Што неабходна абмеркаваць з самім сабой

- 12:17Псіхалогія +

Дыялог з чытачом

Свята Новага года, якое набліжаецца, уплывае на ход нашага жыцця індывідуальнага і грамадскага. Як наша прафесія для поспеху ў ёй патрабуе наяўнасці ведаў, уменняў і асобасных якасцей, так і навагодні сезон звязваецца з думкамі чалавека пра тое, што ён ведае пра галоўнае ў сваім жыцці, да чаго імкнецца, што ўяўляе сабой як асоба. Уступленне ў новы год дае нам чарговы шанс стаць разумнейшымі, лепшымі, дасягнуць жаданага, жыць з задавальненнем, займацца любімай справай. Жаданні, мэты, планы, асабістая дасканаласць — тэмы, якія хвалююць нас перад, падчас і адразу пасля надыходу новага года. Напэўна, гэты час самы лепшы, каб пагаварыць з сабой. Тым больш існуе заканамернасць: калі ў педагога на душы спакойна, радасна, то і з ім побач усе адчуваюць сябе гэтак жа.

Хаця філосафы сцвярджаюць, што няма нічога больш пастаяннага на свеце, чым брыльянт, сталь і веды чалавека пра самога сябе, паспрабуем усё ж размякчыць, надаць плаўную рухомасць таму, што згадана апошнім. Будзем рабіць гэта асцярожна і ў адпаведнасці з мастацтвам балансу. Чалавек, які штогадзіны мяняецца пад уздзеяннем акалічнасцей, смешны і недарэчны. Але не менш непаспяховы той, хто не мяняецца ўвогуле. Калі спытаць кожнага з нас “Каго мы баімся бачыць у якасці суразмоўніка, каго мы часта імкнёмся падманваць, каму мы верым цяжэй за ўсё?” — адказ здзівіць нас: самога сябе, самому сабе. Ці не парадокс, бо ў кожнага з нас няма нікога бліжэйшага. Паспрабуем развеяць страхі і зрабіць некаторыя практычныя крокі, шчыра і з любоўю пагаварыўшы з сабой, адшукаўшы пры гэтым шляхі да ўдасканалення. Час рызыкаваць! Нават просты намер фарміруе фізіялагічную гатоўнасць да дзеяння. Прыступаем.

Уявіце, што мы ўсе належым да знакамітых і старажытных родаў і запрошаны на святочны баль у сярэдневяковы каралеўскі замак. Высакародныя рыцары і вяльможныя дамы пад’язджаюць да варот замка ў карэтах, на дзверцах якіх красуюцца гербы і дэвізы, якія пацвярджаюць дваранскае паходжанне іх уладальнікаў. Нам жа самім давядзецца папрацаваць над стварэннем сваіх геральдычных знакаў.

Практыкаванне “Герб і дэвіз”

Дэвіз і герб з’яўляюцца такімі сімваламі, якія даюць магчымасць чалавеку і ў лаканічнай форме адлюстраваць жыццёвую пазіцыю. На аркушы паперы з дапамогай фламастараў або фарбаў намалюйце свой герб, прыдумайце дэвіз. Чалавек, які ўбачыў ваш герб, павінен дакладна зразумець, з кім ён мае справу. Стварэнне герба заахвочвае задумацца, сфармуляваць, апісаць, прадставіць іншым галоўныя прынцыпы вашых поглядаў на жыццё.

Прыкладная форма герба — гэта вялікі прамавугольнік, закруглены знізу. Раздзяліце яго на 4 часткі. Гарызантальнай рысай аддзяліце ніжнюю частку на адну трэць. Гэта месца, дзе пішацца галоўны дэвіз жыцця. Верхняя частка дзеліцца на тры роўныя часткі вертыкальнымі лініямі. Кожны ўчастак герба сімвалічна перадае інфармацыю: левая частка — галоўныя дасягненні жыцця, сярэдняя — як я сябе ўспрымаю, правая частка — галоўная мэта ў жыцці. На такую работу вам можа спатрэбіцца да 30 хвілін. Не шкадуйце часу і выкарыстайце яго на рэкамендаваны намі занятак — і вы зможаце адказаць сабе на пытанні: што я раблю са сваім жыццём, ці іду слепа за кіраўніцкімі ўказаннямі або сам кантралюю напрамак жыцця?

Калі гэтае практыкаванне вы выконваеце ў калектыве, то знайдзіце людзей, блізкіх вам па поглядах або супрацьлеглых з вамі поглядаў. Пагаварыце з аднымі і другімі.

Варыянт 2.

Выяву герба вы можаце раздзяліць на шэсць частак. Запоўніць іх у гэтым выпадку прапануецца наступным зместам.

1. Дасягненне або падзея, якую ацэньваеце як самую важную ў жыцці.

2. Падзея, якую вы лічыце самай важнай у вашай сям’і.

3. Рэч або прадмет, з дапамогай якіх вас можа зрабіць шчаслівым іншы чалавек.

4. Падзея, якая запомнілася як самая прыемная ў жыцці.

5. Тры рэчы, якія вы зрабілі б сёння, ведаючы, што наступны дзень не наступіць.

6. Вашы дзеянні на працягу года, у якім вам гарантаваны поспех.

У другім варыянце запаўнення герба карыстайцеся не словамі, а толькі малюнкамі. Выключэнне складае пятая прастора. Дапускаюцца спрашчэнні і нават рэчы, незразумелыя навакольным. Важна, каб яны дапамаглі пака­заць вашу пазіцыю.

Калі вы працуеце ў групе, прапануйце развесіць гербы на дошцы або на стэндзе — атрымаецца выстава альтэрнатыўных жыццёвых пазіцый.

Такім чынам, мы ўсвядомілі і зафіксавалі сваю жыццёвую пазіцыю. Паспрабуем падысці да сябе з іншага боку і, пафантазіраваўшы, пераўвасобіцца.

Практыкаванне “Пераўвасабленне”

Уявіце сабе, што склалася такая сітуацыя, калі нам неабходна пераўвасобіцца ў які-небудзь аб’ект матэрыяльнага свету (адушаўлёны або неадушаўлёны прадмет). Падумайце і раскажыце, каго або што вы выбралі, чаму, якія яго асноўныя якасці. Задавайце самі сабе пытанні. Калі практыкаванне праходзіць у групе, задумайцеся, які ваш стан пасля праслухоўвання некалькіх апавядальнікаў? Як мяняўся ваш настрой ад расказу да расказу? Ці выкарыстоўвалася псіхалагічная абарона ў змесце расказу і ў выбары аб’екта пераўвасаблення?

Практыкаванне “Гавару за іншага”

Калі мы хочам зразумець, чаму ў нас не складваюцца адносіны з кім-небудзь з людзей вашага асяроддзя, то паспрабуем адказаць за гэтага чалавека на наступныя пытанні:

Любімы колер.

Любімыя жаночыя і мужчынскія імёны.

Ці з сімпатыяй ён ставіцца да дамашніх жывёл?

Каму з іх аддае перавагу?

Ці глядзіць тэлевізар? Якія праграмы?

Самая незразумелая чалавечая рыса, якасць.

Кнігам якога жанру аддае перавагу?

Мінімальны памер зарплаты, які задаволіць.

Калі з’явіцца магчымасць, параўнайце свае адказы і адказы чалавека, які вас цікавіць.

Намеціць перспектывы на будучыню, пункты росту атрымаецца з дапамогай практыкаванняў “Я рэальны”, “Я ідэальны”, “Я ў будучыні”.

Стварыце малюнак, дзе пакажыце сябе ў трох іпастасях. Малюйце свабодна. Паказвайце сябе нават метафарычна (у вобразе жывёл, прадметаў). Адкажыце на пытанні. Які я рэальны? Які я ідэальны? У чым прынцыповыя адрозненні? Як можна наблізіць “я” рэальнае і “я” ідэальнае? Што я для гэтага раблю і буду рабіць? Якім я буду ў найбліжэйшай перспектыве? Як гэтага дасягнуць? Што я раблю для гэтага цяпер?

Для таго каб хапіла сіл, у новым го­дзе ажыццявіліся намеры дзейнічаць у напрамку асобаснага росту, адзначым, што ўжо ёсць такога ў нашым вопыце, чым мы маглі б ганарыцца.

Практыкаванне “Як мне добра ўдаецца”.

Успомніце тыя ўменні і навыкі, якія ў вас атрымліваюцца цудоўна. Раскажыце, калі гэта ў вас пачало атрымлівацца, пра вашы пачуцці ад гэтага. Калі вы бу­дзеце гаварыць пра поспехі прадметныя ў гатаванні ежы, шыцці, танцах, рамонце, то скажыце, для каго вы гэта робіце, ці прыносіць гэта іншым задавальненне. Калі вы выконвалі практыкаванне ў групе, то чый аповед вас асабліва закрануў? Чаму?

Падумайце пра тое, што вы маглі б дадаць да свайго жыцця або змяніць у ім. Сядзьце, расслабцеся, заплюшчыце вочы і пафантазіруйце пра жаданыя па­дзеі. Не рабіце для сябе абмежаванняў і не аналізуйце думкі. Ніхто не асу­дзіць вашу фантазію і не перашкодзіць ёй увасобіцца ў жыццё. Усё залежыць толькі ад вас. “Цяпер я сапраўды адчуваю сябе цудоўна! Сёння адзін з тых дзён, калі я гатовы да здзяйсненняў! Я адчуваю сябе цудоўна!” Думайце па-за межамі чаканняў, набывайце ўласны вопыт у новых напрамках, жывіце цікава!

Псіхалагічнае люстэрка

Людзі з высокім узроўнем запатрабаванняў у дасягненнях, як правіла, паспяховыя і прыкметныя ў грамадстве прафесіяналаў і ў акружэнні сяброў. Перад вамі той, хто дасягае, калі вы заўважыце наступныя праяўленні:

– настойлівасць у дасягненні сваіх мэт — незадаволенасць дасягнутым;

– пастаяннае імкненне зрабіць лепш;

– захопленасць працай;

– імкненне перажыць задавальненне ад поспеху;

– немагчымасць дрэнна працаваць;

– патрэба вынаходзіць новыя спосабы работы ў выкананні нават самых звычайных спраў;

– адсутнасць духу саперніцтва, жаданне, каб і іншыя разам з ім перажылі поспех і дасягненне выніку;

– незадаволенасць лёгкім поспехам і нечаканай лёгкасцю задачы;

– гатоўнасць прымаць дапамогу і дапамагаць іншым пры вырашэнні цяжкіх задач, каб разам адчуваць радасць поспеху.

Ці не хочаце даведацца пра праяўленне сваёй патрэбы ў дасягненнях, бо яна напрамую звязана з поспехамі ў жыцці?

Методыка выкарыстоўваецца для вымярэння патрэбы ў дасягненні мэты, поспеху і ўвогуле дасягненняў. Чым вышэйшая ў чалавека самаацэнка, тым больш ён актыўны і накіраваны на дасягненні. Шкала ацэнкі патрэбы эфектыўная пры падборы кадраў, ацэнцы матывацыі працы, рабоце з рэзервамі кадраў, суправаджэнні рэзерву кадраў на вылучэнне, дыягностыку якасцей, неабходных для кіраўніка. Матывацыя дасягнення (поспеху, мэты) выяўляецца ў імкненні да паляпшэння вынікаў, настойлівасці ў дасягненні сваіх мэт і аказвае ўплыў на ўсё чалавечае жыццё. Гэты апытальнік быў распрацаваны Ю.М.Арловым.

Інструкцыя

Вам прапануецца шэраг сцвярджэнняў. Калі вы згодны з выказваннем, то побач з яго нумарам напішыце “так” або пастаўце знак “+”, калі не згодны — “не” (“-“).

1. Думаю, што поспех у жыцці хутчэй залежыць ад выпадку, чым ад разліку.

2. Калі ў мяне не будзе любімага занятку, жыццё для мяне згубіць усялякі сэнс.

3. Для мяне ў любой справе важнейшае не яе выкананне, а канчатковы вынік.

4. Лічу, што людзі больш пакутуюць ад няўдач на рабоце, чым ад дрэнных узаемаадносін з блізкімі.

5. На маю думку, большасць людзей жыве далёкімі мэтамі, а не блізкімі.

6. У жыцці ў мяне было больш поспехаў, чым няўдач.

7. Эмацыянальныя людзі мне падабаюцца больш, чым дзейсныя.

8. Нават у звычайнай працы я стараюся ўдасканальваць некаторыя яе элементы.

9. Мае блізкія лічаць мяне лянівым.

10. Заклапочаны думкамі пра поспех, я магу забыць пра меры перасцярогі.

11. Думаю, што ў маіх няўдачах вінаваты, хутчэй за ўсё, акалічнасці, чым я сам.

12. Цярпення ў мяне больш, чым здольнасцей.

13. Мае бацькі вельмі строга мяне кантралявалі.

14. Лянота, а не сумненне ў поспеху вымушае мяне часта адмаўляцца ад сваіх намераў.

15. Думаю, што я ўпэўнены ў сабе чалавек.

16. Дзеля поспеху я магу рызыкнуць, нават калі шансы невялікія.

17. Я старанны чалавек.

18. Калі ўсё ідзе гладка, мая энергія павялічваецца.

19. Калі б я быў журналістам, я пісаў бы хутчэй пра арыгінальныя вынаход­ствы людзей, чым пра здарэнні.

20. Мае блізкія звычайна не падзяляюць маіх планаў.

21. Узровень маіх патрабаванняў да жыцця ніжэйшы, чым у маіх таварышаў.

22. Мне здаецца, што настойлівасці ў мяне больш, чым здольнасцей.

23. Я мог бы дасягнуць большага, калі б быў свабодным ад штодзённых спраў.

Ключ да тэста-апытальніка. Адказы “так” (“+”) на пытанні: 2, 6, 7, 8, 14, 16, 18, 19, 21, 22, 23;

Адказы “не” (“-”) на пытанні: 1, 3, 4, 5, 9, 11, 12, 13, 15, 17, 20.

Апрацоўка вынікаў.

За кожны адказ, які супадае з ключом, ставіцца 1 бал, адказы падсумоўваюцца.

Інтэрпрэтацыя і расшыфроўка методыкі:

0—6 балаў — нізкая патрэба ў дасягненнях;

7—9 балаў — паніжаная патрэба ў дасягненнях;

10—15 балаў — сярэдняя патрэба ў дасягненнях;

16—18 балаў — павышаная патрэба ў дасягненнях;

19—23 балы — высокая патрэба ў дасягненнях.

Святлана РАДЗЬКОВА.