Лагер для юных навукоўцаў

- 11:54Выхаванне

135 школьнікаў прыняў аздараўленчы лагер “Навука-2”, які размясціўся ў аграгарадку Азёры Гродзенскага раёна. Асаблівасць лагера ў тым, што дзеці тут не толькі адпачываюць, але і вучацца на працягу ўсёй змены.

У Гродзенскай вобласці працуюць два дзіцячыя аздараўленчыя лагеры “Навука” для навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучобе, — прызёраў і пераможцаў абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Абласны дзіцячы аздараўленчы лагер “Навука-2” функцыянуе на базе Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна ўжо 17 гадоў. У лагеры навучаюцца і праходзяць аздараўленне адораныя дзеці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

У першай палове дня творча працуючыя педагогі, якія маюць вопыт падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд, праводзяць вучэбныя заняткі. Гэта настаўнікі сярэдніх школ і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Займаюцца з навучэнцамі па 10 прадметных галінах: беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, англійская, нямецкая, іспанская, французская мовы, грамадазнаўства, тэхнічная праца, абслуговая праца, матэматыка.

Орган дзіцячага самакіравання — савет “Навукі” — прымае ўд зел у планаванні, падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў. Традыцыйнымі з’яўляюцца тэматычныя атрадныя дні, інтэлектуальныя, інтэрактыўныя і ролевыя гульні, конкурсы, фестывалі талентаў і нацыянальных культур. Фізкультурна-аздараўленчая работа ўключае спаборніцтвы па футболе, валейболе, настольным тэнісе, а таксама рухавыя гульні на свежым паветры, эстафеты здароўя. Працуюць трэнажорныя залы, арганізоўваюцца заняткі фітнесам і ёгай пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў.

Працуюць у лагеры не толькі вопытныя педагогі школы-інтэрната, але і моладзь. Сёлета лагер прыняў педагагічны студэнцкі атрад з Купалаўскага ўніверсітэта, у склад якога ўваходзяць і былыя выхаванцы нашага лагера, якія сталі студэнтамі ГрДУ.

Студэнтка ўніверсітэта Настасся Болбат расказвае, што тройчы была ў лагеры “Навука”.

— Упершыню лагер адкрыў для мяне свае дзверы, калі я скончыла 8 класаў. Новыя людзі, новая абстаноўка, нязвыклыя для мяне “навукоўскія” традыцыі. І, вядома ж, заняткі. Якім жа гэта спачатку здавалася крыўдным: сядзець у кабінеце, вывучаючы свой прадмет, калі на вуліцы такое любімае лета! А яшчэ было жаданне пераняць неабходныя веды. За 21 дзень у “Навуцы-2” усведамляеш, што заняткі і час, праведзены з дасведчанымі і вопытнымі выкладчыкамі, прайшлі не дарма і база для чарговай алімпіяды ў цябе ўжо ёсць.

Хто хоць аднойчы быў у Азёрах, запомніў непаўторную прыгажосць тутэйшых краявідаў: чыстае паветра, багаты раслінны і жывёльны свет, люстраныя маляўнічыя азёры… Вельмі спрыяльная атмасфера для адпачынку і аздараўлення. Арганізатары лагера паклапаціліся аб тым, каб “навукоўцам” і ў другой палове дня не было часу сумаваць. Толькі-толькі было спартыўнае спаборніцтва, і вось ужо конкурс караоке. Разнастайнасць мерапрыемстваў дазваляе паказаць сябе і паглядзець на іншых, а таксама знайсці сяброў.

Наталля ПІЦКО,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Навука-2”.