Лепшых у арганізацыі работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці вызначылі на Магілёўшчыне

- 11:07Новости

Настаўніцтва Магілёўшчыны атрымала заслужаныя ўзнагароды за плённую працу. У рэгіёне падвялі вынікі штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Летась установы адукацыі вобласці функцыянавалі зладжана і эфектыўна. Паўсюдна мэтанакіравана вялася работа па выкананні пастаўленых перад сферай адукацыі задач. Было дасягнута мноства значных вынікаў. Планамерна павышаецца якасць адукацыі, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў, назіраецца і шэраг іншых станоўчых аспектаў развіцця. У гэтым ёсць заслуга кожнага педагога. А як гаворыцца, па працы і гонар, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Андрэй Барысавіч пажадаў педагагічным калектывам далейшых поспехаў, пасля чаго адкрыў цырымонію ўзнагароджання.

Узнагароду атрымлівае начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца

Сярод гарадскіх упраўленняў па адукацыі лепшай была прызнана работа ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама.

Пераможныя дыпломы сярод раёнаў атрымалі аддзел па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама і аддзел па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама.

У дашкольнай адукацыі лідарамі сталі калектывы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і дзіцячага сада аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна. Найбольш вынікова сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі гімназія № 3 Магілёва і Межысецкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі за мінулы год прадэманстравалі Бабруйская спецыяльная школа-інтэрнат і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Горак.

Лепшымі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі наз­валі Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны каледж будаўніцтва імя А.П.Старавойтава і Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.

Асобныя пераможцы — сапраўдныя флагманы сістэмы адукацыі Прыдняпроўскага краю. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж перамагае ў абласным спаборніцтве ўжо 26 гадоў запар. Гэтая навучальная ўстанова 15 разоў была занесена на абласную і двойчы — на рэспубліканскую Дошку гонару, тройчы прыз­навалася лепшай у краіне па забеспя­чэнні якасці пад­рыхтоўкі кадраў.

— Наша формула поспеху даволі простая: працуем не для птушачкі, а з поўнай самааддачай і з адказнасцю да справы. Педагагічны калектыў — адна вялікая сям’я, дзе кожны на сваім месцы. Усе работнікі каледжа — выключныя прафесіяналы, якія з чуласцю і ўважлівасцю адносяцца да навучэнцаў. Як вынік, летась на разнастайных конкурсах, алімпіядах, аглядах мастацкай творчасці і спартыўных спаборніцтвах заваявана 447 прызавых дыпломаў. Адметна, што праяўля­юць сябе ў тым ліку і асаблівыя навучэнцы. Мы першымі ў рэспубліцы яшчэ ў далёкім 1997 го­дзе рушылі да інклюзіі. Зараз на нашай базе маладыя людзі з асаблівасцямі развіцця маюць магчымасць набы­ваць спецыяльнасць, у тым ліку дыстанцыйна, і быць карыснымі грамадству. Акцэнт робім не толькі на вучобе, але і на выхаванні, імкнёмся выпускаць моладзь у дарослае жыццё патрыётамі сваёй Радзімы. Сёння МДЭПТК — адукацыйны брэнд рэгіёна, але на месцы не стаім, працягваем рух да ўдасканалення. Наперадзе ў нас шмат амбі­цыйных планаў, — падзяліўся дырэктар каледжа Алег Бахановіч.

Заўсёды на перадавых пазіцыях і навучальныя ўстановы Бабруйска. Мясцовае ўпраўленне па адукацыі неаднаразова станавілася лідарам у вобласці, а сёлета было названа лепшым сярод падобных структурных падраздзяленняў і ў краіне.

— У сваёй рабоце мы не бачым дробязей. Аднолькавую ўвагу ўдзяляем усім напрамкам адукацыйнай дзейнасці. Педагагічнай супольнасцю горада вызна­чаем агульныя мэты і сумесна крочым да іх ажыццяўлення. Хацелася б падзякаваць калектывам усіх навучальных устаноў за ініцыятыўнасць, творчасць і неабыяка­васць. Будзем працягваць разам ісці да новых вышынь, — запэўніла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА