Крыніцы зямлі беларускай: па сцюдзёную вадзіцу

- 13:53Новости

Унікальная крыніца, якая ўтрымлівае серабро, знаходзіцца ў ландшафтна-­гідралагічным заказніку “Скрыпуцёва” — за 2,5 км ад вёскі Воўкавічы, што ў Талачынскім раёне.

Дарога да крыніцы грунтавая, так што дабрацца да яе на машыне ў перыяд бездарожжа цяжкавата.

Паводле падання, крыніца ва ўрочышчы Скрыпуцёва існуе ўжо больш як сто гадоў. У 50-я гады мінулага стагоддзя над крыніцай стаяла драўляная капліца, увянчаная крыжам. Сюды ішлі жыхары навакольных
вёсак, прыязджалі з горада, каб узяць вады са святой крыніцы. Да крыніцы запрашалі свяшчэнніка, які служыў малебен і асвячаў ваду. Мясцовыя жыхары расказвалі пра выпадкі вылячэння ад крынічнай вады. У 60-я гады надкрынічную капліцу спалілі. Кажуць, чалавек, які гэта зрабіў, пасля цяжка захварэў… А крыніца прыйшла ў запусценне, зарасла хмызняком. Вада ў ёй то знікала, то з’яўлялася зноў, але ўжо ў іншым месцы. У 1988 годзе веруючыя ачысцілі месца вакол крыніцы, пабудавалі над ёй новую капліцу. З таго часу тут аднавілася малітва. Штогод у дзень Святога Духа сюды накіроўваюцца паломнікі з навакольных сёл, далёкіх рэгіёнаў. Свяшчэннаслужыцелі Пакроўскага храма Талачына ля крыніцы здзяйсняюць вадасвятны малебен.

Крыніца, што б’е з-пад зямлі, заключана ў кало­дзеж, над якім пабудавана драўляная капліца з конусападобным дахам, увянчаным праваслаўным крыжам. З калодзежа вада паступае ў размешчаную ніжэй адкрытую купель для акунання і далей — у раку Крывую (прыток Друці).
Паколькі крыніца знаходзіцца на дне рова, падыход да яе абсталяваны драўлянымі прыступкамі з поручнямі. Вада чыстая, празрыстая  смачная, па словах мясцовых жыхароў, мае гаючыя ўласцівасці. Крынічная тэрыторыя добраўпарадкавана і дагледжана, побач абсталявана месца для адпачынку.

Інфармацыйны шчыт паведамляе, што гідралагічны заказнік мясцовага значэння “Скрыпуцёва” агульнай плошчай 27 га ўтвораны ў 1993 го­дзе рашэннем Талачынскага райвыканкама з мэтай захавання ўнікальнага ландшафтнага комплексу.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара