Лабараторыя поспеху: як псіхолаг дапамагае дзецям з расcтройствам аўтыстычнага спектра

- 15:42Интервью, Психолог в школе

Дзеці, якім дыягнаставалі аўтызм, вельмі розныя. Некаторыя  маюць фантастычную памяць, а іншым цяжка навучыцца зносінам і запомніць простыя словы. Аўтызм нельга вылечыць, але можна зрабіць так, каб  ён не перашкаджаў развівацца дзіцяці як асобе. Пра тое, як гэта зрабіць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог-псіхолаг Уздзенскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Аліна Юрэвіч.

— Аліна Сяргееўна, на пачатку красавіка адзначаўся Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Што важна ведаць пра гэта педагогам і бацькам? Па якіх прыметах можна западозрыць у дзіцяці расстройства аўтыстычнага спектра?

— Аўтызм, або расстройства аўтыстыч­нага спектра, уяўляе сабой парушэнне развіцця, у выніку якога малыш з ранняга ўзросту не можа эфектыўна ўступаць у сацыяльнае ўзаемадзеянне і падтрымліваць зносіны. Парушэнні развіцця выяўляюцца ў людзей з аўтызмам па-рознаму. Некаторыя не размаўляюць, не разумеюць, калі да іх звяртаюцца. Такія дзеткі не ўмеюць гу­ляць, кантраляваць свае эмоцыі, паводзіны, сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні, бачаць свет у іншых фарбах. Пры гэтым у іх могуць назірацца іншыя асаблівасці паводзін: яны паўтараюць адны і тыя ж рухі, у іх стэрэатыпныя інтарэсы, незвычайныя звычкі.

Выявіць, што ў малыша расстройства аўтыстычнага спектра, можна, самае ранняе, калі яму 11—13 месяцаў. Аб наяўнасці праблемы гавораць зніжаная рэакцыя дзіцяці на сваё імя, няўменне выкарыстоў­ваць жэсты або словы, спецыфічная цікавасць да прадметаў.

Звычайна бацькі не заўважаюць аўтызм, думаюць, што іх дзіця проста некантактнае, што гэта часова і хутка пройдзе, і ўпуска­юць каштоўны час. На жаль, вылечыць аўтызм нельга, але ён паддаецца карэкцыі. Тым не менш не заўсёды затрымка моўнага развіцця азначае наяўнасць аўтызму. Менавіта таму важна звярнуцца да спецыялістаў, каб выключыць праблему або пацвердзіць яе і не ўпусціць шанс, каб дапамагчы малому.

Асноўнымі дыягнастычнымі крытэрыямі, якія дапамагаюць выявіць РАС, з’яўляюцца парушэнне зносін і стэрэатыпныя паўтаральныя паводзіны. Як толькі бацькі заўважаюць такія прыметы, неабходна звярнуцца да псіхолагаў і дэфектолагаў, каб высвет­ліць дакладную прычыну, своечасова даведацца дыягназ і пачаць рэабілітацыю дзіцяці для яго паспяховай сацыялізацыі. Вельмі важна як мага раней пачынаць карэкцыйную работу з лагапедамі, дэфектолагамі і развіваць малога.

Сёння неабходна гаварыць пра тое, што такое аўтызм, як ён праяўляецца і як вызначыць, ці ёсць гэтае парушэнне ў дзіцяці. Таксама неабходна нагадваць, як дапамагчы чалавеку з аўтызмам. Ранняе выяўленне РАС у дзіцяці павышае яго шансы на атрыманне неабходнай педагагічнай, медыцынскай дапамогі, спрыяе павышэнню якасці жыцця сям’і, якая выхоўвае дзіця з асаблівасцямі развіцця.

— Што ляжыць у аснове вашых абавязкаў у рабоце з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў развіцці?

Дзякуючы таму, што скончыла факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ, у мяне двайная спецыяльнасць: педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог. Таму магу прымяняць у сваёй рабоце розныя падыходы, але ўсё залежыць ад таго, што неабходна пэўнаму дзіцяці тут і зараз. Так, праводжу карэкцыйныя заняткі з дзецьмі, якія маюць цяжкія множныя парушэнні, аказваю раннюю комплексную дапамогу малышам ад нараджэння да трох гадоў. У цэнтр іх мамы прыво­дзяць з затрымкай моўнага развіцця, з парушэннямі, якія выкліканы больш цяжкімі захворваннямі.

Вялікае значэнне ў рабоце адводзім дыягнастычнай дзейнасці. Да нас у цэнтр прыходяць дзеці з усяго раёна. Пасля іх абследавання распрацоўваем адукацыйны маршрут. Ён індывідуальны для кожнага дзіцяці і залежыць ад таго, з якімі парушэннямі да нас прыйшоў малыш.

Я вельмі рада, што працую менавіта ў ЦКРНіР. Работа з дзеткамі, якія маюць асаб­лівасці ў развіцці, патрабуе многа рэсурсаў і энергазатрат. Але ў такіх малых ёсць чаму павучыцца кожнаму з нас. Яны вельмі мэтанакіраваныя, ім усё цікава.

— Па якіх прыметах вызначаеце эфектыўнасць сваёй работы і можаце сказаць, што дапамаглі дзіцяці? Якія інструменты выкарыстоўваеце для дасягнення ўстойлівага выніку?

У асноўным працую з малымі на развіццё эмацыянальнага інтэлекту. Для гэтага прадугледжаны спецыяльныя інструменты, сярод якіх — пясочная тэрапія, нетрадыцыйныя метады малявання, калі выкарыс­тоўваюцца губкі, штампы. Увогуле, дзецям, якія наведваюць цэнтр, падабаецца, калі з імі працуюць індывідуальна і творча, удзяля­юць увагу. Яны няўседлівыя, увага ў іх таксама няўстойлівая, а значыць, іх не пасадзіш за парты, як звычайных дзяцей. Неабходна прымяняць творчы падыход у навучанні.

Сказаць, што мая работа была эфектыў­най і прынесла жаданы вынік, магу, калі праводзім маніторынг дзейнасці. Зыходзячы з таго, што ў асноўным працуем з асаблівымі дзеткамі, вельмі цяжка наладзіць з імі зваротную сувязь, правесці рэфлексію, наву­чыць размаўляць, але мы да гэтага імкнёмся і крок за крокам бачым змяненні. Гэтыя змяненні не могуць быць імгненнымі і маштабнымі, бо ў адносінах да аўтыстаў так не бывае. У групе ёсць хлопчык, які размаўляе. Ён пачаў называць мяне Аліна і на кожных новых занятках расказвае пра тое, што мы рабілі на мінулым уроку. Гэта для мяне як для спецыяліста значыць многае, я бачу дынаміку, а значыць, магу гаварыць аб тым, што работа мае станоўчы вынік.

— Не так даўно ваш праект “Кулінарная майстэрня “Лабараторыя поспеху” перамог у рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў. У чым яго ідэя?

Пра тое, што ў краіне праходзіць конкурс маладзёжных ініцыятыў, я даведалася выпадкова з навін у інтэрнэце. У тую ж мінуту знайшла інфармацыю наконт таго, што трэба зрабіць для ўдзелу ў ім. Ідэю падтрымала дырэктар нашага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Вольга Вячаславаўна Пецюкевіч. Я пачала думаць, што ўзяць за аснову праекта, што яшчэ неабходна для работы з дзецьмі. Адказ знайшоўся вельмі хутка. У нашых выхаванцаў ёсць прадмет “Сацыяльна-бытавое абслугоўванне”, але памяшкання, каб праводзіць заняткі па названай дысцыпліне, у цэнтры няма. Я прыдумала кулінарную майстэрню “Лабараторыя поспеху” і знайшла памяшканне для яго рэалізацыі ў суседняй вёсцы Ліцвяны, дзе і зоймемся апрабацыяй ідэі. У кулінарнай майстэрні не толькі я, але і ўсе нашы педагогі, дэфектолагі будуць вучыць дзяцей элементарным навыкам самаабслугоўвання. Не сакрэт, што нашы навучэнцы не ўмеюць выконваць на кухні элементарныя дзеянні, напрыклад, зрабіць сабе гарбату, згатаваць бутэрброды, яечню. Многія ўвогуле не ведаюць, як падступіцца да чайніка, пліты, мікрахвалевай печы. Бацькам дома часта не хапае часу на тое, каб вучыць гэтаму малых, а значыць, гэта можам зрабіць мы. Падчас такога ўзаемадзеяння дзеці будуць камунікаваць паміж сабой, разам з намі, развіваць навыкі самаабслугоўвання. Удзел у праекце будуць прымаць усе 8 дзяцей класа. Таксама да яго далучацца ўдзельнікі бацькоўскага клуба “Гармонія”.

Пасля таго як пакідаюць ЦКРНіР, дзеці пераходзяць у тэрытарыяльны цэнтр са­цыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там на навучанне ўсяму, пра што я сказала, часу ў спецыялістаў не будзе. Калі нашы дзеці навучацца рабіць усё самастойна, іх адаптацыя ў новым асяроддзі пройдзе больш лёгка.

Аліна Сяргееўна, якую ролю ў наладжванні і падтрымцы дзіцяча-баць­коўскіх адносін адыгрывае клуб “Гармонія”, які дзейнічае ў цэнтры? Наколькі неабходна бацькам асаблівых дзяцей падтрымка псіхолага?

— Работа клуба “Гармонія” накіравана на падтрымку і кансультаванне бацькоў, якія выхоўваюць асаблівых дзетак. Пасяджэнне клуба заўсёды прысвечана вызначанай тэме. Што тычыцца метадаў работы з бацькамі, то тут можна прымяняць абсалютна розныя інструменты. Я, напрыклад, вельмі люблю арт-тэрапеўтычныя методыкі. Мамы таксама адгукаюцца на такія спосабы работы. Калі асноўная частка дзейнасці клуба завяршаецца, мы праводзім рэфлексію, п’ём гарбату і размаўляем. Мамам асаблівых дзетак вельмі важна адчуваць падтрымку і ве­даць, што яны не застаюцца сам-насам са сваёй праблемай. Сёння нашы выхаванцы знахо­дзяцца ў падлеткавым узросце, а зна­чыць, праблем у выхаванні стала ўдвая больш. Са звычайнымі падлеткамі цяжка размаў­ляць, а ўявіце, што адбываецца з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў развіцці.

Калі мамы пакідаюць клуб з усмешкай і гавораць “дзякуй”, гэта для нас, спе­цыялістаў, лепшая ўзнагарода і паказчык таго, што ўсё робім правільна.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА