Лепшая матывацыя — прыклад кіраўніка

- 12:05Дашкольная адукацыя

У яслях-садзе № 111 Віцебска працуе апантаны калектыў, вынікі работы якога дазволілі саду ў 2019 годзе стаць лепшым у краіне сярод дашкольных устаноў. Загадчыца ўстановы Святлана Леанідаўна Мяснікава не лічыць сябе кабінетным работнікам. Яна прымае непасрэдны ўдзел ва ўсіх адметных падзеях, якія адбываюцца ў садзе. Праходзяць лыжныя спаборніцтвы або велакрос — Святлана Леанідаўна разам з калегамі выпрабоўвае свае фізічныя сілы. Неабходна зрабіць прыгожую кампазіцыю для афармлення хола ці выступіць на конкурсе песень — яна праяўляе свае творчыя здольнасці. Добры прыклад кіраўніка — лепшая матывацыя працаваць якасна для ўсіх супрацоўнікаў.

“Аб прафесіі педагога марыла з дзяцінства, — расказвае Святлана Леанідаўна. — Мае бацькі працавалі ў аддзеле адукацыі, і тата, начальнік гаспадарчай групы, часта браў мяне з сабой у паездкі па школах. Скончыла факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання з выяўленчым мастацтвам і музыкай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Яшчэ на пятым курсе ўладкавалася працаваць у дзіцячы сад. У далейшым спрабавала сябе ў розных прафесіях, але вярнулася да дзяцей. За будаўніцтвам ясляў-сада № 111 я назірала з акна сваёй кватэры і нават не думала, што буду працаваць у такой прыгожай, прасторнай, сучаснай установе. Нечакана ў 2012 годзе загадчыца сада-новабудоўлі Ірына Міхайлаўна Мігалевіч запрасіла мяне стаць яе намеснікам. У той момант я працавала намеснікам загадчыка ў дзіцячым садзе № 89, а таксама вучылася на курсах перападрыхтоўкі ў АПА па спецыяльнасці “Менеджмент у сферы адукацыі”. З Ірынай Міхайлаўнай мы адразу знайшлі агульную мову, сталі добрымі партнёрамі і задалі высокі тэмп работы нашай педагагічнай камандзе, натхняючы яе на рэалізацыю цікавых творчых праектаў.

Першы наш значны праект — музейны комплекс “Горад дзяцінства” з пастаянна дзеючай выставай “Мая Беларусь” і зменнымі міні-выставамі (з гісторыі гадзіннікаў, лялек, кніг, электрычнасці, сямейных калекцый манет, салдацікаў, рэчаў, зробленых сваімі рукамі, і г.д.). Матэрыял для міні-экспазіцый напрацоўваўся выхавальнікамі, дзецьмі і іх бацькамі ў кожнай групе. У 2013 годзе выставы ўтульна размясціліся ў холе ўстановы. Неўзабаве прыйшла ідэя побач з музеем стварыць куток “Віцебск алімпійскі” з цікавымі фотаздымкамі, гісторыямі, медалямі і кубкамі. У садзе пачалася адпаведная адукацыйная дзейнасць: гутаркі, заняткі, “Малыя Алімпійскія гульні”. Вопыт работы ў гэтым кірунку быў прадстаўлены ў 2017 годзе на міжнароднай канферэнцыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Мінску”.

У 2015—2017 гадах установа прымала ўдзел у рэалізацыі абласнога творчага праекта па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У выніку быў створаны аўтарскі электронны адукацыйны рэсурс “Мая Беларусь” для дзяцей 5—7 гадоў у праграмным забеспячэнні RM Easiteach Next Generation. У гульнявым комплексе два галоўныя героі — Васілёк і Васілінка, апранутыя ў беларускае нацыянальнае адзенне. У працэсе работы з комплексам дзеці ў гульнявой форме дапамагаюць героям выкон­ваць пазнавальныя заданні. Гэты дапаможнік выкарыстоўваецца як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. На Рэспубліканскім фестывалі метадычных ідэй “Інтэрактыўны калейдаскоп” ЭАР “Мая Беларусь” атрымаў першае месца ў дзвюх намінацыях, а калектыў адзначаны каштоўнымі падарункамі — інтэрактыўнай дошкай і праектарам.

З 2018 года калектыў установы прымае ўдзел у рэалізацыі абласнога творчага праекта “Выкарыстанне метаду старытэйлінгу ў развіцці ключавых кампетэнцый дзяцей 4—7 гадоў”. Старытэйлінг — гэта ўменне скласці і прыгожа прадставіць пэўную гісторыю, творчы праект, напрыклад, візуалізаваць аповед з дапамогай малюнкаў або лялек, што садзейнічае развіццю маўлення і творчага мыслення. У рамках праекта ўстанова далучылася да работы па развіцці беларускага маўлення ў выхаванцаў праз тэатральную дзейнасць. Нашы творчыя педагогі, сапраўдныя рукадзельніцы, ствараюць цікавыя тэатральныя атрыбуты для розных мерапрыемстваў. Так, кастэлянка Аксана Яўгеньеўна Злоціна зрабіла роставых і марыянетачных лялек — Васілька і Васілінку, якіх педагогі пачалі выкарыстоўваць на занятках, святах і забавах. Гэтыя героі сталі брэндавымі для ўстановы. У 2019 годзе ў садзе была выдадзена кніга “Васіль і Васілінка ў краіне дзяцінства”, у якой сабраны аўтарскія творы на беларускай мове (апавяданні, казкі, вершы), напісаныя бацькамі выхаванцаў, бабулямі і дзядулямі, а таксама супрацоўнікамі дзіцячага сада. Ілюстрацыі да выдання зрабіла мама выхаванкі Алісы Каваленка. Педагогі актыўна карыстаюцца гэтай кнігай на занятках і ў нерэгламентаванай дзейнасці.

З 2018 года ва ўстанове пачата работа па азнаямленні выхаванцаў з беларускім батлеечным мастацтвам, у рамках якой прайшоў конкурс батлеечных тэатраў, створаных педагогамі і бацькамі выхаванцаў. А ў студзені 2019 года адбыўся калядны фестываль “Беларуская батлейка”, на якім дзеці змаглі бліжэй азнаёміцца з асаблівасцямі беларускага батлеечнага тэатра, паглядзець спектаклі, якія ім паказвалі дарослыя і самі дзеці. Выхаванка старшай групы Маша Малаткова правяла даследчую работу па тэме “Чаму батлейка — скарб беларускай культуры?”. Дзяўчынка зрабіла апытанне, разам з аднагрупнікамі наведала віцебскі тэатр “Лялька”, дзе паглядзела паказ, які прайшоў з выкарыстаннем старадаўняй батлейкі, што захавалася ў тэатры. Вынікі даследавання былі прадстаўлены на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь”. Маша заваявала дыпломы І ступені на раённым і абласным этапах конкурсу і прыняла ўдзел у фінале, дзе заняла чацвёртае месца. Вопыт работы ўстановы па знаёмстве дзяцей з батлеечным тэатрам быў прэзентаваны ў мясцовай газеце і на тэлебачанні. У студзені 2020 года ў садзе былі выраблены новыя батлеечныя лялькі, распрацаваны і паказаны новы спектакль для дзяцей “Калядная зорка”. У педагогаў з’явілася ідэя стварэння мабільнага батлеечнага тэатра і рэалізацыі праекта “Беларуская батлейка — дзецям”, у рамках якога творчая група ўстановы будзе знаёміць з батлеечным мастацтвам не толькі сваіх выхаванцаў, але і выхаванцаў і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі Віцебска.

“У групе інтэграванага навучання і выхавання нашага сада займаюцца 12 дзяцей, у тым ліку чатыры малышы з асаблівасцямі псіха­фізічнага развіцця, — расказала Святлана Леа­нідаўна. — З гэтага навучальнага года гарадскі аддзел адукацыі ўвёў пасады двух суправаджальнікаў (цьютараў) для выхаванца з аўтызмам, які наведвае гэтую групу, дзе яму, па словах бацькоў, вельмі камфортна. Пра работу педагогаў у інтэграванай групе складана гаварыць, яе трэба бачыць і адчуваць. Усе педагогі, якія тут працуюць, вучыліся на спецыяльных курсах, дзе рыхтаваліся да работы з асаблівымі дзецьмі. Дзве выхавальніцы групы маюць дзве вышэйшыя адукацыі — дашкольную і спецыяльную (настаўнік-дэфектолаг). Педагогі сада вя­дуць паспяховую растлумачальную работу сярод бацькоў выхаванцаў інтэграванай групы па ўсіх актуальных пытаннях. Часам хочацца плакаць ад радасці, калі бачыш, як звычайныя дзеці праяўляюць любоў і клопат у адносінах да асаблівых дзяцей. Нядаўна падчас выступлення на свяце а­дзін такі асаблівы малыш, ідучы па крузе ў танцы, згубіўся і адстаў ад астатніх. Яго хуценька падхапілі за рукі аднагрупнікі і вярнулі ў круг. Такія моманты вельмі красамоўныя”.

Сярод дадатковых адукацыйных паслуг, якія прапаноўваюцца ва ўстанове, — заняткі ў групе кароткачасовага знаходжання для дзяцей ад паўтара да трох гадоў, харэаграфія, замежная мова і заняткі па развіцці маўлення з выкарыстаннем лагарытмікі. З мэтай развіцця лагічнага і алгарытмічнага мыслення для выхаванцаў сада арганізаваны гурток тэхнічнага канструявання з выкарыстаннем канструктараў для дашкольнікаў з серыі LEGO Education. У ім займаецца 60 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў. Вядуць заняткі педагогі, якія папярэдне прайшлі ў Мінску навучанне на семінары, арганізаваным кампаніяй — прадстаўніком LEGO Education. У планах Святланы Леанідаўны — пачаць сумесна з ПВТ праект “Праграмаванне без разеткі”, каб падрыхтаваць дашкольнікаў да вывучэння інфарматыкі ў школе, сфарміраваць азы інжынернага мыслення.

“Быць добрым кіраўніком установы адукацыі — гэта быць адначасова і педагогам, і псіхолагам, і эканамістам, і будаўніком, і бухгалтарам, — адзначае Святлана Леанідаўна. — Столькі розных пытанняў даводзіцца вырашаць штодня. Але галоўным для мяне заўсёды будзе адукацыйны працэс і яго асноўная мэта — развіццё асобы дзіцяці. Вырашэнне астатніх пытанняў падпарадкавана менавіта гэтай мэце. Можна працаваць па-рознаму: адзін педагог на рабоце толькі назіральнік, кіруецца прынцыпам “абы чаго не здарылася”, а другі імкнецца развівацца сам і развіваць сваіх выхаванцаў. Калі я прымаю новага супрацоўніка на работу, высвятляю, ці гатовы ён працаваць у рэжыме развіцця. Не спяшаюся з рашэннем: можна і пача­каць таго, хто хоча  працаваць творча, не па шаблоне. За апошнія гады ніхто з бацькоў ні разу не паскардзіўся загадчыку на педагогаў. А гэта значыць, што ў калектыве ўмеюць знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, а энергію вельмі актыўных бацькоў, якія імкнуцца паўплываць на адукацыйны працэс, накіроўваюць на карысныя справы, творчыя праекты. Адна з самых галоўных задач педкалектыву ва ўзаемаадносінах з бацькамі выхаванцаў — данесці да іх важнасць сямейнага выхавання. І гэта педагогам добра ўдаецца.

Мы нацэльваем сваіх супрацоўнікаў на самаадукацыю і развіццё, павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі. У мінулым го­дзе кваліфікацыю павысілі 11 нашых выхавальнікаў, у гэтым годзе ўжо 8 чалавек. Нядаўна на базе Віцебскага абласнога ІРА праходзіў семінар для тых, хто плануе атрымаць вышэйшую катэгорыю, дзе педагогаў вучылі правільна абагульняць і прадстаўляц­ь вопыт сваёй работы. На семінар я прапанавала пайсці не толькі выхавальнікам з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, але і з другой, каб яны бачылі перспектыву і ўжо зараз маглі спланаваць сваю педагагічную дзейнасць і самаадукацыю”.

Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска малады і творчы, сярэдні ўзрост яго супрацоўнікаў — 35 гадоў. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у метадычных, творчых і спартыўных мерапрыемствах. Матываваць іх асабліва не трэба, дастаткова таго, што загадчыца сада сама заўсёды ў ліку першых удзельнікаў такіх мерапрыемстваў. Летась, напрыклад, на лыжных гонках сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна Святлана Леанідаўна заняла трэцяе месца. Прыгожыя кампазіцыі на тэрыторыі ўстановы — замкі з каменьчыкаў на бетонных падмурках і гномы — вынік творчай працы загадчыка і намесніка па гаспадарчай рабоце. На працягу месяца яны па выхадных прыходзілі на работу, каб стварыць кампазіцыю на радасць дзецям і дарослым.

Надзея ЦЕРАХАВА.