Працоўная акцыя пройдзе ў Курапатах 25 сакавіка, паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
“Федэрацыя прафсаюзаў заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян, арганізацыі незалежна ад палітычных поглядаў, веравызнання прыняць удзел у гэтай добрай справе”, — сказаў старшыня ФПБ. Ён адзначыў, што заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый ужо паступаюць.
Міхаіл Орда таксама паведаміў, што плануецца аб’явіць конкурс на стварэнне мемарыяла памяці і смутку ў Курапатах. Конкурс будзе праходзіць адкрыта. Праект мемарыяла, які стане пераможцам, павінен будзе ўвасабляць гістарычнае значэнне Курапат.
“Мы сёння павінны разам пераадольваць існуючыя цяжкасці і захоўваць памяць, — падкрэсліў Міхаіл Орда. — Нельга на памяці зарабляць сумніўныя палітычныя дывідэнды, тым больш калі гэтымі правакацыямі карыстаюцца для таго, каб расхістаць грамадства”.
Міхаіл Орда нагадаў, што ў час круглага стала газеты “СБ. Беларусь сегодня” вучоныя, грамадскія дзеячы выказаліся за стварэнне ва ўрочышчы Курапаты мемарыяла памяці і смутку. ФПБ гэтую ідэю падтрымлівае.
Круглы стол газеты “СБ. Беларусь сегодня”, на якім абмяркоўваліся гістарычная значнасць і статус Курапат, выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Дзяржаўныя служачыя, гісторыкі, эксперты тады выказаліся за тое, што ўрочышча павінна стаць агульнанацыянальным мемарыялам памяці і смутку. Акрамя таго, удзельнікі круглага стала прапанавалі ўстанавіць там памятны знак.
На думку галоўнага рэдактара газеты “СБ. Беларусь сегодня” Паўла Якубовіча, неабходна арганізаваць шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. “Неабходна сумясціць намаганні дзяржавы, грамадскасці, неабыякавых грамадзян. Гэта могуць быць прадстаўнікі розных партый, рухаў, людзі розных канфесій”, — падкрэсліў ён.
Курапаты сёння ў свядомасці беларусаў стаяць у адным сэнсавым страі з Хатынню, Трасцянцом. “Гэта не пляцоўка для палітычных рысталішчаў, а агульнанацыянальнае месца памяці і смутку”, — перакананы галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня”.
Шырокая грамадская дыскусія неабходна і пры стварэнні памятнага знака. Як мага больш людзей, і не толькі прафесіяналаў, павінны выказаць свае прапановы наконт яго мастацкай інтэрпрэтацыі, лічыць Павел Якубовіч. Ён прапаноўвае таксама правесці вялікую дабрачынную акцыю па зборы сродкаў на ўстаноўку памятнага знака, падобна да таго, як збіраюць грошы на храмы. Пасля таго як помнік у Курапатах будзе адкрыты, ва ўрочышча змогуць прыязджаць людзі, чые сем’і так ці інакш закранулі рэпрэсіі 20—50-х гадоў мінулага стагоддзя, каб ушанаваць памяць родных і блізкіх. Урочышча, дзе трэба арганізаваць пастаяннае добраўпарадкаванне і ахову, змогуць таксама наведваць іншаземцы.