Крыніца якасці – кадры і тэхналогіі: аб чым ішла размова на пасяджэнні Рэспубліканскага савета кіраўнікоў каледжаў

- 10:28Актуально, Образование

Павышэнне эфектыўнасці супрацоўніцтва ўстаноў прафесійнай адукацыі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў абмеркавалі на пасяджэнні Рэспубліканскага савета кіраўнікоў каледжаў у Наваполацку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першы намеснік мі­ністра адукацыі Аляксандр Бахановіч адзначыў, што дзейнасць савета кіраўнікоў каледжаў накіравана на выпрацоўку рэкамендацый па асноўных пытаннях развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, уключаючы ўдасканаленне работы па ўзаемадзеянні каледжаў з заказчыкамі кадраў, фарміраванне дзяржзаказу на падрыхтоўку спецыялістаў, удасканаленне арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і навукова-метадычнага забеспячэння.

Сярод ключавых задач Аляксандр Бахановіч найперш вылучыў вырашэнне кадравых пытанняў. Гэта з’яўляецца самым важным у рабоце любога кіраўніка.

На пасяджэнні быў прэзентаваны адметны вопыт партнёрскага ўзаемадзеяння па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў шэрага ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый рэальнага сектара эканомікі Віцебскай вобласці. Падчас наведвання “Нафтана” кіраўнікоў каледжаў азнаёмілі з сістэмай работы па замацаванні маладых спецыялістаў, іх адаптацыі і прафесійным росце.

Абавязак дырэктара — забяспечыць майстрам вытворчага навучання, выкладчыкам і ўсім работнікам станоўчую матывацыю, прычым задзейнічаць як матэрыяльнае стымуляванне, так і дадатковы сацыяльны пакет, што прадугледжвае магчы­масць атрымаць месца ў інтэрнаце, прадоўжыць адукацыю, прымаць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, атрымліваць накіраванні на стажыроўкі на высокатэхналагічныя прадпрыемствы.

Цесна звязана з першай і другая задача — замацаванне педагагічных кадраў у каледжы, заахвочванне да прафесійнага росту і павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі. Для развіцця маладых педагогаў трэба арганізаваць аптымальныя ўмовы: прызначэнне настаўніка з ліку вопытных работнікаў, накіраванне на курсы павышэння кваліфікацыі, а пры неабходнасці — на перападрыхтоўку, прадастаўленне магчымасці набыць вышэйшую адукацыю ў завочнай форме. Першы намеснік міністра звярнуў асаблівую ўвагу на выкананне планавых лічбаў прыёму. Для забеспячэння набору Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі ажыццяўляецца комплекс мера­прыемстваў. У тым ліку гэта залічэнне абітурыентаў па конкурсе на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, дадатковы набор на вакантныя месцы і павелічэнне бюджэтнага набору па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў выпадку дадатковай патрэбнасці заказчыкаў кадраў.

У каледжах праводзіцца актыўная прафарыентацыйная работа. Разам з тым павінна быць дакладна выбудавана сістэма па забеспячэнні набору, у якую ўваходзяць удзел у прагназаванні кадравай патрэбнасці заказчыкаў кадраў, фарміраванне планаў прыёму ў поўнай адпаведнасці з запытамі рэгіёнаў. З моладдзю неабходна праца­ваць у цесным узаемадзеянні з базавымі арганізацыямі па ўсіх напрамках, займацца як пазіцыянаваннем каледжа ў інтэрнэце, так і праводзіць дні адкрытых дзвя­рэй, кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, конкурсы прафесійнага майстэрс­тва.

Падчас рабочага візіту Аляксандр Бахановіч правёў сустрэчы з педагагічным і навучэнскім актывам Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава і філіяла БДТУ “Полацкі дзяржаўны лясны каледж”.

Яшчэ адзін ключавы напрамак — індывідуальна-­прафілактычная работа з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі, заахвочванне моладзі за высокія вынікі ў вучэбнай і грамадскай дзейнасці, якаснае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, павышэнне асабістай зацікаўленасці ў занятках аб’яднанняў па інтарэсах і ва ўдзеле ў навучэнскім самакіраванні, эфектыўнае ўзае­мадзеянне з пярвічнай арга­нізацыяй БРСМ.

Важнымі задачамі застаюцца павышэнне якасці работы цэнт­раў кампетэнцый і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжаў. Міністэрствам адукацыі і заснавальнікамі распрацаваны адпаведныя планы мерапрыемс­тваў, дзе вызначаны аб’ёмы і крыніцы фінансавання на трохгадовы перыяд. Галоўнае — выканаць гэтыя планы.

— Пытанне эфектыўнасці дзейнасці каледжаў знахо­дзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства адукацыі і органаў дзяржаўнага кіравання, — падкрэсліў Аляксандр Бахановіч. — Даручаю рэспубліканскаму савету разгледзець усе агучаныя праблемныя моманты на пасяджэннях рэгіянальных саветаў і прыняць вычарпальныя меры.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара