Сёлета спаўняецца 50 гадоў студэнцкім будаўнічым атрадам. Рамантыка і жаданне паспрабаваць сябе ў рэальнай справе ўсе гэтыя гады прыцягвалі тысячы маладых людзей. Тыя, хто прайшоў праз працоўныя будні, хто паспрабаваў кашы, прыгатаванай на вогнішчы, і да ночы заседжваўся за песнямі пад гітару, і сёння называюць гэты перыяд сапраўднай школай жыцця.Будатрады Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта працягваюць працоўны сезон. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізаваў для журналістаў прэс-тур па месцах, дзе працуюць і набіраюцца вопыту сённяшнія студэнты.
Максім Скурат разам са сваім атрадам праводзіць апрацоўчыя работы ў новай штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Сам Максім у будатрадзе ўпершыню, аднак вопыт работы на будоўлі ў яго ўжо ёсць.
“Мы займаемся тымі работамі, дзе пакуль не патрэбны значныя веды: пагрузка і разгрузка цэглы, устаноўка закладных дэталяў, — расказвае камандзір. — Людзі тут сабраліся па ўласным жаданні, таму працаваць у камандзе не складана”.
На рэканструкцыі лыжаролернай трасы ў спартыўным комплексе “Раўбічы” таксама працуюць аднадумцы. Амаль усе яны аднагрупнікі, дапаўняюць кампанію сябры з патока факультэта энергетычнага будаўніцтва.
“Мы задаволены работай студэнтаў, — адзначае прараб Сяргей Аляксандравіч Сакун. — Калі работа арганізавана, то праблем не ўзнікае. Канечне, умовы надвор’я былі не зусім спрыяльныя, але нам удалося падстроіцца пад іх.
Дзяўчаты ў асноўным працавалі на азеляненні: іх задачамі былі падрыхтоўка і размеркаванне расліннага матэрыялу, пасадка травы. Хлопцам дасталіся больш складаныя работы. Аднак, скажам, на бетонных работах і зарабіць можна крыху больш.
Я сам у студэнцкія гады праводзіў лета на будоўлі, мы з сябрамі самастойна шукалі месцы, дзе прайсці практыку. Па спецыяльнасці я інжынер-дарожнік, таму мне ўдалося паўдзельнічаць у будаўніцтве кальцавой дарогі і віцебскай трасы. Для мяне гэта было вельмі каштоўным вопытам”.
Камандзірам будатрада, які працуе ў Раўбічах, з’яўляецца Сяргей Тунчык, яго брат-блізнюк — камандзір другога будатрада, які працуе непадалёк на рэканструкцыі малочна-таварнай фермы. У мінулым годзе браты разам са сваімі сябрамі працавалі на рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў Мінску.
Сёлета, як і ў атрадзе Сяргея, у атрадзе Аляксандра працуюць 14 чалавек.
“Мы ўкладваем асфальт, ставім бардзюры, робім сцяжку, — расказвае Саша Тунчык. — Складанасцей у арганізацыі работы няма, галоўнае, бачыць перад сабой мэту. Мяне, напрыклад, вельмі матывуе жаданне зарабіць на адпачынак. Хочацца пападарожнічаць.
З жаночай часткай калектыву спраўляюся. Дарэчы, уменне працаваць з людзьмі — адна за галоўных якасцей будучага інжынера”.
“Нашай асноўнай задачай з’яўляецца ўборка смецця, — расказвае Марына Шапіра, студэнтка 5 курса факультэта энергетычнага будаўніцтва. — Гэта няпроста, аднак мы стараемся правільна дазіраваць работу. Там, дзе вельмі цяжка, хлопцы дапамагаюць. І хаця ў будучым я буду займацца праектаваннем у галіне водазабеспячэння і каналізацыі, мне вельмі хацелася паўдзельнічаць у працэсе будаўніцтва самой. Ніколькі не шкадую аб гэтым”.
У мінулым годзе лепшым камандзірам будатрада БНТУ быў названы Сяргей Роўда, студэнт тады яшчэ 4 курса будаўнічага факультэта, яму ўдалося зарабіць каля 8 мільёнаў беларускіх рублёў. Сёлета Сяргей разам са сваім атрадам зноў прэтэндуюць на званне лепшых.
“Цяпер мы працуем на рэканструкцыі сховішча для агародніны, — адзначае Сяргей. — Выраўноўваем падлогу пад сцяжку, робім бетонную падлогу, арміраванне.
Сакрэт толькі ў тым, што ў мяне выдатная брыгада. Людзі невыпадковыя. Я стараста групы і ў асноўным тут хлопцы з маёй групы. Таксама ёсць сябры з трэцяга курса. Патрэбна было толькі сабраць усіх, хто жадае працаваць. Умовы работы добрыя, кіраўніцтва падтрымлівае нас. Шчыра кажучы, адносяцца да нас не проста як да студэнтаў, а як да будучых калег”.
Працоўны сезон для многіх студэнтаў зусім хутка будзе скончаны. Прыйшоў час адпачываць і, думаецца, адпачываць на ўласныя грошы асабліва прыемна.