Каля вёскі Горка, што ў Дзятлаўскім раёне, у маляўнічым лесе б’е з зямлі крыніца. Мясцовыя жыхары здаўна лічаць яе лекавай, расказваючы аб тым, што ўмыўшыся яе вадой, сляпыя станавіліся відушчымі, а кульгавыя — хадзячымі.
Едуць сюды паломнікі не толькі выпіць і набраць з сабой гаючай вадзіцы, з надзеяй на вылячэнне, але і памаліцца святому велікамучаніку Георгію ў размешчаным у вёсцы праваслаўным храме, які апякуецца над крыніцай.
У 1960-я гады тут пабудавалі капліцу, унутры якой змясцілі абразы і іншыя сімвалы хрысціянскай веры. Крыніцу ачысцілі і ўзялі ў бетонныя кольцы, паклаўшы зверху драўляную накрыўку. Выпіўшы святой вадзіцы, здабытай з крынічнага калодзежа, паломнікі паднімаюцца па сцежцы да яшчэ аднаго цудадзейнага месца — знакамітых велізарных валуноў, невядомай сілай зваленых у кучу з невялікім прасветам знізу. Памятная дошка паведамляе: гэта гістарычна-культурная каштоўнасць “Паклонныя камяні XI—XII стагоддзяў”, якая ахоўваецца дзяржавай.
Некалі, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, прасвет паміж валунамі не быў такі вузкі. Паводле легенды, мясцовая паненка, паленаваўшыся спешыцца, праехала пад гэтымі валунамі на кані, чым учыніла грэх, таму яны і абваліліся. Але кажуць, калі прапаўзці праз гэты прасвет пад валунамі на карачках тройчы супраць гадзіннікавай стрэлкі, можна пазбавіцца ад хвароб спіны, і не толькі. Такім чынам, калі хто не атрымаў пазбаўлення ад хваробы ля крыніцы, можа паспрабаваць зрабіць гэта ля паклонных камянёў. Галоўнае — малітва і вера ў вылячэнне.
Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара