Крок улева, крок управа — рэкамендуецца

- 9:58Псіхалогія +

Дыялог з чытачом

Падзеі-выклікі — падзеі, якія ствараюць неабходнасць дзейнічаць нестандартна, шукаць новыя падыходы і нават новага сябе ва ўмовах, якія змяніліся, ужо адбываліся і яшчэ бу­дуць адбывацца. Галоўнае ўсё ж тое, што мы зараз знаходзімся ў гэтым пункце, у тым воблаку, у тым флёры неабходнасці, калі трэба шукаць новыя шляхі і дзейнічаць па-новаму. Менавіта зараз акалічнасці-выклікі падахвочваюць да гэтага. Мы будзем ці нам прыйдзецца знаходзіць, пераадольваць, скарацца, настойваць. Магчыма, часам прайграваць, пачынаць зноў, спрабаваць. Потым мяняць тактыку, адкрываць новае, ісці па шляху найменшага ці страшэннага супраціўлення, шу­каць аргументы для сябе і іншых, знахо­дзіць шляхі і сродкі дасягнення мэты і, у рэшце рэшт, перамагаць.

Важна рухацца, быць у дарозе, шукаць і не здавацца, верачы ў сябе, у іншых, у поспех справы. Адной з патрэб цяперашняга часу з’яўляецца навучанне з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якое бу­дзе выкарыстоўвацца для часткі вучняў. Але мы сёння пагаворым не пра тэхнічныя падыходы і прыярытэты, а пра псіхалагічныя.

Першае, што нам трэба ўлічыць і дапусціць, каб не засмучацца і не апускаць рукі, — гэта тое, што ўсё адразу ідэальна не можа атрымацца. Гэта значыць, зніжаем планку чаканняў. Настройваемся на паступовы працэс наладкі, удасканалення, аблягчэння навучання на дыстанцыі. Фарміруем гатоўнасць удзель­нікаў ісці крок за крокам да гармоніі ў новым стылі, новай форме, новых умовах навучання. Усім удзельнікам адукацыйнага працэсу трэба быць гатовымі да таго, што набыццё псіхалагічнай, фізічнай, тэхнічнай гатоўнасці — гэта шлях, які патрабуе часу. Аднойчы Марк Твэн сказаў, што чалавек, які падобны да шара, не можа адразу пралезці ў квадратную адтуліну — яму трэба даць час прыстасавацца. Дадзім сабе і іншым гэты час. Да памылак, недасканаласцей, складаных эмоцый паставімся па-філасофску як да непазбежнай цаны за поспех у найбліжэйшай будучыні.

Лёгка сказаць, цяжэй зрабіць. Каб знізіць стрэс ад удзелу ў новай, часткова новай, для кагосьці абсалютна новай справе, выбірайце падыход даследчыка. Скажыце сабе: “Я пачынаю навучанне на адлегласці, я стваральнік і даследчык”. Што трэба даследаваць і заўважаць, на што звяртаць увагу, што лічыць важным? Тое, што атрымалася, што было эфектыўным і эфектным, што было добра, удала, як вы цудоўна знайшлі выхад з цяжкага станові­шча. А таксама на тое, што спадабалася вучням, што ім было лёгка, што ў дзяцей атрымлівалася, чым былі задаволены бацькі. А таксама ўтрымайце ў памяці, пазначце, прааналізуйце праблемы, якія ўзніклі, недасканаласці, цяжкасці, засмучэнні і перафармулюйце іх у задачы для сябе, дзяцей, бацькоў.

Магчымая праблема 1: вучні падчас тлумачэння матэрыялу часта адцягваліся, мне было цяжка кантраляваць іх пазнавальную актыўнасць. Перафармулюем у задачу для сябе: час тлумачэння новага матэрыялу дзялю на больш дробныя порцыі; часцей задаю пытанні, якія могуць здзівіць, развесяліць, азадачыць вучняў; часам дэлегую вучням свае паўнамоцтвы па ацэньванні, фармулёўцы пытання, тлумачэнні з’явы ці рашэння; чаргую тлумачэнне і зварот да вопыту вучняў, часцей чаргую тлумачэнне і выкананне заданняў.

Магчымая праблема 2: цяжка матываваць дзяцей выконваць заданні ад настаўніка. Фармулюем задачу: выкарыстоўваю эфект Зейгарнік; завяршаю ўрок на інтрыгуючым месцы, каб вучням хацелася даведацца працяг. Даю цікавае дамашняе заданне, каб вучням хацелася падзяліцца варыянтамі свайго выканання і даведацца, як яго зрабілі іншыя. Рыхтую незвычайны, кожны раз новы пачатак урока. Дазваляю па чарзе пачаць урок вучням, каб яны па-добраму здзівілі клас інфармацыяй, вопытам, прыкладам з жыцця ў рамках тэмы ўрока.

Магчымая праблема 3: бацькі абураюцца цяжкасцю, недарэчнасцю, колькасцю і г.д. дамашніх заданняў ад вас. Ставім задачу: уяўляю, як сам(а) выканаў(ла) б заданне, візуалізую працэс; гляджу на змест задання вачамі бацькоў ці вучня; памнажаю коль­касць сваіх заданняў на 4, 5, 6, 7, таму што вучню трэба выканаць “дамашку” да такой колькасці ўрокаў; знаходжу пераканаўчыя аргументы для дзяцей і бацькоў, чаму важна выканаць менавіта гэта ці менавіта такі аб’ём заданняў на сёння; аб’яўляю перспектыву змяншэння дамашняй работы на заўтра ці іншыя дні; даю дамашнія заданні на выбар, адзначаючы мінімум; даю дамашняе заданне вучню, бацькам самім прыдумаць сабе дамашняе заданне, аналізую вынікі гэтага вопыту, знаёмлю з вынікамі вучняў і бацькоў.

Магчымая праблема 4: набралася дастаткова негатыўных эмоцый ва ўсіх удзельнікаў аддаленага навучання. Задача: стварыць анкету (выкарыстайце дапамогу школьнага псіхолага), дзе ўдзель­нікі працэсу маглі б выка­заць перажыванні, што назбіраліся ў іх; прааналізаваць вынікі; папрасіць дапамогі, парад, рэкамендацый у дзяцей і бацькоў, як вырашыць, пераадолець перашкоды, нязручнасці, праблемы (магчымы “мазгавы штурм”). Напэўна, некаторыя прапановы, парады акажуцца нечакана простымі і эфектыўнымі. Тое, што ствараецца сумеснымі намаганнямі педагогаў, вучняў і бацькоў, потым менш крытыкуецца, успры­маецца пазітыўна, а не варожа. У выпадку выкарыстання сумесных намаганняў больш трывала пераносяцца цяжкасці сітуацыі, лепш разумеюцца, лягчэй прымаюцца.

Як педагогу дапамагчы самаарганізавацца і сустрэць новае ў рэжыме працы, рэпертуары эмоцый, якія перажываюцца, неабходнасці авалодання новымі ўменнямі і кампетэнцыямі? Варта звярнуцца да мудрасці папярэдніх пакаленняў, якія пражывалі, магчыма, і больш цяжкія часы. Што было сказана мудрацамі і зноў актуальна як ніколі? Дарогу асіліць той, хто ідзе. Усё цяжкае і непрыемнае мінае, пройдзе і гэта. Жыццё, як зебра, паласатае, і за цяжкай паласой абавязкова ідзе лёгкая і радасная. Усё ў нашых руках. Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. Усяму гэтаму мы вучым сваіх падапечных, дык адкрыем па-новаму гэтыя ісціны і для сябе.

Прадукцыйны шлях да поспеху навучання з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — супрацоўніцтва з кіраўнікамі, калегамі, вучнямі, іх бацькамі. Паспрабуйце стварыць каманду з пералічаных удзельнікаў працэсу навучання. Каманда працуе хутка і эфектыўна. Але каб было менавіта так, ёй патрэбна душа, натхняльнік, чалавек, якога любяць і хочуць парадаваць. Паспрабуйце стаць такім цёплым і прыцягальным цэнтрам сусвету вашага класа. І тады атрымаецца намнога больш якасна, чым вы планавалі загадзя нават у самых смелых сваіх прафесійных марах.

Нядаўна прачытаная гісторыя пра настаўніка, дзяцей і паветраныя шары здаецца мне дарэчнай для разгляду ў нашым дыялогу і нават пераканаўчай метафарай шляху, які мы закліканы прайсці ў дадзены момант. Аднойчы настаўнік прынёс у школу вельмі многа паветраных шароў і па­прасіў дзяцей напісаць на шарах свае імёны. Дзеці так і зрабілі. А потым настаўнік папрасіў кожнага з дзяцей знайсці шар са сваім імем у кучы астатніх. Пачалася мітусня і блытаніна, і кожнаму дзіцяці доўга і беспаспяхова прыйшлося шукаць свой шар. Тады настаўнік змяніў заданне: “Вазьміце шарык, які ляжыць побач, і аддайце яго чалавеку, чыё імя напісана на ім”. Прайшлі лічаныя хвіліны, і ў кожнага свой шарык быў у руках. Пошук паветраных шароў як пошук поспеху. У адзіночку яго дасягнуць цяжка ці ўвогуле немагчыма. А калі дзейнічаць разам і адзін для аднаго, то вялікі поспех у любой справе магчымы і нават прадвызначаны.

Некалі, магчыма вельмі хутка, мы азірнёмся на пройдзены шлях у цяжкіх абставінах, убачым яго прыга­жосць, навізну, неабходнасць і паспяховасць. Захопімся сабой, калегамі, вучнямі і іх бацькамі. Менавіта так усё і здарыцца.

Псіхалагічнае люстэрка

Псіхалагічнае меню педагагічнай каманды

Для больш камфортнага пагружэння ў новыя прафесійныя ўмовы і прадукцыйнага існавання ў іх выкарыстаем рэсурс прафесійнай групы, гэта значыць, станем абапірацца на плячо прафесійнай каманды педагагічнага калектыву. Рэкамендуем практыкаванні, якія можна правесці ў вялікай камандзе, малой групе ці нават індывідуальна і атрымаць вынік. Практыкаванні дапамогуць пагрузіцца ў творчую атмасферу пошуку ідэй, псіхалагічнай платформы для педагагічнай дзейнасці ў актуальнай прафесійнай сітуацыі, а таксама ажыццявіць самападтрымку, паглыбіцца ў рэсурсны стан, актуалізаваць педагагічную гібкасць.

Практыкаванне “Зрабіць больш карысным”

Удзельнікам прапануецца паразва­жаць на тэму, якія рэчы ці з’явы маглі б стаць больш карыснымі, калі іх павялічыць (зменшыць), падняць (апусціць), падаражыць (патанніць), аб’яднаць (раз’яднаць), выклю­чыць (дабавіць), трансфармаваць (пакінуць без змянення), прымяніць нестандартна (традыцыйна), нагрэць (ахаладзіць). Выконвайце ў групах па 4—5 чалавек. Адбываецца трэніроўка ўмення генерыраваць ідэі, аналізаваць розныя спосабы арганізацыі каманднай работы.

Абмяркуйце, якім чынам была арганізавана работа ў камандзе? Усе браліся па чарзе за распрацоўку нейкай пары прымет? Кожны выказваў ідэі, якія прыйшлі ў галаву? Кожны ўзяў сабе частку задання і працаваў індывідуальна? Што было больш выніковым? З чым звязаны поспех?

Практыкаванне на камандаўтварэнне “Чароўная лямпа”

Практыкаванне дазваляе ўдзельнікам задумацца пра тыя змяненні, якія яны хацелі б бачыць у сваёй камандзе. Таксама гэтае практыкаванне падыходзіць для эфектыўнага і цёплага заканчэння рабочага дня.

Неабходныя матэрыялы: папера для нататак, алоўкі, папера фармату А3. Уявіце сабе: вы і ваша каманда знаходзяць старую лямпу, хтосьці бярэ яе ў рукі, трэ, і — сюрпрыз! — з яе з’яўляецца джын. Цяпер вы можаце загадаць тры жаданні, але, паколькі вы знайшлі джына разам са сваёй рабочай камандай, гэтыя жаданні павінны адносіцца да рабочых абставін. Вы можаце змяніць сябе, сваіх калег, зрабіць так, каб з вамі працаваў спецыяліст незвычайнай для вашай справы прафесіі, каб калегі часцей усміхаліся, каб па-іншаму была арганізавана прастора, і г.д.

Кожны ўдзельнік можа загадаць тры свае жаданні. Кожны апісвае свае ідэі, якія адносяцца да каманднай работы. Складзіце агульнагрупавы спіс. Абмяркуйце пытанні: ці можна зрабіць штосьці, каб гэтыя змены адбыліся ў рэальнасці; калі не, то што зрабіць для паляпшэння сітуацыі?

Практыкаванне “Скарб”

Уявіце, што ваша група знайшла сапраўдны скарб — 1000 залатых манет старажытнай чаканкі. Ваша задача — раздзяліць гэтыя грошы. Як вы будзеце дзейнічаць? Сфармулюйце крытэрыі адбору і спосаб прыняцця рашэння. Не дазваляецца кідаць жэрабя, размяркоўваць узнагароду пароўну. Калі вы не здолееце раздзяліць грошы за адведзены час, іх у вас канфіскуюць.

Практыкаванне “Сем фактараў”

Трэніруе ўменне ўдзельнікаў групы дамаўляцца паміж сабой. Дзелімся на групы і працуем па 3—5 чалавек. Групе прапануецца скласці спіс з сямі фактараў, якія неабходны для эфектыўнай работы ва ўмовах спалучэння дыстанцыйнага і традыцыйнага навучання. Праз 10—15 мінут ранжыруем гэтыя фактары па значнасці. Ідэі прэзентуюцца.

Абмяркуйце пытанні: як хутка і зладжана складаўся спіс; ці знойдзены прымальны для ўсіх варыянт каштоўнаснай градацыі; пра што спрачаліся; ці было адчуванне, што вашы ідэі зразумелі; ці маглі б вы данесці свой пункт гледжання больш эфектыўна; чаму вы навучыліся ў працэсе выканання практыкавання; якія фактары менавіта вам здаюцца самымі важнымі; што вы хацелі б развіваць у сабе ў далейшым?

Практыкаванне “Я жадаю табе заўтра…”

Усе па чарзе жадаюць сабе і ўдзельнікам каманды чагосьці добрага на заўтрашні дзень. Няхай у нас ва ўсіх будзе добрае і прыгожае заўтра.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.