Кветка любові, альбо Літаратурная гульня на ўроку

- 11:59Адукацыйная прастора

У аснове педагагічнага вопыту настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 76 Мінска Святланы Васільеўны Шпакоўскай ляжыць гульня і творчасць. Майстэрства педагога ствараць розныя гульні літаральна з паветра пры кожным зручным выпадку прывяло да выпрацоўкі алгарытму цэлага ўрока ў форме лінгвістычнай альбо літаратурнай гульні. Адукацыйная прастора ў форме літаратурнай гульні дапамагае сфарміраваць уважлівыя адносіны навучэнцаў да мастацкай дэталі, развіць пільнасць і чуласць чытацкага ўспрымання, задаволіць патрэбу ў творчым самаразвіцці. Праламляючыся праз гульню, нават самыя складаныя тэарэтычныя паняцці ў курсе літаратуры ажываюць і лёгка ўпісваюцца ў вопыт дзяцей.
Святлана Васільеўна з’яўляецца аўтарам метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Лінгвістычныя і літаратурныя гульні”. За абагульненне вопыту арганізацыі ўрока ў форме літаратурнай гульні педагог адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

Са школьных гадоў Святлана вельмі захаплялася тэатрам. Ёй падабалася пераўвасабляцца ў якіх-небудзь асоб, спрабаваць выконваць розныя ролі. Некаторы час дзяўчына нават займалася ў тэатральным гуртку. Але калі трэба было вызначыцца, куды паступаць, прыйшло разуменне, што для прафесіі акцёра патрэбны своеасаблівыя якасці характару і яскравы талент. На выбар месца вучобы вялікі ўплыў аказала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 33 Мінска Надзея Пятроўна Арыніч — вельмі цудоўны і сумленны чалавек, прафесіянал у сваёй справе. Яе змястоўныя і цікавыя ўрокі, іх незвычайная глыбіня, адчуванне высокай місіі педагога, жаданне ў жыцці і ў рабоце дайсці да самай сутнасці з’яў прыцягвалі дзяўчыну. Менавіта захапленне асобай любімай настаўніцы, павага да яе і цікавасць да слова паспрыялі жаданню вучыцца на філалагічным факультэце БДУ. А потым аказалася, што, працуючы настаўніцай рускай мовы і літаратуры, можна рэалізаваць усе свае памкненні і жаданні, у прыватнасці, увасобіць мару аб тэатры. Зараз разам са сваімі выхаванцамі Святлана Васільеўна піша сцэнарыі, праводзіць літаратурныя гасцёўні, ставіць спектаклі.Як расказвае С.В.Шпакоўская, пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта яна не адразу прыйшла працаваць у школу. “Калі мае ўласныя дзеці былі маленькімі, хацелася больш увагі ўдзяліць ім, — тлумачыць Святлана Васільеўна. — Таму я пайшла працаваць у дзіцячы садок. На той час шмат перачытала кніг па выхаванні і рабіла ўсё магчымае, каб стварыць творчыя ўмовы для іх развіцця, навучыць малых чытаць, лічыць, пісаць, мы шмат падарожнічалі, ладзілі сямейныя святы. І нават пасля таго, як дзеці падраслі, у школу неяк не адважвалася ісці. Разумела, што яна вымагае шмат душэўных і фізічных сіл, ды і дзеці патрабуюць вялікай аддачы. Нават некаторы час працавала ў камерцыйнай фірме. Але адчула, што гэтая руцінная работа не для мяне, што я ўсё ж такі чалавек творчы і мне хочацца рэалізаваць сябе, свае жаданні і мары”.
Па глыбокім перакананні настаўніцы, кожны навучэнец па-свойму адораны. Таму вельмі важна ўбачыць у кожным вучню ўнікальную творчую асобу, дапамагчы паверыць у сябе і раскрыцца. І ўсе напрамкі работы, па якіх працуе педагог, — слоўная творчасць, літаратурныя гасцёўні, лінгвістычныя і літаратурныя гульні, тэатральная дзейнасць — даюць магчымасць вучням рэалізаваць сябе, дапамагаюць ім раскрыць свае таленты.
“У майго любімага аўтара Антуана дэ Сент-Экзюперы ёсць цудоўная думка: “Вельмі многа ў свеце людзей, якім ніхто не дапамог абудзіцца”. І вось жаданне дапамагчы сваім выхаванцам “абудзіцца” ў мяне таксама ёсць, — заўважае настаўніца. — Мне падаецца, што мэта адукацыі і выхавання — гэта не толькі засвойванне асобных прадметаў і фарміраванне ключавых кампетэнцый (што даволі часта прыводзіць да адчування нейкай фрагментарнасці свету і чалавека), але і навучанне найважнейшему прынцыпу: пазнай сябе. У школе дзіця ў першую чаргу павінна пазнаць сябе, успрыняць сябе як цэласную асобу, якая, як магніт, будзе прыцягваць да сябе неабходныя веды, уменні і звычкі, шукаць магчымасці самарэалізацыі, духоўна расці і самаўдасканальвацца на працягу ўсяго жыцця. Для мяне на любым уроку галоўнае — не кіпа інфармацыі, не бліскучая методыка, а зносіны і супрацоўніцтва. Менавіта ў зносінах, сумеснай творчай дзейнасці раскрываецца педагог і яго вучні, знаходзяцца пункты судакранання, якія можна разгарнуць далей. На маю думку, формула паспяховага ўрока такая: зносіны плюс супрацоўніцтва плюс гульня плюс творчасць у прасторы любові і свабоды роўна самарэалізацыі і самаўдасканаленню асобы вучня і педагога ў свеце радасці”.
Фарміраванню чалавека, які ўдасканальвае сябе, які здольны прымаць рашэнні, адказваць за іх, знаходзіць шляхі іх рэалізацыі садзейнічае сістэмна-дзейнасны падыход у навучанні, што і рэалізуецца Святланай Васільеўнай. Настаўніца пераканана, што за ўменнямі, навыкамі, развіццём і выхаваннем заўсёды павінна стаяць дзеянне. Цэнтрам дзейнасці становіцца навучэнец, а настаўнік выступае ў ролі памочніка, кансультанта, які заахвочвае арыгінальныя знаходкі, стымулюе актыўнасць, ініцыятыву, самастойнасць. Для рэалізацыі сістэмна-дзейнаснага падыходу ў навучанні Святлана Васільеўна выкарыстоўвае тэхналогію французскіх педмайстэрняў, а таксама гульнявую тэхналогію. Гульня, па меркаванні С.В.Шпакоўскай, раскрывае прыродны патэнцыял дзіцяці, пабуджае яго да дзейнасці і самавыяўлення, стварае ўнікальную прастору для развіцця творчых здольнасцей і самарэалізацыі. Правядзенне ўрокаў у форме гульні дазваляе вырашыць супярэчнасці паміж багатым патэнцыялам гульні і складаным, сур’ёзным праграмным матэрыялам; паміж імкненнем навучэнцаў да творчасці, арыгінальнасці і традыцыйнымі формамі і метадамі правядзення ўрокаў; паміж велізарнай сістэмай ведаў, уменняў і навыкаў, што прад’яўляюцца навучэнцам, і няздольнасцю прымяніць іх у сістэме і ў нестандартных сітуацыях.
А пачалося ўсё з лінгвістычнай гульні. Спачатку яна была элементам урока настаўніцы, потым асобным яго этапам і, у рэшце рэшт, формай арганізацыі адукацыйнай прасторы. Паступова склаўся алгарытм правядзення ўрока ў форме лінгвістычнай гульні, які быў апрабаваны на працягу некалькіх гадоў і потым паслужыў асновай для праектавання і мадэлявання ўрокаў у форме літаратурнай гульні.
Як прызнаецца настаўніца, штуршком да творчых пошукаў у гэтым напрамку стала кніга В.Харытонавай “Інтэлектуальныя літаратурныя гульні для навучэнцаў 10—11 класаў”, якая трапіла ёй у рукі. Яна ўяўляла сабой набор конкурсаў і творчых заданняў, не звязаных паміж сабой. Гэтыя конкурсы і творчыя заданні арганічна ўпісаліся ў структуру ўрока. А потым настаўніца пачала прыдумваць і свае гульні. Прычым на ўрок яна падбірала не проста асобныя конкурсы, а тыя, якія б былі сюжэтна, кампазіцыйна, праблемна звязаны з самім творам, прадумвала іх паслядоўнасць, логіку развіцця ўрока, а таксама сістэму творчай дзейнасці навучэнцаў. “Самае важнае для мяне было напоўніць несур’ёзную, на першы погляд гульнявую форму ўрока глыбокім, насычаным, праблемным зместам. У выніку ў працэсе шматгадовай практыкі склаўся канструктар, на аснове якога можна мадэляваць урокі абагульнення і сістэматызацыі ведаў вучняў у форме літаратурнай гульні”, — заўважае Святлана Васільеўна.
Пры падрыхтоўцы і правядзенні гэтых урокаў можна выдзеліць тры этапы: падрыхтоўчы (арганізацыя творчых груп, выбар лідара, дамашняе заданне), асноўны і рэфлексія. На падрыхтоўчым этапе вучні разбіваюцца на дзве-тры каманды, кожная каманда выбірае лідара. Настаўніца ўлічвае тыя ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж навучэнцамі, псіхалагічны клімат у класе, узровень іх пазнавальных патрэб і інтарэсаў. У якасці дамашняга задання, на падрыхтоўку якога звычайна даецца адзін-два тыдні, навучэнцам прапаноўваюцца пытанні і індывідуальныя заданні, якія звязаны з іх любімымі захапленнямі. Асноўны этап урока ўключае разнастайныя творчыя конкурсы — як універсальныя, так і ўнікальныя. Да ўніверсальных конкурсаў адносяцца літаратурная размінка “Усялякая мешаніна” ці “Літаратурны калейдаскоп” (кожнай камандзе прапануецца набор пытанняў, якія часцей за ўсё правяраюць уважлівае чытанне літаратурнага твора, веданне яго дэталяў), “Скарбонка афарызмаў” (дамашняе заданне, у якім навучэнцам прапануецца выпісаць з тэксту твора крылатыя выслоўі ці ўставіць ключавыя словы ў цытаты з афарызмамі), “Інтэрв’ю ў літаратурных герояў” ці “Споведзь літаратурных герояў” (пераўвасобіўшыся ў тых ці іншых персанажаў, гульцы адказваюць на шэраг пытанняў, звязаных з жыццём гэтых персанажаў) і інш. Унікальныя конкурсы — конкурс-гульня “Бурымэ” да рамана А.Пушкіна “Яўгеній Анегін”, конкурсы “Тайны чалавечага сумлення”, “Думка сямейная”, конкурс-даміно “Па слядах літаратурных герояў” і інш. Этап рэфлексіі можа ўключаць абмен вуснымі выказваннямі ўдзельнікаў, гасцей і журы, пісьмовыя сачыненні-мініяцюры, складанне асацыятыўных радоў і інш. Напрыклад, навучэнцам прапануецца напісаць ад імя пісьменніка парады бацькам і дзецям (урок-гульня па рамане І.Тургенева “Бацькі і дзеці”).
У якасці журы на ўрок запрашаюцца настаўнікі і вучні старшых класаў. Яны не толькі ацэньваюць выступленні ўдзельнікаў, але і сочаць за дысцыплінай у камандах, уменнем супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць, сумесна вырашаць праблемныя задачы. Акрамя таго, у асноўную прастору ўрока настаўніца арганічна ўпісвае інсцэніроўкі, мастацкія пераказы ўрыўкаў, музычны і ілюстрацыйны матэрыял і інш.
Цікавым атрымаўся ўрок рускай літаратуры ў 10 класе па рамане Л.Талстога “Вайна і мір” “Таямніцы шчасця і згоды паміж людзьмі”. Ён пачаўся з лірычнага ўступу настаўніцы — яркага, выразнага, павучальнага слова. Святлана Васільеўна абагульніла прачытанае, плаўна перавяла размову ў міні-дыскусію: “А чым для вас цікавы раман? Аб чым ён прымусіў задумацца? Чым наталіў ваш розум і ваша сэрца? Якой гранню павярнуўся? Якія ўражанні, пачуцці, думкі выклікаў?”
Потым клас падзяліўся на групы, прайшло прадстаўленне каманд. Каб распаліць іскрынку цікавасці, натхнення, камандам было прапанавала першае конкурснае выпрабаванне — конкурс “Усялякая мешаніна”: камандам задаваліся пытанні, з дапамогай якіх правяралася веданне дэталяў тэксту, а таксама ўважлівасць і кемлівасць. Сярод пытанняў, што прапаноўваліся вучням: “Які герой валодаў фенаменальнай здольнасцю спяваць песні так, як спяваюць птушкі? Што выратавала П’ера ад смяротнага пакарання?”
У рамане вялікае значэнне маюць родавыя прозвішчы, прыналежнасць герояў да выбітных дваранскіх родаў. Конкурс “Думка сямейная” быў накіраваны на веданне прадстаўнікоў старажытных родаў (Растовых, Балконскіх, Курагіных) і вызначэнне навучэнцамі рыс, характэрных для кожнага сямейства. Далей вучні паспаборнічалі ў конкурсе “Пазнай літаратурнага героя” (па апісанні ім неабходна было пазнаць персанажаў рамана) і конкурсе-даміно “Па слядах літаратурных герояў” — каманды атрымалі разрэзаныя карткі з асноўнымі этапамі жыццёвага шляху П’ера і Андрэя Балконскага і карткі з цытатамі з твора, ім неабходна было размясціць іх у пэўнай паслядоўнасці, выбудаваць траекторыю духоўнага шляху героя.
Адзін з самых любімых конкурсаў дзяцей — “Колеравая палітра” — таксама прысутнічаў на ўроку. Кожная каманда атрымала каля 18 палосак кардону розных колераў, і навучэнцам неабходна было ахарактарызаваць герояў з іх дапамогай. Прычым гэты конкурс, як, дарэчы, і ўсе астатнія, нарадзіўся з самой тканіны твора: Наташа Растова неяк прызналася маці, што кожны чалавек выклікае ў яе пэўныя колеравыя асацыяцыі і нават уяўляецца ў вобразе пэўнай геаметрычнай фігуры.
Конкурс “Разумныя рэчы” дазволіў вучням патлумачыць сувязь паміж прадметамі са старога скуранога партфеля (шахматы, бульбіна, сшытак, на вокладцы якога напісана “Дзённік”, Евангелле) і героямі талстоўскага рамана.
Напрыканцы ўрока кожны ўдзельнік гульні ў агульнай картцы дасягненняў ацаніў свой асабісты ўклад ва ўрок (самаацэнка), капітан каманды разам з памочнікам ацанілі ўклад кожнага ўдзельніка гульні ў падрыхтоўку дамашняга задання і групавую работу на ўроку (узаемаацэнка).
Завяршыўся ўрок конкурсам-рэфлексіяй “Кветка любові” — камандам неабходна было стварыць сваю кветку і на пялёстках напісаць таямніцы шчасця і згоды паміж людзьмі. Вучні прыйшлі да высновы, што найвышэйшага шчасця героі Л.Талстога і сучасныя людзі дасягаюць у пачуцці яднання з сям’ёй, з каханымі, сябрамі, народам, чалавецтвам і нават цэлым Сусветам.
Па словах настаўніцы, урокі рускай літаратуры ў форме гульні дазваляюць у незвычайнай форме абагульніць і сістэматызаваць веды вучняў, лёгка інтэграваць розныя віды мастацтваў, часта ўрокі ператвараюцца ў творчы сплаў мовы, літаратуры, выяўленчага мастацтва, музыкі і тэатра. Такія заняткі натхняюць, прыносяць пачуццё радасці, ствараюць умовы для асабістага раскрыцця. У вучняў абуджаецца інтарэс да літаратуры. Акрамя таго, адукацыйная прастора ў форме літаратурнай гульні за межамі ўрока знаходзіць свой працяг. Напрыклад, міні-даследаванне “Музыка ў рамане М.А.Булгакава “Майстар і Маргарыта” з літаратурнай гульні “Пока не меркнет свет, пока горит свеча” перарасло ў навукова-даследчую работу, над якой працавала дзевяцікласніца Эвяліна Ботвіч пад кіраўніцтвам настаўніцы. Гэтае даследаванне было адзначана дыпломам І ступені на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі і атрымала дыплом ІІ ступені на рэспубліканскай. Міні-інсцэніроўка ўрыўка з камедыі М.Гогаля “Рэвізор” стала першай прыступкай да тэатральнай пастаноўкі цэлага спектакля “Фантазіі паводле Гогаля”.
Гэтую творчую работу Святлана Васільеўна Шпакоўская мяркуе працягваць і далей. У лютым разам з калегай з суседняй установы адукацыі яна плануе змайстраваць літаратурную гасцёўню, прысвечаную творчасці А.Блока “Снежныя маскі”, паставіць з навучэнцамі сцэны з камедыі Д.Фанвізіна “Недоросль”. Мяркуе настаўніца распрацаваць сцэнарыі для правядзення літаратурных гульняў у сярэдніх класах, а таксама выдаць метадычны дапаможнік для настаўнікаў “Літаратурныя гасцёўні”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.