Праграма мерапрыемства, якое праходзіла ў рамках дзейнасці Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, уключала дыялогавую пляцоўку па актуальных пытаннях, стэндавую і творчую прэзентацыю каманд педкласаў сталічнай гімназіі № 14, сярэдняй школы № 15 Баранавіч і сярэдняй школы № 2 Магілёва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі метадычнага мерапрыемства сталі педагогі і навучэнцы 36 устаноў адукацыі Беларусі, дзе працуюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, у рэжыме анлайн да сустрэчы падключыліся прадстаўнікі 19 устаноў адукацыі нашай краіны, а таксама сярэдняй школы № 4 Смаленска і гімназіі № 80 Ніжняга Ноўгарада. Каардынатарам мерапрыемства выступіў аддзел па рабоце з кіруючымі кадрамі цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі адукацыі.

Гасцей і ўдзельнікаў круглага стала вітала сустаршыня Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Бушная:
— Сярод ключавых задач, над якімі сёння працуе педагагічная грамадскасць, — павышэнне прэстыжу прафесіі педагога, роздум пра гэта ў кантэксце будучыні ў сувязі з развіццём штучнага інтэлекту. Думаю, удзельнікі нашай сустрэчы разумеюць, што гэтыя тэхналогіі не змогуць замяніць настаўніка. Усведамляюць і тое, наколькі важна, каб педагогі сённяшнія і будучыя, вучні педагагічных класаў глядзелі ў вочы адно аднаму і гаварылі аб выхаванні на аснове традыцыйных каштоўнасцей.
У гімназіі № 14 Мінска функцыянуюць 2 профільныя класы педагагічнай накіраванасці, дзе займаюцца 39 вучняў. Такая практыка тут пачалася ў 2021 годзе.

— Адкрыццё груп і класаў педагагічнай накіраванасці — крок не выпадковы, — адзначыла Марыя Гарохава, дырэктар гімназіі № 14 Мінска. — Нашы педагогі выхоўваюць сваіх пераемнікаў. Асабліва гэта важна для калектыву нашай беларускамоўнай гімназіі, дзе нават урокі фізічнай культуры праходзяць на роднай мове. Ва ўмовах двухмоўя мы проста абавязаны захоўваць і развіваць кадравы патэнцыял нашых устаноў адукацыі.
Кіраўнік звярнулася да вучняў педагагічных класаў:
— Менавіта першае месца работы пасля заканчэння ўніверсітэта адыгрывае ключавую ролю ў тым, ці застаняцеся вы ў прафесіі. Добра, калі гэта будзе ваша родная школа, дзе вы выраслі, дзе вас ведаюць, разумеюць і падтрымліваюць. Ваша ўстанова можа накіраваць вас на мэтавае навучанне, а значыць, у прафесію вы ўвойдзеце ўпэўнена, з апорай на вопыт і клопат тых, хто быў побач з самага пачатку, пад крылом любімых настаўнікаў. Але галоўнае, каб знайшоўся настаўнік, які развіў бы цікавасць у вучня не толькі да свайго прадмета, але і да педагагічнай прафесіі. Не менш значная падтрымка бацькоў у прафесійным самавызначэнні дзіцяці. Чым раней пачнецца такая дапрофільная падрыхтоўка, тым вышэйшыя шансы на ўсвядомлены выбар дзецьмі будучай прафесіі.

— Пасля 9 класа нам прапанавалі на выбар два профілі: ваенна-патрыятычны і педагагічны, — расказала вучаніца 11 класа гімназіі № 14 Мінска Карына Бурая. — На той момант я ўжо была экскурсаводам у нашым музеі партызанскай славы. Падабалася выступаць, дзяліцца ведамі з іншымі дзецьмі. І яшчэ мне вельмі падабалася гісторыя, якую вяла Таццяна Віктараўна Блешчава, цяпер класны кіраўнік нашага педагагічнага класа. Мой выбар падтрымалі бацькі. Прафесію настаўніка лічу вельмі творчай і крэатыўнай: ты ўвесь час нешта новае прыдумваеш, ствараеш аўтарскія матэрыялы і праекты, шукаеш падыходы да вучняў. А калі ты класны кіраўнік, то становішся для дзяцей другой мамай. Бачыш, як яны растуць, мяняюцца, дапамагаеш ім. Планую паступаць у БДПУ. Магчыма, вазьму мэтавае накіраванне і вярнуся ў родную гімназію.
Пад кіраўніцтвам Таццяны Блешчавай навучэнцы займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Работы “Жывая памяць Афганскай вайны” Карыны Бурай і “Нямецкія антыфашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі” Арцёма Бурага, цёзкі Карыны з паралельнага класа, былі апублікаваны ў мінулым годзе ў зборніку навуковых артыкулаў навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку”. Таксама сёлета Карына ўдзельнічала ў гарадскім фестывалі педагагічных класаў “Вектар поспеху”, дзе прадстаўляла анлайн-урок у 4 класе па метадзе кластара пад кіраўніцтвам настаўніцы Веранікі Плаксы і была адзначана дыпломам І ступені.
Дуэтныя заняткі “Дыялог на роўных” і майстар-класы правялі педагогі і навучэнцы педкласаў, дзе прадэманстравалі сучасныя метады і прыёмы навучання.

Настаўніца гісторыі Таццяна Блешчава і вучань 11 класа 14-й гімназіі Мінска Мікалай Крайнюк запрасілі ўдзельнікаў круглага стала ў музей партызанскай славы на інтэрактыўныя краязнаўчыя заняткі, дзе прадставілі методыку стварэння квестбукаў. Гэта спецыяльна распрацаваныя даведнікі або сшыткі, якія змяшчаюць заданні, пытанні і маршруты для самастойнага вывучэння пэўнай тэмы.

Квестбук павінен быць зручным, прывабным, з ілюстрацыямі, фотаздымкамі, картамі і схемамі. Заданні, якія прапанавалі настаўніца і вучань, тычыліся экспазіцый музея, былі звязаны з пошукам інфармацыі аб экспанатах, уключалі крыжаванкі, галаваломкі, тэсты, практычныя заданні, напрыклад, складанне маршруту партызанскага атрада.

У гімназіі дзейнічае музей музычных інструментаў. Настаўніца музыкі Аксана Ровенская і вучаніца 11-га педагагічнага класа Софія Горбач правялі ў ім дуэтны ўрок “Традыцыйныя музычныя інструменты ў святах і абрадах беларусаў”. Заклікалі яго ўдзельнікаў адчуць сябе гасцямі на вяселлі і азнаёмілі з такімі музычнымі інструментамі, як дудка, скрыпка, цымбалы, гармонік, барабан (бубен). У канцы заняткаў прайшла гульня, падчас якой усе адгадвалі назвы інструментаў па гуку або па знешнім выглядзе.

Праз прызму сваіх прадметаў і пазакласных мерапрыемстваў настаўніца хіміі настаўнік-метадыст Ала Долбік і настаўніца біялогіі настаўнік-метадыст Іна Яцына фарміруюць у вучняў педкласаў 14-й гімназіі экалагічную адукаванасць і культуру. Падчас дуэтнага майстар-класа яны расказалі, што гімназісты з’яўляюцца ініцыятарамі і ўдзельнікамі экалагічных мерапрыемстваў і акцый, ствараюць праекты, відэаролікі, малююць плакаты, выступаюць перад малодшымі школьнікамі, штогод становяцца прызёрамі гарадскога конкурсу па энергазберажэнні, дыпламантамі гарадскіх экалагічных конкурсаў навукова-практычных работ і экалагічных чытанняў.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Вольга Тарасенка і адзінаццацікласнік Ягор Смоўж правялі класную гадзіну ў форме інтэрактыўнай размовы пра вялікіх педагогаў Марыю Мантэсоры, Яна Амоса Каменскага і Януша Корчака, які, дарэчы, сцвярджаў, што “дзяцей няма — ёсць людзі, але з іншым маштабам паняццяў…”. І гэта значыць, што педагогіка — навука пра чалавека. Асаблівую ўвагу на занятках удзялілі настаўнікам — героям Вялікай Айчыннай вайны.
На базе сярэдняй школы № 15 Баранавіч класы педагагічнай накіраванасці былі створаны ў 2021 годзе. За гэты час іх выпускнікамі сталі 60 вучняў. Наладжана супрацоўніцтва з універсітэтамі, у тым ліку праз удзел у сумесных навукова-даследчых праектах, кірмашах вакансій, арганізацыю гасцявых лекцый і спецкурсаў і г.д. Школа з’яўляецца філіялам кафедры педагогікі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, а таксама прыродазнаўчых дысцыплін Баранавіцкага дзяржуніверсітэта.

Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Ульдзіновіч і вучаніца 11 класа Мілана Своціна правялі ўрок “Код узору: штучны інтэлект і “Слуцкія ткачыхі” — пошук сэнсаў”. Вядомы верш Максіма Багдановіча вучні аналізавалі праз прызму метафар “кода” і “алгарытмаў”, якія сімвалізуюць складаныя ўзоры слуцкіх паясоў і глыбокі змест твора. Абмяркоўвалася відэа, зробленае штучным інтэлектам на гэты верш. Падчас інтэрактыўнай гульні “Код сувязей” вучні прыдумвалі, як можна ідэю верша прымяніць у сучасным жыцці. Атрымалі і заданне дамоў: стварыць уласны “код узору” — кароткі верш або малюнак па матывах слуцкіх паясоў.
Працягнулі тэму штучнага інтэлекту падчас майстар-класа Ірына Шылько, настаўніца матэматыкі, і Таіса Фядосінка, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 Магілёва. Яны азнаёмілі ўдзельнікаў з магчымасцямі выкарыстання нейрасетак пры падрыхтоўцы да ўрокаў, для стварэння прэзентацый і работы з тэкстамі на прыкладзе такіх інструментаў як Deepseek, Gamma.app і інш.
Групы педагагічнай накіраванасці ў школе працуюць з 2017 года. За гэты час іх скончылі 49 выпускнікоў. Некаторыя з іх пасля вярнуліся працаваць у родную ўстанову.
Пра сторытэйлінг або аповед гісторый — магутны інструмент, які дапамагае лягчэй успрымаць інфармацыю, робіць урок жывым і займальнымі, нагадалі падчас сумеснага майстар-класа Дзіяна Кухцікава, настаўніца выяўленчага мастацтва 2-й школы Магілёва, і Аляксандра Рубекіна, вучаніца 11 класа. Праз такія гісторыі можна растлумачыць складаныя паняцці проста і даступна. Галоўнае — захоўваць структуру аповеду і выконваць ключавыя прынцыпы: яснасць, эмацыянальнасць і лагічнасць.
Удзельнікі круглага стала таксама далучыліся да інтэрактыўнай гульні “Педагог: прафесія або прызванне”, рэфлексіі “Метакарты” і работы інтэрактыўнай пляцоўкі “Алмаз прафесіі: грані настаўніцкага майстэрства”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





