Тут і рамонкі, і дзьмухаўцы, і канюшына, і мышыны гарошак. І гэта далёка не поўны пералік раслін, якія высадзіла на прышкольным участку матухна-прырода. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
А колькі кветак красуецца дзякуючы руплівым рукам настаўнікаў і вучняў! Петуніі, аксаміткі, летнія вяргіні, бягоніі, сальвія, цынерарыя, ільвіны зеў, маргарыткі… Дарэчы, маргарыткі тут самыя шматлікія. Першапачаткова яны былі пасаджаны на клумбах, а потым рассеяліся, і цяпер кожнае лета вучні, якія адпачываюць у прышкольным лагеры, збіраюць па некалькі букетаў гэтых пяшчотных кветак, упрыгожваюць імі вучэбныя кабінеты, дораць матулям.
Знаёмства з тэрыторыяй Лужкаўскай сярэдняй школы мы невыпадкова пачалі з кветак. Ужо некалькі гадоў навучэнцы 11 класа аграрнай накіраванасці спасцігаюць сакрэты кветкаводства і па заканчэнні школы разам з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць пасведчанне кветкавода 2-га разраду. Сёлета такое пасведчанне атрымалі шэсць выпускнікоў.
Акрамя таго, не першы год у школе рэалізуецца праект “Кветнік”. За кожным класам замацоўваецца пэўны ўчастак тэрыторыі, на якім вучні разам з класным кіраўніком павінны разбіць клумбу і прыдумаць арыгінальную кветкавую кампазіцыю. Вынікі творчага аграконкурсу падводзяцца напярэдадні навучальнага года, калі пасаджаныя ў пачатку лета кветкі ў канцы жніўня радуюць вока стракатай палітрай.
Самую вялікую клумбу даглядаюць вучні 11 класа. Іх класны кіраўнік Таццяна Ананьеўна Эйтміновіч не толькі дае школьнікам грунтоўныя веды па гісторыі, выхоўвае павагу да мінулага Радзімы, але і прывучае да працы.
— Кожны дзень мы праполваем, падкормліваем расліны. Нядаўна прайшлі моцныя дажджы, усё прыбіта, таму клопатаў хапае, спрабуем падняць пасаджаныя расліны, каб да жніўня яны выраслі і людзі прыходзілі імі любавацца. Сваю клумбу мы толькі пачынаем добраўпарадкоўваць (наша сустрэча з настаўніцай адбылася ў пачатку чэрвеня. — Заўвага аўтара.). Ідэй шмат, як шмат наперадзе і працы. Упэўнена, у нас усё атрымаецца, — падзялілася Таццяна Ананьеўна.
Арыгінальнай будзе і клумба, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Над яе прыгажосцю працуе ўся школа. Наогул, у Лужках вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя вывучэння баявога шляху воінаў-вызваліцеляў, ваеннага лёсу землякоў, настаўнікі і вучні традыцыйна ўдзельнічаюць у працоўных дэсантах на тэрыторыі брацкай магілы чырвонаармейцаў у цэнтры аграгарадка.
Ураджайны агарод
Школа ганарыцца не толькі прыгожымі кветнікамі. Кожны год на прышкольным участку, у цяпліцах збіраецца багаты ўраджай агародніны. Каб вырашыць пытанне занятасці непаўналетніх у летні канікулярны перыяд, лужкаўскія педагогі ініцыіравалі праект “Ураджайны агарод”.
— Вучні атрымліваюць элементарныя ўяўленні аб аграрных тэхналогіях і набываюць патрэбны для жыцця вопыт. Ідэя праекта наступная: зацікаўленыя школьнікі атрымліваюць невялікі надзел зямлі на прышкольным участку, дзе яны могуць вырошчваць нешта для сябе. Абавязковая ўмова — догляд раслін вучні ажыццяўляюць самі і ў выніку атрымліваюць увесь ураджай са сваіх градак, лішак аддаюць адзінокім жыхарам аграгарадка, якія не маюць уласнага агарода.
Дзякуючы праекту, дзеці вучацца даглядаць расліны: правільна сеяць, перасаджваць, выконваць рэжым паліву, назіраюць, якія расліны лепш суседнічаюць адна з адной, як можна іх падкарміць і абараніць без хімічных прэпаратаў, з дапамогай арганікі. Вырошчваючы агародніну, дзеці далучаюцца да сельскагаспадарчай працы, пачынаюць з большай павагай ставіцца да людзей, занятых на гэтай вытворчасці, разумеюць цану працы на зямлі, — расказвае дырэктар школы Наталля Віктараўна Вершаловіч.
Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі вырошчваюць расаду ў закрытым грунце, затым перасаджваюць яе на ўчасткі. Гэта кавуны, дыні, морква, буракі, радыска, цыбуля, таматы, салодкі перац. Некаторыя дзеці разнастаілі свае градкі гарохам і цукровай кукурузай. Праект доўгатэрміновы, таму плануецца, што з кожным годам асартымент культур будзе пашырацца.
Дзякуючы праекту, у мінулым годзе пяць мнагадзетных сем’яў атрымалі ў якасці дапамогі 50 кг капусты, 20 кг памідораў, 10 кг перцаў, 20 кг агуркоў, 50 кг бульбы, 30 кг кабачкоў. Частку прадукцыі перадалі адзінокім жыхарам. У далейшым лішак плануецца таксама рэалізоўваць мясцоваму насельніцтву.
Ганарацца педагогі і тым, што кожны год удаецца вырасціць кавуны. Прычым буйныя, салодкія. Дырэктар упэўнена, што добры ўраджай кавуноў будзе і сёлета. На маё цалкам лагічнае пытанне, у чым сакрэт, улічваючы той факт, што Шаркаўшчынскі раён знаходзіцца на поўначы Беларусі, адказала начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак: “Працуем з любоўю і душой. Наогул, за якую справу ні браліся б педагогі Лужкаўскай сярэдняй школы, у іх усё атрымліваецца”. Хаця, што тычыцца кавуноў, то тут ёсць яшчэ адзін сакрэт: для вырошчвання выбіраецца гатунак “бедуін”.
Практычна кожны год збіраецца і багаты ўраджай садавіны. У красавіку 2008 года на прышкольнай тэрыторыі быў пасаджаны сад, дзе расце 160 яблынь і 20 груш розных гатункаў.
Азбука зямлі
Яшчэ адна гордасць школы — дэндрарый. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Генрыхаўна Арэхава, закладзены ён у 2003 годзе пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара ўстановы адукацыі Мілеція Антонавіча Андзілеўкі. Было высаджана больш за 20 відаў дэкаратыўных дрэў і кустоў. Сярод іх елка канадская “коніка”, барбарыс Тунберга, дугласія Мензіса, піхта белая, айва японская, фарзіцыя еўрапейская, хвоя горная, клён вастралісты, туя заходняя, кізільнік бліскучы і інш. У 2008 годзе ў гонар 260-годдзя школы выпускнікамі, педагогамі і супрацоўнікамі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі быў пасаджаны чырвоны дуб.
Дэндрарый не толькі ўпрыгожвае тэрыторыю школы, але і дазваляе на больш высокім узроўні праводзіць урокі біялогіі, геаграфіі, розныя навуковыя даследаванні. Нарэшце, гэта проста цудоўнае месца для адпачынку.
— Наш прышкольны ўчастак — гэта своеасаблівая азбука зямлі. Ён з’яўляецца важнай умовай для фарміравання ў вучняў асноў рацыянальнага прыродакарыстання, беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прыкладам культуры земляробства, месцам адпачынку, даследчай лабараторыяй. Практычныя работы на прышкольным участку адыгрываюць вялікую ролю ў працоўным і прафарыентацыйным выхаванні. Участак выкарыстоўваецца для вырошчвання і нарыхтоўкі натуральнага нагляднага матэрыялу, без якога немагчыма весці ўрокі працоўнага навучання і біялогіі па сучасных патрабаваннях, а таксама для вырошчвання агародніны для школьнай сталовай.
Веды пра карысныя ўласцівасці раслін навучэнцы атрымліваюць на лекавым агародзе. Кветнік “Зялёная аптэка”, які складаецца з больш чым дзясятка відаў раслін, створаны з мэтай прапаганды травалячэння. Зімовы сад, экалагічная сцежка, эксперыментальны ўчастак дапамагаюць навучэнцам атрымліваць экалагічныя веды ў розных кірунках прыродаахоўнай дзейнасці. Школьнае лясніцтва “Першацветы” супрацоўнічае з Дзісненскім лясгасам, дапамагае яму ў вырошчванні і доглядзе саджанцаў. Навучэнцы і педагогі — пастаянныя ўдзельнікі розных культурна-экалагічных акцый і праектаў, такіх як “Дзень Зямлі”, “Дапаможам крылатаму сябру”, “Зялёныя школы”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі” і інш. Таксама праводзім маніторынг вады ў рацэ Мнюта і студнях жыхароў аграгарадка Лужкі з дапамогай пераноснай хімічнай лабараторыі, — паведаміла пра асобныя напрамкі экалагічнай дзейнасці школы Алена Генрыхаўна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі