Лепшыя вызначаны

Выключны прафесіяналізм, наватарскі падыход да працы, высокая ступень ведання сучасных і традыцыйных адукацыйных тэхналогій, уменне зацікавіць дзяцей прадметам. Так можна ахарактарызаваць кожнага з удзельнікаў Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагагічных работнікаў “Настаўнік года”, вынікі якога падвялі на Магілёўшчыне.

Як паведаміла начальнік цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі МДАІРА Святлана Селязнёва, спачатку сваіх лепшых педагогаў выбралі ў кожнай навучальнай установе, а пасля — на раённым узроўні.

— Усяго прафесійнае спаборніцтва аб’яднала некалькі соцень настаўнікаў. 119 з іх у якасці раённых прадстаўнікоў былі дапушчаны да ўдзелу ў адборачным этапе абласнога тура. Яны прадстаўлялі на суд журы сваю відэапрэзентацыю, а таксама ўласную сістэму педагагічнай дзейнасці. У выніку ў фінал выйшлі 43 канкурсанты, — расказала Святлана Васільеўна.

Для фіналістаў суддзі падрыхтавалі шэраг няпростых заданняў. Ім трэба было правесці ўрок у незнаёмым класе, раскрыць сакрэты прафесіі на майстар-класе для студэнтаў МДУ імя А.А.Куляшова, прайсці прадметна-псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, а таксама публічна прадэманстраваць свой настаўніцкі вопыт.

З усімі выпрабаваннямі ўдзельнікі справіліся выдатна. Падчас заняткаў у незнаёмых класах педагогі паказалі глыбіню валодання сваім прадметам, арыгінальна раскрывалі перад навучэнцамі тэму ўрока, выкарыстоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і дадатковыя сродкі навучання. Добра выступілі яны і на майстар-класах, паказаўшы не толькі прафесійнае майстэрства, але і ўменне ўзаемадзейнічаць з шырокай аўдыторыяй. Увагі былі вартыя і тыя формы, методыкі работы, якія прадстаўлялі канкурсанты.

Перамогі заслугоўвалі ўсе ўдзельнікі, бо кожны з іх сапраўды апантаны настаўніцкай працай. Але ж крыху больш поспех усміхнуўся настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 9 Бабруйска Святлане Здаранковай, настаўніцы англійскай мовы гімназіі Асіповіч Таццяне Крэпскай, настаўніку працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Эдуарду Гардзееву, настаўніку геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэю Трэю, настаўніцы хіміі гімназіі Глуска Святлане Бабак, настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 33 Магілёва Таццяне Сарапулавай, а таксама выхавальніку Лабаноўскага ясляў-сада — базавай школы Чэрыкаўскага раёна Таццяне Драздовай. Менавіта гэтыя педагогі сталі лепшымі ў сваіх профільных намінацыях і будуць прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.