Каляды — самы прыдатны час для творчасці, упэўнена Ірына Касцечка, метадыст Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна. Доўгімі зімовымі вечарамі яна пераносіць фарбы і водар летніх клумб і альпінарыяў на свае палотны. За творчым працэсам паназірала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У дзяцінстве многія з нас збіралі лісточкі — адны па заданні настаўніка біялогіі, другія — каб захаваць для сябе часцінку лета. Пры гэтым высушаныя лісточкі рэдка ператвараліся ў нешта большае, чым арыгінальныя кніжныя закладкі. Насамрэч прыродныя матэрыялы можна ператварыць у сапраўдныя шэдэўры, калі асвоіць старажытнае японскае мастацтва стварэння плоскасных карцін — ашыбана.
— Працаваць толькі з дакументамі, распрацоўваць заняткі — гэта сумна. Ды і, працуючы ў экацэнтры, немагчыма заставацца ў баку ад творчасці. Калі я назірала за тым, якія прыгожыя рэчы рабілі мае калегі, то не магла не паспрабаваць. Праўда, на рабоце на творчасць часу не знаходзіцца, затое дома вечарамі я з задавальненнем ствараю карціны. Далучаюцца і мае памочнікі — сын і дачка, — гаворыць Ірына Леанідаўна.
У яе галерэі такія сумесныя сямейныя работы — самыя любімыя. Так, з дачкой Ірына Касцечка “намалявала” фларыстычнымі фарбамі касцюм па эскізах Бакста, а сын дапамагаў маме ствараць з прыроднага матэрыялу літары для серыі карцін “Фларыстычная каліграфія”. Часта штуршком для выбару тэматыкі сямейных работ становяцца арыгінальныя намінацыі на конкурсах, якія праводзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
— Засушваць расліны я пачала даўно. Як толькі прыйшла сюды працаваць, любіла назбіраць на тэрыторыі расліны і ўкласці іх паміж кніжнымі старонкамі. Мне было цікава паглядзець, якой будзе расліна пасля высыхання. Заўсёды для мяне вынік станавіўся сюрпрызам, бо расліны часта мяняюць свой колер, асабліва жоўтыя, сінія. Белы колер таксама вельмі складана захаваць у першапачатковым выглядзе. Ды і зялёны непрадказальны. І кожны раз я адгортвала старонкі і здзіўлялася таму, што атрымалася. Так у мяне назапашвалася шмат матэрыялу, якому ўрэшце я знайшла прымяненне. Яго я не фарбую — падбіраю натуральныя колеры. Падборкі па колерах раскладваю па каробачках і падпісваю, каб адразу бачыць, дзе серабрыстыя лісты, дзе чырвоныя пялёсткі, дзе зялёныя сцяблінкі. Потым дастаю лісток і прадумваю, як ён будзе глядзецца ў рабоце. Малінавы, напрыклад, ідэальна імітуе неба, паветра, снег. Але не заўсёды можна прадказаць: разлічваеш на лісток, а ён не ўпісваецца, горбіцца — мяняеш на іншы. Гэта карпатлівы занятак, але мне падабаецца. Гэта супакойвае, знімае напружанасць, — дзеліцца Ірына Леанідаўна.
Цяпер у працэсе стварэння — інтэрпрэтацыя карціны Васняцова “Царэўна каля акна”. Ірына Касцечка акуратна перабірае стосы скрыначак с подпісамі, гартае пялёсткі, адбіраючы патрэбныя.
— Я падбіраю матэрыял па колерах, структуры. Гэта сапраўдны медытацыйны працэс. Падабрала ўжо для цёмнага фону лісты гейхеры і ляшчыны, шкло акна заменяць лісты маліны. Кукуруза пойдзе на твар і рукі — гэтая расліна, як ні адна іншая, ідэальна падыходзіць пад колер цела чалавека, — збірае палітру Ірына Касцечка.
Яшчэ не завершана гэтая работа, а аўтар ужо плануе наступныя:
— Хачу стварыць серыю натуралістычных пейзажаў. Ёсць задума і наконт мінімалістычных работ, калажаў з аднаго віду расліны. У прыватнасці, хачу паэксперыментаваць з барбарысам — скласці ў адно пано лісточкі, розныя па фактуры, колерах, памерах. Гэта глядзіцца па-сучаснаму і лаканічна ў любым інтэр’еры.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара