Лета ў вялікім горадзе

- 11:31Выхаванне, Рознае

Вось і пачаліся самыя вялікія і такія доўгачаканыя школьныя канікулы! І для бацькоў, і для школьнікаў лета звычайна ўжо спланавана: хтосьці накіруецца на адпачынак да бабулі, камусьці пашанцуе разам з мамай і татам паехаць на мора, а хтосьці застанецца ў горадзе. Што ж, і такі адпачынак можа быць якасным і нават вельмі аздараўленчым! У гэтым упэўнены супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Аб арганізацыі дзіцячага адпачынку ў перыяд летніх канікул расказала дырэктар установы Галіна Леанідаўна Шкляр падчас брыфінгу “Лета ў горадзе”.

Працоўнае і лагернае лета

“Летні адпачынак мы арганізоўваем у адпаведнасці з дынамікай запытаў бацькоў і зыходзячы з нашага шматгадовага вопыту работы, але штогод, зразумела, штосьці мяняецца. Многія старшыя школьнікі, напрыклад, імкнуцца летам працаваць, каб зарабіць грошы. Для гэтага некалькі гадоў назад у нас была спроба арганізацыі лагера працы і адпачынку, але, на жаль, ён праіснаваў усяго два гады. Справа ў тым, што цяпер ідзе барацьба ўстаноў адукацыі за рабочыя месцы для школьнікаў. Сёлета нам удалося заключыць дагавор і ўзяць 44 рабочыя месцы ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Такім чынам, мы распісалі другасную занятасць для некаторых жадаючых навучэнцаў ад 14 да 18 гадоў”, — растлумачыла Галіна Леанідаўна.

Тыя, хто хоча не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы, змогуць паспрабаваць свае сілы ў вырабе сувенірнай прадукцыі, уборцы і азеляненні тэрыторыі палаца, а таксама рамонце выставачнага абсталявання. Па словах Галіны Леанідаўны, жадаючых працаваць шмат, а таму ўжо ўсе 44 месцы аказаліся занятымі. Дарэчы, прыкладная заработная плата школьнікаў складзе 2,3 млн у месяц і будзе выплачвацца праз Фонд сацыяльнай абароны. Але ў адпаведнасці з узростам рабочы дзень будзе няпоўным. У палацы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымаюць свае першыя рабочыя месцы і працоўныя кніжкі.

Запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца і аздараўленчыя лагеры. У прыватнасці, на базе палаца ўжо больш за 20 гадоў працуе лагер “Чабарок”, у якім адпачываюць дзеці ад 6 да 14 гадоў уключна.

“У першую змену, якая працягваецца 18 дзён, мы бяром максімальную колькасць дзяцей, якую можам прыняць, — гэта 360 чалавек, што, па сутнасці, паўнавартасны загарадны лагер. У асноўным у лагеры будуць адпачываць дзеці малодшага школьнага ўзросту, паколькі ў гэты час старшыя школьнікі яшчэ заняты ў школе. Сёлета мы вымушаны былі абмежавацца тым, што прымаем толькі тых дзяцей, якія займаюцца ў гуртках палаца, тым не менш на сёння ў нас каля 600 заяў, а прыняць мы можам толькі 360”, — растлумачыла дырэктар установы. Сапраўды, жадаючых шмат, бо лагер даўно стаў вельмі папулярным сярод бацькоў дзякуючы сваёй насычанай і цікавай праграме. Большую частку часу дзеці будуць праводзіць на свежым паветры, а два разы на тыдзень наведваць басейн “Арляня”. Акрамя таго, прадугледжаны разнастайныя экскурсіі, спектаклі, тэатральныя пастаноўкі, наведванне лабараторыі натуральна-навуковых ведаў “Планетарый” і разнастайных выстаў, таксама будзе магчымасць пазаймацца ў гуртках установы. Што тычыцца харчавання, то і тут усё прадугледжана: яно будзе збалансаваным і ўзмоцненым.

У лагеры будзе абавязкова наладжана і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Па словах Галіны Леанідаўны, гэтая паслуга асабліва запатрабаваная, бо дзеці пасля навучальнага года прыходзяць вельмі ўзрушаныя і перанапружаныя. Сеансы рэлаксацыі будуць праходзіць у спецыяльным пакоі, дзе пры жаданні можна будзе і адпачыць. “Нам бы хацелася, каб літаральна з першага тыдня дзеці пасябравалі, згуртаваліся і добра ставіліся адно да аднаго, каб быў пазітыўны настрой штодзень, менавіта за гэтым будуць сачыць педагогі і псіхолагі”, — запэўніла яна.

Да таго ж гарадскі цэнтр псіхолага-педагагічнай дапамогі адчыніць свае дзверы і для ўсіх жадаючых. У палацы будуць праходзіць псіхалагічныя кансультацыі для дзяцей і дарослых, у тым ліку па пытаннях падрыхтаванасці да школы, будзе праводзіцца дыягностыка прафесійнага самавызначэння для моладзі, сямейнае кансультаванне, індывідуальныя і групавыя рэлаксацыйныя заняткі.

Другая змена лагера “Чабарок” плануецца з 27 чэрвеня па 20 ліпеня, бо на яе таксама ёсць попыт. Дарэчы, пуцёўкі ў аздараўленчы лагер каштуюць 1,2 млн рублёў для малодшых школьнікаў і 1,6 млн для старэйшых дзяцей, улічваючы дзяржаўную датацыю.

“На Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” пад Ракавам ужо трэці год мы арганізоўваем тэматычныя профільныя заезды з кругласутачным знаходжаннем. Свой лагер мы назвалі “Мінчане”, і ён карыстаецца зараз вялікай папулярнасцю ў нашых дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Нягледзячы на тое, што база спартыўная і шмат увагі ўдзяляецца спорту, нашы педагогі рыхтуюць сваю спецыялізаваную праграму для гэтага выязнога лагера”, — расказала Галіна Леанідаўна.

Акрамя таго, на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар” будуць працаваць два выязныя палатачныя лагеры: у чэрвені — “Лідар-wave”, а ў жніўні — “Патрыёт”.

Гуртковае лета

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі нельга ўявіць сабе без гурткоў, а таму на працягу ўсяго лета тут будзе арганізавана работа каля 200 гурткоў з ахопам 2,2—2,5 тысячы дзяцей. Гэта будуць гурткі самых разнастайных кірункаў, асаблівы ўпор будзе зроблены на дзяцей сярэдняга ўзросту. Дарэчы, улетку палац будзе працаваць па буднях, але калі будзе неабходна, адчыніць свае дзверы і ў выхадныя.

Акрамя гурткоў, на базе палаца ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага працуюць яшчэ два яго аб’екты — гэта “Планетарый”, які будзе працаваць без выхадных на працягу ўсяго лета, і клуб “Адкрыты свет”, які знаходзіцца побач. Дарэчы, улетку ў клубе таксама будуць дзейнічаць разнастайныя гурткі для школьнікаў.

Па словах дырэктара палаца, існуе некалькі добра апрабаваных і запатрабаваных праектаў, якія будуць працаваць і сёлета. Сярод іх — летняя школа маладых вучоных “Першыя крокі ў навуку”, разлічаная на таленавітых і адораных дзяцей, якія хочуць у летні перыяд не толькі адпачываць, але і папоўніць багаж ведаў. “Калі ў мінулыя гады ў нас былі дзве групы такіх дзяцей, то сёлета іх ужо чатыры. Мы вядзём актыўную кампанію, таму інфармацыю і праграму гэтых летніх школ накіравалі ў кожную ўстанову сярэдняй адукацыі”, — паведаміла Галіна Леанідаўна.

Працягвае сваю дзейнасць і летняя школа журналістыкі. Запатрабаванасць да заняткаў у ёй таксама вялікая. А ў гэтым годзе каля 10 дзяцей, якія займаліся тут, плануюць паступаць на спецыяльнасці, звязаныя з журналістыкай.

Дарэчы, вялікая колькасць дзяцей займаецца ў палацы ў спартыўна-тэхнічных гуртках — шахматы, судна- і авіямадэлізм, радыёэлектроніка. У чэрвені — ліпені для іх будуць праходзіць рэспубліканскія і міжнародныя этапы разнастайных спаборніцтваў, таму на базе вучэбных кабінетаў у чэрвені пройдуць вучэбна-трэніровачныя зборы, дзе школьнікі змогуць дапрацаваць мадэлі, з якімі будуць прымаць удзел у гэтых этапах.

“У нас вельмі актыўна развіваецца кабінет шахмат, дзе працуюць не толькі гурткі класічных шахмат. У апошні час вялікую папулярнасць набываюць японскія шахматы сёгі і кітайскія шахматы го. І сёлета нашы дзеці дасягнулі вялікіх поспехаў на міжнародных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Расіі і краінах Еўропы. Нават тыя дзеці, якія займаюцца ўсяго 2—3 гады, паказалі вельмі высокі ўзровень і ўдасканалілі свае разрады. Яны фанатычна любяць свой кірунак, але гэтыя заняткі патрабуюць працяглага часу, таму летам якраз ёсць такая магчымасць. Але іх чакае, зразумела, не толькі сядзенне за шахматнай дошкай. Разам з нашымі трэнерамі дзеці будуць выходзіць на трэніроўкі, займацца агульнай фізічнай падрыхтоўкай на вольным паветры”, — запэўніла дырэктар установы.

Добрай традыцыяй сталі ўлетку вучэбна-трэніровачныя зборы. Сёлета яны плануюцца для калектыву бальнага спартыўнага танца “Дуэт”, клуба “Стратэг”, а таксама іншых гурткоў. Дарэчы, каля 60 дзяцей у чэрвені і каля 50 у жніўні стануць удзельнікамі вучэбна-трэніровачных збораў.

Бяспечнае вандроўнае лета

“Асаблівая тэма для нас — бяспечная жыццядзейнасць дзяцей. Гэтай тэмай мы займаемся на працягу 5 гадоў, яна пашыраецца ў сваіх аспектах, а ў нашым сектары “Бяспечнае дзяцінства” вядзецца пастаянная работа па прафілактыцы надзвычайных сітуацый і навучанне правільным паводзінам, напрыклад, пры пажары, на вадзе, на дарогах”, — растлумачыла Галіна Леанідаўна. Дарэчы, каля палаца будзе арганізавана пляцоўка, на якой разгорнуцца шматлікія гульнявыя пазнавальныя праграмы: “Вялікае вандраванне юнага веласіпедыста”, “Прыгоды без бед”, “Школа выжывання”, “Азбука бяспекі”. Гэтыя пляцоўкі будуць працаваць усё лета.

Асобны блок работы палаца — сацыякультурная дзейнасць. 25 мая ў мастацкай галерэі “Палац” адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці “Каларыстычны прастор”, дзе прадстаўлены многія гурткі ўстановы. У гэтай галерэі на працягу ўсяго лета будуць праходзіць гульнявыя праграмы, а кожны жадаючы зможа выбраць сабе аб’яднанне па інтарэсах на наступны навучальны год. Акрамя таго, будзе працаваць рыцарскі клуб і пастаянная выстава “Гадаванец”, якая карыстаецца нязменным поспехам у дзяцей.

Многія навучэнцы палаца накіруюцца ўлетку і за межы краіны. Хто з дабрачыннымі канцэртамі ў Францыю, хто на першынство ў Эстонію, хто на чэмпіянат у Галандыю, а хто і на турнір у Кастраму. Адным словам, і ў іншых краінах дзецям сумаваць не давядзецца.

“На працягу лета мы плануем арганізаваць адпачынак амаль для 5 тысяч дзяцей, а ў палацы ў гэтым навучальным годзе займалася 8,5 тысячы, таму практычна кожнае другое дзіця будзе мець магчымасць вельмі цікава адпачыць, паправіць сваё здароўе і атрымаць новыя ўражанні”, — упэўнена Галіна Леанідаўна Шкляр.

Як паведаміла дырэктар Палаца дзяцей і моладзі, на сайце кожнай установы дадатковай адукацыі, як і на сайце камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, ужо створаны партал “Лета”. Такі паўнавартасны гарадскі летні партал адкрыты ўпершыню і пачаў працаваць з 1 чэрвеня. У хуткім часе ў ім размесціцца расклад заняткаў гурткоў, каляндар масавых мерапрыемстваў горада, тэлефоны псіхалагічных службаў даверу. Акрамя таго, тут будзе змешчана інфармацыя аб лагерах працы і адпачынку або другаснай занятасці. Хочацца спадзявацца, што такая вялікая летняя праграма дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам, якія застануцца ў горадзе, знайсці сабе занятак па душы.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.