Куды вядзе Вялікі шлях кіно? Нататкі з юбілейнага кінафэсту «Лістапад»

- 11:05Новости

Юбілейны, XXX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад­-2024” прайшоў пад слоганам “Кіно пад знакам якасці” і прысвячаўся 100­-годдзю беларускага кінематографа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сабраць. Пабачыць. Ацаніць

Дзівоснай кінастужкай, падзеленай на кадры дзён, месяцаў, гадоў, можна ўявіць сабе зямное жыццё. І хоць нябачны праек­тар штогод пракручвае нібыта прывычныя поры года, мы бачым усё новыя кадры, твары, фарбы, вобразы… Толькі б настроіць свядомасць на такое — вобразна-кадравае — бачанне. А памятаеце, як пры хатах у вёсках альбо на гарадскіх дахах раней часам настройвалі-пакручвалі тэлеантэны, каб палепшыць прыём, злавіць якасную карцінку на экран? І на кожны фільм варта настройвацца. Бо можна ж і не ўвайсці ў рэзананс з тымі думкамі, пачуццямі, якія закладвалі ў кінатвор аўтары.

Творчыя людзі глядзяць на свет цераз прызму прафесіі, сфера кінаіндустрыі не выключэнне. Кіношнікі ўспрымаюць рэальнае жыццё з вобразнай падсветкай, з планамі-раскадроўкамі, асацыяцыямі. Вось рэжысёр і сцэнарыст з Індыі Аміт Кумар Джайн, які прывёз на фэст рамантычны фільм “Песні любові”, расказваў пра ўбачаныя ім карціны ранішняга Мінска, “якія так і просяцца ў кіно”. Іншы госць казаў пра фестываль як пра пару, калі падсумоўваецца штогадовы прырост кіналісця на сусветным кінадрэве. Прытым, прадоўжыў ён вобраз, у Мінску збіраюцца лепшыя “лісткі” прыросту, ацэньваюцца экспертамі, гледачамі ды адбіраюцца найлепшыя. Ім — прызы, слава, апладысменты…

І вядомых акцёраў на “Лістападзе” ўшаноўваюць.

Паколькі з часу заснавання кінафэст праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі, то ад яго імя і ўручаецца ў час адкрыцця спецпрыз пад назвай “За зберажэнне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Сёлета ім ушанаваны народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян.

Уручаў прыз намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, ён жа і кіраўнік аргкамітэта “Лістапада”, Ігар Петрышэнка. Дзякуючы за высокую ўзнагароду, артыст згадаў сваю ролю Сцяпана Глушака ў кінакарцінах паводле твораў Івана Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, знятых Віктарам Туравым у 1981 годзе.

Каб зразумець маштаб юбілейнага кінафоруму, звернемся да фактаў. Іх прывялі на прэс-канферэнцыі ў кінатэатры “Перамога” з нагоды закрыцця фэсту: расказалі пра больш як 650 кінапаказаў, якія праходзілі ў Мінску і рэгіёнах краіны, сабралі больш за 30 тысяч гледачоў. І сапраўды, кінастужкі збіралі поўныя залы, скажам, у сталічным кінатэатры “Цэнтральны”, абноўленым і стыльным, з VIP-канапкамі на дваіх ці траіх у канцы залы і вельмі зручнымі крэсламі. “Усё раскуплена!” — казалі акрэдытаваным журналістам білецёры, і мы шукалі вольныя месцы ў зале. А госці фэсту падкрэслівалі ў прыватных гутарках, на прэс-падыходах і тое, як гасцінна ў Беларусі іх сустрэлі, якія камфортныя ўмовы для пражывання, праглядаў, зносін з калегамі стварылі. Зацікаўленыя гледачы, іх рэакцыі на кінадзею таксама, відаць, уплывалі на рашэнні, ацэнкі членаў журы з розных краін. А найбольшую цікавасць выклікалі сеансы, якія былі спалучаны з адкрыццём і закрыццём кінафоруму. Былі паказаны адпаведна беларуска-расійскі фільм “Чорны замак” і работа кінематаграфістаў з Рэспублікі Саха “Там, дзе танцуюць сцерхі”. Па выніках конкурсу якуцкі фільм атрымаў прыз Прэзідэнта Беларусі “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. А кінастужка рэжысёра Кірыла Кузіна паводле дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча адзначана спецпрызам Выканаўчага камітэта СНД за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружбы паміж народамі “Кіно без меж”.

Наша прысутнасць у кінасвеце

Важная дэталь: гэтым разам фільмы беларускіх кінематаграфістаў былі прадстаўлены ва ўсіх сямі конкурсных праграмах. Прыгожы, адрэстаўраваны нядаўна кінатэатр “Перамога” стаў галоўнай пляцоўкай “Лістапада”. Там праходзілі прэс-канферэнцыі, творчыя сустрэчы, дні кіно розных краін. На кінафэст паступілі больш за 3 тысячы (рэкордныя лічбы) заявак з больш чым 120 краін. Таму арганізатары конкурсу — а паказы праходзілі ў сямі намінацыях — нямала папрацавалі “за кадрам”, на першым этапе адбору. У конкурсных праглядах было 137 фільмаў з 42 краін.

А былі ж і пазаконкурсныя паказы. І сёлета, як ніколі раней, арганізатары зладзілі звыш 20 розных фэст-культурных імпрэз: творчых сустрэч, майстар-класаў ад вядомых дзеячаў кінамастацтва. Звернем увагу на фэст-падзею, якая прадаўжаецца да гэтага часу. Мастацкія фотаработы прывёз масквіч Анатолій Забалоцкі, яны яшчэ ў Мінску. Анатолію Дзмітрыевічу 89 гадоў, ён наш супляменнік — родам з сям’і беларусаў-перасяленцаў, якія жылі ў Краснаярскім краі. Закончыўшы знакаміты УДІК (ВГИК), з 1960-га дзесяць гадоў працаваў на гістарычнай Бацькаўшчыне: кінааператарам на “Беларусьфільме”. Здымаў шмат, у тым ліку і такія вядомыя кінастужкі, як “Альпійская балада”, “Праз могілкі”. Мае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”, сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, Уладзімірам Высоцкім — пра тое і ў мемуарах напісаў. Потым працаваў яшчэ ў творчай камандзе Васілія Шукшына, здымаў разам з ім фільмы “Печкі-лавачкі”, “Каліна чырвоная”. Творчая сустрэча з Анатоліем Дзмітрыевічам прайшла ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Яго выставу “Русь. Веси, лики, земля” размясцілі ў духоўна-асветніцкім цэнтры “Каўчэг”. Іншыя работы ўвайшлі ў сумесную з мастаком-пастаноўшчыкам Яўгеніем Ігнацьевым фотавыставу “Мы лишь свидетели на этой земле…” — у павільёне “Буквіца” Усіхсвяцкага храма.

Будзе вельмі дарэчы ў школьнай, пазашкольнай рабоце і прадстаўлены на кінафестывалі першы беларускі 3D-мультфільм-фэнтэзі “Песня Сірын. Крылы славянскіх легенд” Алены Туравай.

Паўнаметражны фармат, займальны аповед пра славянскую міфалогію. Алена Віктараўна і аўтар сцэнарыя. Па яе словах, створана цудоўная казка, якая дапаможа школьнікам, іх бацькам больш даведацца пра вераванні нашых продкаў. Дарэчы, гэты фільм адкрываў і дзіцячы “Лістападзік”, які праходзіў традыцыйна ў кінатэатры “Піянер”.

Алена Турава падкрэсліла, што творчай камандзе хацелася стварыць кіно сямейнае, гэткую прыгодніцкую, фантазійную казку. Такую, што будзе не толькі забаўляць, але і зможа несці павучальны і адукацыйны зарад. Як адзначыла рэжысёр, мы ўсе больш ведаем пра кельцкую, скандынаўскую ці старажытнагрэчаскую міфалогіі, чым пра сваю родную — славянскую і беларускую. А гэта ж не менш цікава! Праўда, пісьмовых крыніц з часоў Вялесавых не збераглося, а славянскія паданні перадаваліся ў вуснай форме, і ў кожным з рэгіёнаў Беларусі яны гучаць з нюансамі. Таму на пачатку фільма яго стваральнікі кажуць: у міфаў ёсць мноства сюжэтаў з рознымі варыяцыямі. Той шлях, якім прайшлі аніматары, не догма, ды і не павінен твор мастацтва быць падручнікам. Галоўнае, што мультфільм атрымаўся маляўнічым, цікавым. Ён і думкастваральны, бо абуджае творчую думку гледачоў — як юных, так і дарослых.

Да народных паданняў

Гледачы “Лістападзіка” пабачылі сем дзіцячых фільмаў з шасці краін, большасць з іх ужо станавіліся лаўрэатамі міжнародных кінаконкурсаў. І фільм “Песня Сірын” быў на “Лістападзе” ўшанаваны прызам ад Мінскага гарвыканкама. У хуткім часе будзе паказвацца, відаць, у кінатэатрах краіны. Не прапусціце і вучням парайце паглядзець — пажадана разам з бацькамі. Падобныя кінатворы каштоўныя тым, што накіроўваюць позірк нібы ўнутр нас саміх. Як вядома, розныя міфічныя героі, багі раней былі не проста гульнёй розуму. Яны і “наглядна” дапамагалі разабрацца ў тым, як уладкаваны свет, якія энергіі напаўняюць яго, як тыя нябачныя энергіі-багі ўзаемадзейнічаюць, ствараючы і бачную нам рэальнасць, і нябачную — духоўны свет. Таму праз славянскую міфалогію можна заглянуць і ўнутр самога сябе, глыбей асэнсаваць нашу культурную спадчыну, якая асвечана як традыцыяй хрысціянскай, так і язычніцкай славянскай. А водгукі апошняй чуюцца і ў многіх народных абрадах, песнях, звычаях.

…Цікава на рытуальных вышыўках, бачных у індыйскім фільме “Песня любові”, пазнаваць арнаменты, знакі сонца, падобныя да нашых. Яны ёсць на старых вясковых беларускіх ручніках, кашулях, тканых коўдрах. Дарэчы, кінематаграфісты Індыі праяўляюць цікавасць да супрацоўніцтва з беларускімі калегамі, на гэты конт у час кінафэсту падпісана пагадненне.

У кінамастацтве розных краін бачны зварот да народных традыцый, паданняў, міфаў — тое адзначаюць кінакрытыкі. Такія творчыя пошукі надаюць фільмам сэнсавую поліфанічнасць, так ствараецца заглыбленая ў нацыянальную традыцыю вобразнасць. Яскравы прыклад — мастацкі фільм “Чан’ань, Сіань” (Кітай), які атрымаў гран-пры “Золата “Лістапада” ў асноўным конкурсе. Радкі анатацыі з каталога: “У горадзе Сіань казахская студэнтка Аяна захапляецца легендай пра Белую Змяю — гэта гісторыя забароненага кахання паміж міфічнай істотай і чалавекам. Рэпетыцыя оперы збліжае Аяну з рэжысёрам Сангарэ… Старажытная легенда пра парушэнне табу, якая стала дзеяй на сцэне тэатра, зменьвае жыццё рэжысёра і актрысы. Аднак цень архаічнага праклёну кладзецца на іх сучаснае сямейнае жыццё”. Першае слова ў назве фільма — назва старажытнай сталіцы некалькіх кітайскіх дзяржаў. Туды ішлі гандлёвыя караваны па Вялікім шаўковым шляху ў Кітай. А Сіань — цяперашні горад на тым жа месцы. І ўявім сабе Вялікі шлях кіно, які злучае індустрыяльны парк “Вялікі камень” з той старажытнай цывілізацыяй…

Кіно будзе!

Напрыканцы нататак згадаем вобразнае меркаванне гаспадароў кінафэсту і яго шаноўных гасцей: мінскі “Лістапад” — свое­асаблівы БРІКС у сферы кіно. Вялікую інтэрнацыянальнасць кінафоруму адзначаў гендырэктар “Беларусьфільма” Юрый Аляксей, добрыя словы ён сказаў пра партнёраў з Кітая, Індыі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, іншых краін. На выніковай прэс-канферэнцыі запэўнілі, што робяцца захады, каб усе лепшыя фільмы “Лістапада” пракаціць у кінатэатрах краіны.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота БелТА