Лепшыя настаўнікі вызначаны

- 16:25Актуально, Рознае
На Магілёўшчыне падведзены вынікі абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года —2014”.

Абласны тур праходзіў на базе Магілёўскага інстытута развіцця адукацыі на працягу дзесяці дзён. За званне лепшага змагаліся 25 педагогаў, якія ўжо сталі пераможцамі раённых этапаў конкурсу. Усім ім для выхаду ў суперфінал трэба было правесці ўрок у незнаёмым класе і раскрыць сакрэты прафесіі ў майстар-класе для студэнтаў МДУ імя А.А.Куляшова.
Як паведаміла начальнік цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі МДАІ РА Алена Пятроўна Афанасенка, з заданнямі, якія былі першым крокам да перамогі, удзельнікі справіліся выдатна.
— Падчас заняткаў у незнаёмых класах педагогі паказалі глыбіню валодання сваім прадметам, арыгінальна раскрывалі перад навучэнцамі тэму ўрока, выкарыстоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і дадатковыя сродкі адукацыі. Добра выступілі яны і на майстар-класах, паказаўшы не толькі прафесійнае майстэрства, але і артыстычнасць, і ўменне ўзаемадзейнічаць з шырокай аўдыторыяй. Годна праявіў сябе кожны з канкурсантаў, аднак у суперфінал прайшлі толькі 15 з іх, — адзначыла Алена Пятроўна.
Суперфіналістаў, паводле слоў Алены Афанасенка, чакаў яшчэ шэраг няпростых заданняў. Яны дэманстравалі журы і прысутным публічнае выступленне на тэму “Навучаючы, я выхоўваю”, дзе прадстаўлялі і абаранялі асабісты вопыт педагагічнай дзейнасці, а таксама арганізоўвалі на сцэне міні-ўрок “Мая формула поспеху”. Творчы падыход, невымоўную любоў да дзяцей, выключны прафесіяналізм праявілі ўсе. Але крыху больш, чым астатнім, поспех сёлета ўсміхнуўся настаўніцы матэматыкі гімназіі № 3 Магілёва Настассі Асэсаравай, якая стала пераможцай у намінацыі “Матэматыка, інфарматыка, фізіка, астраномія”; настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 40 Магілёва Кацярыне Ляшчэвіч, якая ўпэўнена перамагла сярод педагогаў замежных моў; настаўніку фізічнай культуры і здароўя Ясеньскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Максіму Мікулічу, які стаў безумоўным лідарам у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”; настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіне Дудко, якая ўдастоілася першага месца сярод настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі, гісторыі і грамадазнаўства; а таксама выхавальніцы ясляў-сада № 10 Асіповіч Вікторыі Гяч, якая стала пераможцай у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Менавіта яны будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.