Крыніца “Свята-Міхайлаўская” знаходзіцца паблізу вёскі Ставы, што ў Камянецкім раёне, у маляўнічым месцы на беразе ракі Буг.
Крыніца здаўна славіцца пітной вадой з высокімі смакавымі і гаючымі якасцямі, круглы год тэмпература вады каля 7°С. Асвечана ў кастрычніку 2005 года епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам у гонар Архістратыга Міхаіла, таму называецца Свята-Міхайлаўскай. Над ёй пабудаваны калодзеж, побач узведзены купель і капліца, якія ўтвараюць крынічны комплекс. Па ваду людзі сюды прыязджаюць за сотні кіламетраў, не кажучы ўжо пра мясцовых жыхароў. Вучоныя пасля некалькіх гадоў даследаванняў прыйшлі да высновы, што спалучэнне мікраэлементаў у гэтай вадзе вельмі карыснае для арганізма, вылечвае ад розных хвароб.
Месца вядомае яшчэ адной славутасцю. Непадалёк крыніцы ёсць камень, якому здаўна людзі пакланяюцца, паколькі лічыцца, што ён, як і вада крыніцы, прыносіць вылячэнне. Старажылы шануюць гэтае месца як святыню, што непасрэдна звязана з легендай: “Даўным-даўно, калі камяні яшчэ былі мяккія, Маці Божая спусцілася на Зямлю. Яна пайшла па раўніне і, не ўбачыўшы на сваім шляху камень, спатыкнулася. Прайшоўшы далей, яна трапіла ў балота, адзенне яе запэцкалася. Яна вельмі стамілася, выбіраючыся з гэтай багны, сілы пакідалі яе. Тады яна стала пасылаць малітвы Богу, каб ён дапамог ёй вярнуцца на неба. Бог адказаў ёй: “Не журыся і ідзі пад гару, там ёсць крыніца. Знайдзі і адкапай яе, умыйся гэтай вадой. Яна прыдасць табе сіл”. Маці Божая так і зрабіла, як ёй сказаў Бог. І яна адчула, што сілы вярнуліся да яе. Тады яна сказала: “Няхай гэтая вада прыносіць людзям вылячэнне і служыць ім для добрых спраў”. Выламаўшы посах у зарасніку, яна вярнулася да каменя, аб які спатыкнулася, стала на яго і, адштурхнуўшыся, узляцела на неба”. На камені і зараз выразна праглядваюцца адбіткі посаха Маці Божай і яе ступні…
Мясцовыя жыхары абгарадзілі камень драўляным плотам, і кожны, хто прыходзіць сюды, лічыць сваім абавязкам пакланіцца святыні.
Да каменя, дарэчы, прайсці можна толькі пяшком. Прычым мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што раней да каменя хадзілі толькі басанож.
Святы камень і крынічны комплекс унесены ў веласіпедны турыстычны маршрут “Слядамі прыбужскіх тайн”. У гэты маршрут таксама ўваходзіць наведванне размешчанага непадалёк храма прападобнага Ануфрыя Вялікага ў аграгарадку Ставы, у распараджэнні прыхода якога знаходзяцца Святы камень і крынічны комплекс. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. У турыстычны маршрут уключаны таксама старажытны каталіцкі Траецкі касцёл у в.Воўчын і дот — фартыфікацыйнае збудаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны ля вёскі Агароднікі.
Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара