Лебедзь, рак і… судак

- 10:38Выхаванне

У Вілейскім дзяржаўным каледжы знакамітую байку Крылова “Лебедзь, рак і шчупак” перайменавалі на свой лад. І няхай не крыўдзіцца на гэта вялікі байкапісец, але менавіта так назваць вядомую байку навучэнцы і педагогі вілейскага каледжа мелі аргументаваную падставу. Справа ў тым, што судак з’яўляецца сімвалам Вілейскага вадасховішча, якое сёлета адзначае свой юбілей. Раней своеасаблівы прафесійны конкурс меў назву “Дзень судака” і праводзіўся ўжо шмат разоў у выглядзе тэатралізаванага кулінарнага шоу. Першыя такія святы, у тым ліку “Дранік-шоу”, настолькі спадабаліся навучэнцам каледжа, што сталі праводзіцца кожны год, і раз за разам у іх прыўносіліся ўсё новыя арыгінальныя рысы.

Цяпер можна без перабольшання сказаць, што гэтыя мерапрыемствы выйшлі за межы навучальнай установы і ў каледж ідуць, як кажуць, на смачны пах не толькі дарослыя гараджане, але і дзеці з навакольных школ. Ужо даўно такія кулінарныя святы лічацца эфектыўнымі прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі, на якіх кухарскую справу можна паспрабаваць нават на смак. Вось і ў гэты дзень у каледж прыйшло больш за 50 чалавек з ліку вучняў і педагогаў з трох школ Вілейкі.
Ініцыятарам свята, як, дарэчы, і шэрага іншых незабыўных мерапрыемстваў, з’яўляецца дырэктар каледжа Ігар Сямёнавіч Кіцікаў. Для яго сёння важна прыцягнуць да вучобы ў каледжы матываваную моладзь, якая імкнецца атрымаць рабочыя прафесіі. А для гэтага неабходна стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для навучання, каб падлеткі з цікавасцю засвойвалі вучэбны матэрыял і адточвалі сваё майстэрства на практыцы. Менавіта такія мерапрыемствы і выконваюць гэтую задачу.
У свяце прынялі ўдзел лепшыя навучэнцы — будучыя кухары, якія дэманстравалі свае прафесійныя ўменні і творчыя знаходкі пры прыгатаванні страў. На гэты раз трэба было запячы судака, курыцу і прыгатаваць страву з морапрадуктаў. Важнай асаблівасцю конкурсу стала ўменне ўпрыгожыць усе тры стравы агароднінай, садавіной, экзатычнымі фруктамі. Але не проста традыцыйна выкласці іх лустачкамі, напрыклад, нарэзанымі памідорамі, агуркамі і лімонам, а стварыць гэтай страве своеасаблівы вобраз, удыхнуць у яе непаўторнасць, чароўнасць і надаць яшчэ больш смаку.
У гэтым годзе мерапрыемства прайшло ў стылі “старыя казкі на новы лад”. Будучыя кухары з каледжа прапанавалі прайсціся казачнымі сцежкамі, сустрэцца з царом, царэвічамі і іх нявестамі, якія прыгатавалі неверагодна смачныя стравы, святочна сервіравалі сталы і незвычайна аформілі свае кулінарныя шэдэўры. Як расказала культарганізатар каледжа С.В.Мацукевіч, сам конкурс быў спланаваны ў выглядзе міні-спектакля, у аснову якога была пакладзена вядомая казка аб тым, як тры царэвічы выбіралі сабе нявест. Згодна са сцэнарыем, тры навучэнкі каледжа сталі Мар’яй-чараўніцай, Аленай прыгожай і Васілісай прамудрай, якія дэманстравалі майстэрства гатаваць ежу сваім жаніхам, а тыя дэгуставалі іх стравы. Навучэнкі каледжа Вераніка Сімак, Настасся Андрыеўская і Алёна Ермаковіч (а менавіта яны выступілі ў ролі царскіх нявест) паказалі свае ўменні ў афармленні і падачы страў з птушкі, рыбы і морапрадуктаў. Стравы, выкананыя ўдзельніцамі конкурсу, атрымаліся на славу: птушка ў мядовым соусе, судак у смятане, фаршыраваныя крэветкі імгненна раставалі ў роце. Самай арыгінальнай была прызнана страва, створаная Алёнай Ермаковіч, з морапрадуктаў і рыбы.
Ала Аляксандраўна Дарошка, майстар вытворчага навучання, працуе ў каледжы 37 гадоў і за гэты працяглы час падрыхтавала сотні кухараў і кулінараў. Вось і на гэтым спаборніцтве выхаванкі Алы Аляксандраўны дэманстравалі свае прафесійныя навыкі, якім навучыла іх майстар. Яна расказала, што прафесійнаму майстэрству вучыць у новай лабараторыі каледжа, дзе сканцэнтравана самае сучаснае абсталяванне, у тым ліку інструменты для карвінгу — майстэрства мастацкай рэзкі фруктаў і агародніны. Калі навучэнцы авалодаюць слайстарам (машынкай для нарэзкі тонкімі лустачкамі амаль што любых прадуктаў), то прыгатаваныя стравы заўсёды будуць прывабнымі і апетытнымі.
Творчыя здольнасці навучэнцаў педагогі развіваюць не толькі на вучэбных занятках, але і на факультатывах, у гуртках мастацкай творчасці. Мяркуючы па водзывах прадпрыемстваў грамадскага харчавання мінскага рэгіёна, выпускнікі вілейскага каледжа добра падрыхтаваны і звычайна там, дзе праходзяць вытворчую практыку, застаюцца працаваць. Гэта лепшая ацэнка працы калектыву вілейскага каледжа на чале з яго кіраўніком Ігарам Сямёнавічам Кіцікавым.

Ала КЛЮЙКО.