Ксенія Емельяновіч — пра ўрокі ў профільным аграрным класе

- 17:21Образование

Каб вучням профільнага аграрнага класа Азярыцкаслабадской сярэдняй школы Смалявіцкага раёна запомніліся новыя тэмы, настаўніца хіміі Ксенія Емельяновіч праводзіць жывыя ўрокі: тэорыя вывучаецца ў класе, а для замацавання матэрыялу педагог і навучэнцы выязджаюць да работадаўцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Азярыцкаслабадская сярэдняя школа — адна з нямногіх устаноў адукацыі, дзе паспяхова працуе профільны клас аграрнага кірунку. Дзякуючы настаўніцы хіміі Ксеніі Емельяновіч, якая выкладае прадмет на павышаным узроўні, спіс аграрных спецыяльнасцей, на якія могуць паступаць выпускнікі, значна пашыраецца.

“Першы профільны аграрны клас у нашай школе быў адкрыты тры гады назад, — расказвае К.Емельяновіч. — Два навучэнцы з класа паступілі на аграрныя спецыяльнасці. Сёлета ў профілі 10 вучняў. Чакаем, што палова з іх паступіць на аграрныя спе­цыяльнасці ў профільныя УВА краіны”.

Жывыя ўрокі — гэта адмет­насць, якой можа ганарыцца школа. Ксенія Емельяновіч заўважае, што дзеці вельмі любяць такую форму правядзення заняткаў. Дзякуючы супрацоўніцтву з буйным заказчыкам кадраў ААТ “Азярыцкі-Агра”, жывыя ўрокі для навучэнцаў профільнага класа могуць праводзіцца ў розных умовах.

“Калі дзеці хочуць больш даведацца пра аграномаў, іх дзей­насць, мы едзем у поле і праводзім там урок, вывучаем адметнасці і асаблівасці прафесіі, глядзім, з чым яна звязана, — дадае педагог. — Калі вучням становіцца цікавай прафесія ветэрынара, мы едзем на ферму”.

Дзякуючы такому падыходу, навучэнцы не ў тэорыі, а на практыцы знаёмяцца з будучай прафесіяй. Безумоўна, пра ўсе асаблівасці і спецыфіку ім расказ­ваюць спецыялісты прадпрыемства. Заказчык кадраў, з якім супрацоўнічае ўстанова адукацыі, гатовы чакаць сваіх будучых спецыялістаў, выпускнікоў школы, і пасля прыняць іх на работу.

“Узаемадзеянне з прафесіяналамі сваёй справы матывуе дзяцей, — гаворыць Ксенія Аляксандраўна. — Спецыялісты ААТ “Азярыцкі-Агра” часта прыязджаюць у школу па запрашэнні, праводзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Наша супрацоўніцтва вядзецца не проста як сяброўства, а заснавана на абмене вопытам”.

Для замацавання матэрыялу па шматлікіх тэмах, якія вывучаюцца на ўроках, Ксенія Емельяновіч і яе вучні, будучыя спецыя­лісты аграрнага сектара, ездзяць у інстытуты Акадэміі навук, у Батанічны сад.

“Калі практыка праводзіцца асобна ад тэорыі, гэта дазваляе больш грунтоўна вывучыць матэрыял, — упэўнена педагог. — Лічу, што мая задача як настаўніка не проста даць дзецям веды па прадметах, якія выкладаю, а дапамагчы ім сарыентавацца ў будучай прафесіі. Я бачу, з якой цікавасцю і задавальненнем вучні прыходзяць на ўрокі і як радуюцца, калі даведваюцца, што наступныя заняткі будуць выязнымі. Што тычыцца прафарыентацыйнага моманту, то ў найбліжэйшы час плануем праводзіць адпаведныя мерапрыемс­твы і з навучэнцамі пачатковай школы. Ім таксама будзем расказваць пра розныя прафесіі, якія можна атры­маць і якія запатрабаваны ў нашай вёсцы”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА