Прадпрыемствам новай і традыцыйнай эканомікі пад сілу забяспечыць рост ВУП на 1,5% у 2017 годзе. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.
На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў разглядаўся прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год. У прыватнасці, было агучана, што тэмп росту валавога ўнутранага прадукту чакаецца на ўзроўні 101,5%. “У наступным годзе гэтыя 1,5% прыросту ВУП павінны быць забяспечаны з дзвюх састаўных частак. Першая — гэта прадпрыемствы традыцыйнай эканомікі. Мы ўзважана праводзілі ацэнку па 68 таварных балансах прадукцыі, якую выпускаюць традыцыйныя прадпрыемствы, і ацэньваем, што гэта магчыма на наступны год. А другую частку прыросту ВУП павінны даць так званыя прадпрыемствы новай эканомікі, якія актыўна ствараюць рабочыя месцы”, — растлумачыў прэм’ер-міністр. Для таго каб такія прадпрыемствы з’яўляліся, пашыраліся, трэба ствараць умовы, дадаў ён.
Кіраўнік урада наведаў філіял ЗАТ “Атлант” Баранавіцкі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі малочны камбінат, сумеснае беларуска-расійскае прадпрыемства па вытворчасці мэблі “Дыпрыз”. Сваю рабочую паездку Андрэй Кабякоў назваў пацвярджэннем размовы ў Саўміне на практыцы. “Ёсць прадпрыемствы, арганізацыі, суб’екты гаспадарання, якія могуць стаць тымі лакаматывамі, кропкамі росту, дзякуючы якім наша эканоміка выйдзе на ўстойлівае эканамічнае развіццё”, — адзначыў ён. Пры гэтым прэм’ер не адмаўляе існавання шэрага пытанняў у эканоміцы, якія неабходна вырашаць сістэмна.