Лепшая ўзнагарода за старанні – радасныя дзеці: што змянілася ў школе № 1 Чачэрска на парозе навучальнага года

- 9:00Главная, Новости

Выдатны басейн, стадыён са штучным пакрыццём і адрамантаваны будынак – усе старанні педагогаў 1-й чачэрскай школы гэтым летам былі накіраваны на стварэнне камфортных умоў для навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Рамонтныя работы былі праведзены якасна і завершаны ў тэрмін. Перш чым ацаніць абноўленую школу, разам з начальнікам аддзела адукацыі Чачэрскага райвыканкама Алай Гулевіч і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1 Вольгай Лявончыкавай адпраўляемся ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Брыз», які размешчаны асобна, але адносіцца да навучальнай установы.

Тут дзве чашы: вялікая на тры дарожкі даўжынёй 25 м і малая, у якой праводзяцца заняткі па плаванні для малодшых класаў, – гаворыць В. Лявончыкава. – За мінулы навучальны год школьнікі прыходзілі ў басейн каля 66 тыс. разоў, амаль 1,5 тыс. дзяцей навучыліся плаваць. Тут і зараз звіняць дзіцячыя галасы: басейн карыстаецца павышаным попытам і ў канікулярны час, у школьнікаў раёна ёсць магчымасць бясплатнага наведвання. Дзеці да 18 гадоў плаваюць пад наглядам вопытных педагогаў-інструктараў, дарослыя таксама расказваюць аб правілах бяспечных паводзін на вадзе. У навучальны час басейн адчынены для школьнікаў горада і раёна, у дні правядзення ўрокаў фізкультуры і здароўя ажыццяўляецца падвоз дзяцей з сельскіх школ.

Зазірнулі мы і ў лабараторыю, спецыялісты якой бяруць пробы вады і сочаць за яе якасцю. А таксама паглядзелі, як пакой на першым паверсе комплексу абсталявалі трэнажорамі.

Усё ў басейне пад кантролем, таму ідзём на школьныя рэкрэацыі. Па дарозе да цэнтральнага ўвахода ў СШ № 1 заўважаем дзяўчынку, якая моцна трымае за руку свайго дзядулю і кажа: «Праўда ж, наша школа самая прыгожая!» І з ёй цяжка не пагадзіцца. Тэрыторыя патанае ў зеляніне і квітнеючых раслінах, а на ганку красуецца новая кветкавая кампазіцыя – над яе стварэннем працавалі педагогі разам з дзецьмі. Прыемна здзіўляе выгляд фае, дзе ў цэнтры размясціліся дыпломы і кубкі, якія заваявалі навучэнцы на розных конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Радасна, што і падзяка Выдавецкага дома «Педагагічная прэса» за плённае супрацоўніцтва таксама займае пачэснае месца сярод узнагарод.

Школа прыкметна змянілася, – з гонарам кажа В. Лявончыкава. – Рэканструявалі запасны выхад, абсталявалі ўваходную групу, абнавілі вучэбныя кабінеты і памянялі дзверы ў іх, зрабілі новыя інфармацыйныя стэнды, харчаблок аснасцілі халадзільным абсталяваннем. Раней устанавілі параканвектамат і пасудамыечную машыну, адрамантавалі актавую залу і музейны пакой, закупілі мэблю, замянілі старыя вокны. Галоўная мэта нашай вялікай калектыўнай працы па падрыхтоўцы ўстановы – бяспечныя ўмовы адукацыйнага працэсу. Да таго ж стараліся стварыць камфорт для навучэнцаў і педагогаў.

Касметычны рамонт правялі ўласнымі сіламі, аддалі на гэта частку працоўнага адпачынку, але не шкадуюць, бо лепшая ўзнагарода за старанні – радасныя дзеці, якія сядуць за парты ва ўтульных і прыгожых кабінетах.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара