Малады, крэатыўны, адкрыты, вясёлы і знаходлівы, лёгкі ў зносінах, з запасам гумару на найбліжэйшыя 90 гадоў! Так можна сказаць пра педагога дадатковай адукацыі Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці Максіма Мікалаевіча Антонава, які з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “КВЗ”. За час існавання аб’яднання (а гэта толькі 8 месяцаў) дзеці прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах рознага ўзроўню, і кожнае іх выступленне было выніковым. У чым асаблівасці КВЗ і якое КВЗ-шнае жыццё ў Слоніме? Пра гэта гаворым з М.М.Антонавым.
— Для мяне КВЗ — гэта лад жыцця, — пачынае Максім Мікалаевіч. — Для кожнага, хто хаця б адзін раз сутыкнуўся з гэтай цудоўнай гульнёй, гэтая абрэвіятура пакінула ў жыцці свой персанальны і непаўторны след. Для мяне КВЗ — больш, чым проста гульня.
— З чаго ўсё пачыналася?
— Напэўна, ва ўсіх у дзяцінстве былі дошкі з літарамі-магнітамі. З іх яшчэ трэба было складаць словы. Не ведаю, паверыце вы мне ці не, але першым складзеным мной словам было не мама, не тата, а КВЗ. Канечне, гэта атрымалася выпадкова, але, як аказалася, лёсавызначальна. Тады мне было пяць гадоў. Атрымліваецца, што ўжо 25 гадоў я хварэю на КВЗ. Не прапускаць ніводнага эфіру найвышэйшай і прэм’ер-ліг, трымаць афіцыйны сайт КВЗ у закладках — усё гэта ўжо ўвайшло ў звычку.
— Ці памятаеце свой першы выхад на сцэну?
— Так, гэта было ў маёй роднай школе № 10 Слоніма, калі была гульня КВЗ паміж 10 і 11 класамі. Першы раз быў вельмі дзіўны, сумбурны і практычна імгненны, але гульня была выйграна, і ўсе засталіся задаволены. З гэтага ўсё і пачалося.
— Як вы пачыналі свой шлях гульца ў КВЗ?
— Пасля таго як наша каманда ў 2005 годзе заняла на вобласці 1-е месца, а на рэспубліцы — 4-е, заняцца КВЗ сур’ёзна мне прапанаваў Валерый Уладзіміравіч Клыбік (у тыя гады загадчык аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама). Ён праклаў мне шлях у КВЗ. Паступіўшы на завочнае аддзяленне ў Гро-дзенскі каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Арганізатар свят і мерапрыемстваў”, я пачаў працаваць у Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі кіраўніком студыі КВЗ.
У 2005 годзе арганізаваў каманду гульцоў КВЗ са сваіх жа навучэнцаў: Кірыла Відусава, Ільі Юрчака, Дзяніса Дзмітрэнкі — хлопцы былі ўсяго на 2—3 гады маладзейшыя за мяне. Першы год быў удалы: мы ўдзельнічалі ў Гродзенскай студэнцкай лізе КВЗ і дайшлі да паўфіналу. Але хлопцы скончылі школы і разляцеліся хто куды. У 2006 годзе з камандай, у склад якой уваходзілі Мікіта Пяцелін, Глеб Еднач, Ірына Рэпінская, мы занялі 3-е месца ў абласной лізе КВЗ. Па выніках гульні з нашай каманды мяне ўзялі ў склад каманды “ДеПо” (дети понедельника) ад Гродзенскай вобласці. З той пары пачаў гуляць у Еўралізе КВЗ. У 2008 годзе наша каманда стала чэмпіёнам, заваяваўшы 1-е месца. У 2014 годзе я ўдзельнічаў у тэлеперадачы “Рассмяшы коміка”, якая праходзіла ў Кіеве. На жаль, рассмяшыць комікаў мне не ўдалося, але ўражанні ад удзелу засталіся самыя лепшыя. У цяперашні час з’яўляюся адным з гульцоў каманды “Зборная МДЛУ” (Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта). У гэтым годзе мы ўдзельнічалі ў лізе КВЗ у Тальяці, занялі 1-е месца ў 1/8, прайшлі ў 1/4 фіналу.
— КВЗ для вас — гэта гульня, хобі, работа або забава?
— Гэта не проста гульня. КВЗ — гэта самая крэатыўная творчасць, якую можна прыдумаць, таму што тут трэба ўмець рабіць усё. А калі каманда імкнецца трапіць у прэм’ер-лігу або найвышэйшую лігу, гэта яшчэ і работа: працуеш над сабой, працуеш над камандай, пішаш жарты, рэпеціруеш. Для мяне КВЗ — захапленне.
— Былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць і завязаць з гумарам?
— Моманты, калі хацелася кінуць КВЗ, безумоўна, былі, але зараз пра іх не ўспамінаеш. У 2008 годзе закончыўся КВЗ для мяне ў Слоніме. Але і тады не змог без гэтай гульні. Яна проста так не адпускае. У 2010 годзе ўдзельнічаў у першым сезоне перадачы “Камедзі батл”. Гумар б’е як з фантана, нічога не зробіш.
— Калі б можна было перажыць жыццё нанава, пачалі б гуляць у КВЗ?
— Так, гуляў бы. КВЗ — гэта маё жыццё. У ім увасабляецца мой гумар. Толькі спачатку пабудаваў бы сваю кар’еру КВЗ-шніка, а потым — сям’я, работа. А то зараз вельмі складана. Трэба разрывацца паміж любімай справай, навучаннем і любімай сям’ёй. Але я ні аб чым не шкадую! (У цяперашні час Максім Мікалаевіч завочна вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ на спецыяльнасці “Тэлебачанне і радыёвяшчанне”.)
— Якім павінен быць КВЗ-шнік?
— Маладым, актыўным, у яго павінна быць мэта ў жыцці, а яшчэ, канечне ж, адукаваным. КВЗ-шнік павінен быць знаходлівым ва ўсім! І ўвогуле, КВЗ-шнік — гэта чалавек, які глядзіць на свет пазітыўна, з усмешкай на твары. КВЗ-шнікі — людзі асаблівыя, з імі не засумуеш не толькі на сцэне, але і ў жыцці.
— Скажыце, як вы набіраеце навучэнцаў у сваё аб’яднанне?
— У пачатку навучальнага года ў горадзе быў арганізаваны раённы фестываль школьных каманд КВЗ. Я быў вядучым гэтага фестывалю, бачыў выступленні ўсіх каманд. Ужо тады заўважыў таленавітых дзяцей, потым звязаўся з імі і запрасіў у каманду. Так і сфарміравалася каманда з дзяцей, якім цікава займацца КВЗ.
Каб дабіцца якіх-небудзь вынікаў, дзецям трэба аддаваць КВЗ вельмі многа часу, плённа працаваць. А ў дзяцей, якія прыходзяць да мяне ў аб’яднанне, на першым месцы стаіць навучанне, а КВЗ — пакуль проста хобі. Вельмі многа часу і сіл аднімаюць рэпетыцыі перад выступленнем. Таму ў КВЗ застаюцца толькі адзінкі, самыя трывалыя і зацікаўленыя. КВЗ, канечне, вясёлая гульня, але займацца ёй трэба сур’ёзна!
— Чаго вы дабіліся за год работы ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі?
— Я лічу, што дзеці дабіліся шмат чаго, асабліва ўлічваючы тое, што займаюцца яны толькі першы год і гэта навучэнцы 9—10 класаў. У нас усе гульні выніковыя: 2-е месца ў Абласным чэмпіянаце КВЗ і 2-е месца ў V Рэспубліканскім турніры НЦМТДіМ сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай”; 1-е месца ў абласным этапе і 1-е месца ў Рэспубліканскай творчай акцыі “Асенні марафон”; 2-е месца на Абласным чэмпіянаце КВЗ сярод каманд МНС; 2-е месца на абласным этапе і 3-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе (фестывалі) гумарыстычнага кіно “Жарт”. У красавіку навучэнцы ўдзельнічалі ў кубку школьнай лігі КВЗ “Надзея сезона” ў Мінску. У выніку яны сталі пераможцамі, заваяваўшы галоўны прыз — кубак КВЗ.
— У вашай камандзе з навучэнцамі дакладна размеркаваны абавязкі: нехта акцёр, а нехта аўтар?
— У асноўным навучэнцы — акцёры, а я — аўтар. Канечне, на занятках мы вучымся пісаць жарты, але пакуль у іх не вельмі атрымліваецца, вопыту не хапае. Але ёсць і здольныя навучэнцы, якія прапаноўваюць цікавыя ідэі і думкі. Мы стараемся быць “універсальнымі салдатамі” ў гэтай бітве. Самы яскравы персанаж у нашай камандзе — Аляксей Парфеня. Лёша — вобраз яркі, неардынарны. А калі ўсё гэта падмацоўваецца яшчэ і тэкставым гумарам, то зала проста ў захапленні. У Мінску на Кубку школьнай лігі КВЗ “Надзея сезона” Лёша быў удастоены звання “Містар гульні” і ўзнагароджаны граматай за лепшую акцёрскую ігру. Хочацца адзначыць, што Аляксей змог рэалізаваць сябе на сцэне менавіта ў КВЗ. Раней у яго ніхто не заўважаў гэтых здольнасцей. І галоўнае — яму гэта падабаецца. Я ведаю, што ён у гэтым годзе збіраецца паступаць па тэатральным напрамку. З аднаго боку, я, канечне ж, рады, што ён прыняў такое рашэнне, што КВЗ паўплываў на яго выбар. Але тады нашай камандзе трэба будзе шукаць ужо іншы яскравы вобраз. Бо каманда — гэта ланцуг, і калі адно звяно выбіваецца — рвецца ўвесь ланцужок.
— Як пераканаць бацькоў навучэнцаў старшых класаў, што КВЗ варта займацца?
— Каб бацькам зразумець, што такое КВЗ, — трэба спачатку схадзіць на “жывы” КВЗ, а потым, безумоўна, паспрабаваць самому. Таму я і планую арганізаваць у Слоніме дарослую лігу КВЗ, у якой удзельнічалі б, магчыма, і бацькі навучэнцаў.
— Чаго не хапае вашай камандзе?
— Канкурэнцыі. Каб расці, патрэбны дастойны сапернік. А спачатку трэба, каб сапернік проста быў. Таму і хочацца развіваць рух КВЗ у Слонімскім раёне сярод моладзі. А яшчэ нам вельмі не хапае прыхільнікаў, калі мы з навучэнцамі выступаем за межамі роднага Слоніма. Таму запрашаю ўсіх, каму цікавы КВЗ, далучыцца да нашай групы ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” “Легіён/КВЗ Слонім”. Нас ужо больш за 200 чалавек. І менавіта там можна знайсці ўсю інфармацыю і прачытаць усё самае арыгінальнае пра нашу каманду, даведацца свежыя навіны.
— Чаго вы хочаце пажадаць сваім гульцам?
— Навучэнцам — арыгінальных жартаў, удалых ідэй, часцей зазнаваць радасць перамог, заўжды ісці да канца, не спыняцца на палове шляху. Кожнаму — знайсці сябе ў гэтым жыцці.
З размовы з навучэнцамі аб’яднання “КВЗ” Як ты трапіў у КВЗ? Якія твае адносіны да гэтай справы? Віка. На сцэне атрымліваеш мора эмоцый і энергіі, ды і ўвогуле паток добрага настрою на штодзённых рэпетыцыях гарантаваны. Аляксандр. Мяне запрасілі ў школьную каманду КВЗ для гульні з камандамі школ горада. Мы там перамаглі. Вельмі многа ўражанняў! Потым усе, хто хацеў, маглі прыйсці на збор, які арганізоўваў Максім Мікалаевіч. Я прыйшоў. Было шмат людзей. Чалавек 30—40. Але з часам хадзіць атрымлівалася не ва ўсіх. Вызначылася каманда, і я ў яе трапіў. Мне падабаецца гуляць у КВЗ. Выходзячы на сцэну, адчуваю кожны раз непаўторныя пачуцці. Назавіце тры складнікі добрай гульні. Віка. Побач — сябры. Якія былі эмоцыі пасля заваявання 2-га месца на Рэспубліканскім турніры сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай”? Максім. Калі мы занялі 2-е месца, эмоцый было многа. Мора пазітыву. Асабліва я ўдзячны Максіму Мікалаевічу Антонаву, таму што цяпер я стаў больш жартаваць і пакідаць усмешку на твары ў іншых людзей. Віка. Гэта былі невыказныя адчуванні! Усе былі шчаслівыя, радаваліся, абдымаліся. Гэты момант я не забуду ніколі. Мы сталі яшчэ больш дружнымі, мы сталі сям’ёй. Наша перамога — гэта безумоўная заслуга Максіма Мікалаевіча, які прывіў нам пачуццё любові да КВЗ, гумару. Аляксандр. Гэтыя пачуцці не апісаць словамі. Мы былі вельмі рады, скакалі ад радасці, абдымалі адно аднаго. І за гэта хачу сказаць вялікі дзякуй Максіму Міка-лаевічу. Ці збіраешся ты звязаць далейшае жыццё з КВЗ? Віка. Хацелася б у будучыні гуляць у КВЗ і дабівацца поспехаў у гэтай галіне. Насця. Я хацела б звязаць сваё жыццё з КВЗ, спадзяюся, што ўсё атрымаецца. Максім. Думаю, што сваё жыццё я не звяжу з КВЗ, але ён мне ў жыцці спатрэбіцца, бо вясёлы, дасціпны чалавек заўсёды знаходзіцца ў цэнтры любой кампаніі. |
Наталля ЯКУТА,
метадыст Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.