іконамі на сценах служылі выразаныя рэпрадукцыі з часопісаў. Такі выгляд першапачаткова мела і галоўная святыня храма — цудадзейная ікона “Усецарыца”. Па словах Таццяны Васільеўны, аднойчы ў храм завітала мінчанка, якая ехала да паміраючай матулі. Яна ўбачыла па дарозе храм, вырашыла зайсці ў яго, памаліцца, каб застаць матулю жывой. Калі прыехала дадому, маці была без прытомнасці. Жанчына пачала дакараць сябе, што мала ­ўдзяляла матулі ўвагі, далёка жы­ла, абдзяляла яе добрым словам. Расчуліўшыся, яна страціла прытомнасць, а калі ачуняла, то матуля была на нагах. Потым гэтая жанчына яшчэ некалькі разоў прыязджала да Усецарыцы атрымаць міласць, бо яе дачка захварэла на анкалогію. Зноў атрымаўшы вылячэнне, сям’я гэтай жанчыны вырашыла зака­заць мастакам ікону. Яе муж павёз абраз на Афон, наведаў з ім усе манастыры, а потым даставіў у Сынковічы. Сёння на іконе можна ўбачыць шмат дароў, што прыносяць лю­дзі, калі атрымліва­юць міласць ад Усецарыцы. Гэта іх падзяка за вылячэнне ад цяжкай хваробы.

С.І.Літвінчык.

— Пасля прыходу айца Арсенія была праведзена рэстаўрацыя будынка, нала­джана супрацоўніцтва са школай, вядзецца актыўнае прыходскае жыццё. Дарэчы, у той год, калі да нас прыйшоў новы настаяцель, у сцяне храма пасяліўся пчаліны рой. Кожную вясну мы чакаем, выле­ціць рой ці не. Дзякуй богу, вылятае. Яшчэ ў нас тут жыве сям’я буслоў. Кожны год над храмам лунаюць гэтыя птушкі. Недалёка расце дуб. Калі буслы вяртаюцца з выраю, то абавязкова садзяцца на дрэва. Аднойчы мы налічылі 58 буслоў. Яшчэ побач ёсць возера, якое ўпадабалі лебедзі. Калі ляцяць да яго, то заўсёды ро­бяць кола над храмам. У нашым жыцці цуды бываюць тады, калі мы верым у іх і ўмеем заўважаць. А моц­ная вера прыхо­дзіць, калі разу­меем, што мы дзеці божыя. Мне як настаўніцы важна самой верыць, каб данесці штосьці да дзяцей, — падзялілася настаўніца-экскурсавод.

Храм стаў неад’емнай часткай жыцця і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Іванаўны Літвінчык. Яна прыгадвае, што калі прыехала сюды працаваць па размеркаванні ў 1985 годзе, то храм быў у запусценні. 

— Памятаю, я была класным кіраўніком, і нас папрасілі восенню прыбраць каля храма лістоту. Мы ішлі пешшу, бачылі абрысы храма здалёк, а калі падышлі бліжэй, я была ўражана яго велічнасцю. Але тады ўзнікла пачуццё, што ён асірацелы. Сёння ў царкве на святы заўсёды поўна людзей. Храм значыць для мяне вельмі многае. Гэта неад’емная частка майго жыцця. Я, напрыклад, спяваю ў царкоўным хоры. А некалькі гадоў назад айцец Арсеній прапанаваў напісаць кнігу пра храм, паказаць у ёй жыццё прыхаджан у розныя гістарычныя эпохі. Пачала з таго, што сустрэлася з найбольш сталымі мясцовымі жыхарамі. Дзесьці сама запісвала ўспаміны, часам мне іх дасылалі.

Пра наш храм напісана многа кніг, існуе шмат публікацый і навуковых прац. Усе яны цікавыя і ўнікальныя. Але не менш унікальнай з’яўляецца і наша работа. У ёй сабраны ўспаміны тых людзей, жыццё якіх непасрэдна звязана з Сынковічамі, якія памятаюць царкву ў розныя часы. Акрамя ўспамінаў, айцец Арсеній прапанаваў уключыць у кнігу вершы пра храм. Выбрала свае, а таксама зэльвенскіх, слонімскіх паэтаў. Гэтыя вершы я перыядычна зачытваю на сваіх уроках. Асабліва падабаюцца вось гэтыя радкі: “Сынковічы. Вернасць і вера. // Гісторыя і пакаленні. // Як толькі адкрыю я дзверы — // Так хочацца стаць на калені”, — расказала Святлана Іванаўна.

Такой царквы, як наша, няма ў Беларусі. Канечне, ёсць больш старажытныя храмы. Але наш не разбураўся, захаваўся з даўніх часоў такім, які ёсць. Гэта царква-крэпасць. У першую чаргу крэпасць духу, крэпасць нашай веры. Яе ўзрост, унікальны лёс натхняюць на тое, каб рабіць яе яшчэ больш цудоўнай, перадаваць яе гісторыю дзецям.

                                       Айцец Арсеній, настаяцель сынковіцкага Свята-Міхайлаўскага храма.

Настаўнікі не толькі даследуюць гісторыю храма, прысвячаюць яму вершы. З праваслаўным прыходам у Елкаўскай сярэдняй школы наладжана цеснае супрацоўніцтва ў плане грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання вучняў. Па словах дырэктара школы Анатоля Вацлававіча Лебедзя, гэтае супрацоўніцтва стала актыўным, калі настаяцелем храма стаў айцец Арсеній. Менавіта ён з’яўляецца натхняльнікам многіх сумесных спраў. Напрыклад, у наступным годзе на Дзень Перамогі плануецца пасадзіць кедравую алею каля крыніцы ў гонар сяброўства царквы і школы. Колькасць дрэў бу­дзе раўняцца колькасці вёсак на тэрыторыі Зэльвенскага раёна, якія найбольш пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Кедр быў выбраны невыпадкова. Ён расце некалькі соцень гадоў. Гэта сімвал даўгавечнасці.

Дапамагаем храму з доб­раўпарадкаваннем. Восенню зграбаем лісце, вясной садзім кветкі, працуем каля крыніцы. Сёння ў храме служаць чатыры святары. Напрыклад, айцец Віталій кожны чацвер на вялікім перапынку праводзіць са старшакласнікамі размовы пра духоў­насць, выхаванне. Таксама запрашаем святароў на сустрэчы праекта “ШАГ”. Добрай традыцыяй стала арганізоўваць сумесныя экскурсійныя паездкі па Беларусі. А да пачатку новага навучальнага года прыходскі савет дапамагае нам са зборам партфеляў для вучняў з малазабяспечаных сем’яў, — паведаміў Анатоль Вацлававіч.

“Той, хто хоць раз пабываў у сынковіцкай царкве, ніколі не забудзе ўрачыстасці, узнёсласці і адначасова душэўнага спакою, якія прысутнічаюць у храме. Старажытныя велічныя сцены здзіў­ляюць сваёй вышынёй, цудоўная акустыка — гучаннем кожнага слова. Храм-волат, храм-крэпасць, храм-гісторыя…” З гэтымі словамі Святланы Іванаўны Літвінчык пагодзіцца кожны, хто наведае самы вядомы, самы старажытны, самы ўнікальны храм Зэльвеншчыны.

Бяроза каля Елкі

Пад’язджаючы да Сынковіч або суседняй Елкі, нельга не заўважыць велічную бярозу. Як паведаміў Анатоль Вацлававіч Лебедзь, гэтае дрэва было пасаджана каля старой школы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны мясцовае насельніцтва пачало павялічвацца, таму быў узведзены новы, больш прасторны будынак, а стары паступова прыйшоў у заняпад, а потым наогул быў знесены. Засталася толькі бяроза. Дрэва не чапалі, наадварот, паставілі вакол агароджу, каб яшчэ многія дзесяцігоддзі беластволая прыгажуня шапацела сваім лісцем, нібыта расказваючы гісторыю гэтых мясцін.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.