Крыніцы зямлі беларускай: «Прадцечанская»

- 15:33Новости

Крыніца “Прадцечанская” знаходзіцца ў сасновым бары, недалёка ад вёскі Вялікая Кракотка, што ў Слонімскім раёне.

Крыніца нібы прабіваецца з пяску на беразе рэчкі Іарданкі. Некалі яна была больш глыбокай і шырокай, але пасля меліярацыі стала невялікім ручайком.

У багаборніцкія часы крыніца прыйшла ў заняпад, а вось у 1991 годзе намаганнямі мясцовых жыхароў была адноўлена і асвечана.

Над крыніцай пабудавана капліца. Побач — калодзеж. З правага боку ад асноўнага ўвахода на крынічную тэрыторыю з мармуровых пліт уладкавана месца, дзе можна не толькі выпіць і набраць вады, але і пабыць у цішыні, падумаць аб патаемным, памаліцца, папрасіць дапамогі ў святога Іаана Прадцечы.

Па сведчанні старажылаў, крынічная вада тут мае гаючыя ўласцівасці, дапама­гае тым, у каго хваробы вачэй.

Пра крыніцу складзена легенда. Некалі гэтая зямля належала пану Скурату, у якога была дачка. У дзяўчынкі быў вельмі дрэнны зрок. У вёску прыйшоў старац, спыніўся каля гары, з якой цякла вада. Ён напіўся гэтай вады, апаласнуў твар, і вочы сталі ба­чыць лепш. Старац прыйшоў у вёску, расказаў усё людзям, а яны гэтую гісторыю расказалі пану Скурату. З таго часу слава пра гаючую крыніцу хутка распаўсюдзілася сярод жыхароў найбліжэйшых паселішчаў…

Цяпер крыніцу шануюць і наведваюць як мясцовыя жыхары, так і паломнікі. Асабліва ўрачыста і шматлюдна тут 7 ліпеня, у Дзень Нараджэння святога Іаана Прадцечы. Сюды ідуць з хрэсным ходам, праводзяць малебен з асвячэннем вады.

Крыніца ўваходзіць у комплекс Свята-Засіма-Саваціеўскага мужчынскага манастыра, які знаходзіцца ў вёсцы Вялікая Кракотка. Храм быў узведзены ў 1883 годзе. У 1960-я гады будынак царквы быў аддадзены пад клуб, але ў такой якасці ніколі не выкарыстоўваўся. Да канца 80-х гадоў ад некалі прыгожай царквы засталіся толькі паўразбураныя сцены. У пачатку 90-х яна была адноўлена.

У 2002 годзе ў пустым будынку школы, што знаходзілася побач, брація Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра размясціла свой скіт. Крыху пазней была асвечана дамавая царква ў гонар Салавецкіх цудатворцаў, а ў манастыр былі дастаўлены часцінкі святых мошчаў прападобных Засімы, Савація і Германа. У чэрвені 2009 года святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы пастанавіў адкрыць у Вялікай Кракотцы мужчынскі манастыр.

Наваколле вёскі Вялікая Кракотка ўражвае сваёй непаўторнай прыгажосцю. Прыезджых тут сустракае рэдкая цішыня, а летам — тонкія пахі палявых кветак і ўнікальнага ядлоўцавага гаю, узрост якога больш за 500 гадоў. У Беларусі такія гаі сустракаюцца рэдка.

Галоўнай святыняй манастыра з’яўляецца абраз Салавецкіх цудатворцаў з часцінкамі мошчаў святых. Яшчэ адной святыняй з’яўляецца абраз Божай Маці “Скорапаслушніца”, напісаны спецыяльна для манастыра разам з аднайменным цудатворным абразом на святой гары Афон манахамі Дахіярскага манастыра. Кожны дзень браціяй манастыра перад абразом здзяйсняецца чытанне акафіста.

 Сёння дзверы манастыра адчынены для ўсіх, хто жадае памаліцца і папраца­ваць у славу Божую. Пры манастыры дзейнічаюць майстэрні па вырабе царкоўных рэчаў і прадметаў храмавага ўбрання, адкрыты Дом паломніка.

На самай ускраіне вёскі размяшчаецца рэспубліканскі геолага-геамарфалагічны помнік прыроды “Кракоцкая града”. Па звестках вучоных, яна ўзнікла яшчэ 220 тысяч гадоў назад у ледніковы перыяд. Такія грады ўзнікалі з пяску, камення, у проймах водных патокаў у трэшчынах лёду. На ўездзе ў вёску — велізарны валун, вялікі камень Кракоцкі, які з’яўляецца геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара