Летні пазл

- 14:56Адукацыйная прастора

Ужо другі год запар у нашай школе працуе летні атрад англійскай мовы Summer Puzzle. У мінулым годзе ідэя арганізаваць вучняў наведваць заняткі англійскай мовы летам была спантаннай, але, як аказалася, паспяховай і эфектыўнай. Цікавыя і незвычайныя формы правядзення заняткаў, нефармальная абстаноўка і правільна падабраныя тэмы і матэрыялы прывабілі і матывавалі хлопчыкаў і дзяўчынак да вывучэння англійскай мовы на працягу навучальнага года. У доказ гэтага прызавыя месцы на раённым конкурсе тэатральных пастановак на англійскай мове і на раённым конкурсе даследчых работ.

У Год навукі было прынята рашэнне адкрыць умоўную V чвэрць і працягнуць работу летняга атрада англійскай мовы. Гэтае рашэнне было актыўна падтрымана вучнямі сярэдняга звяна. Заняткі атрада Summer Puzzle уключаюць вялікую колькасць гульнявых і нетрадыцыйных прыёмаў, якія матывуюць вучняў, дапамагаюць эфектыўна запамінаць лексічныя адзінкі і граматычныя структуры. Нават самыя сумныя і нецікавыя тэмы засвойваюцца хутчэй, калі іх ператварыць у гульню, напрыклад настольную.

Калі ў маёй метадычнай скарбонцы не знойдзецца нічога цікавага і займальнага па якой-небудзь тэме, то я ператвараю яе ў настольную гульню. На ватмане ад старту да фінішу малюю кружочкі, у якія размяшчаю заданні з сумнымі граматычнымі практыкаваннямі. Сюды можна дабавіць каманды выканаць што-небудзь (Go to the board and draw a flower. Read aloud the poem at page 20, etc.), расказаць некалькімі сказамі пра што-небудзь у залежнасці ад класа і тэмы. Вучням прапануецца, кідаючы кубік, перамяшчацца па гульнявым полі і выконваць заданні. Хто не спраўляецца з заданнем на кружочку, той вяртаецца на сваё месца. Вопыт выкарыстання такога роду прыёмаў даказвае яго эфектыўнасць.

Яшчэ адзін прыём, які заслугоўвае ўвагі, гэта фанетычная гульня Catch the spider, якую я таксама выкарыстоўваю на перадтэкставым этапе пры засваенні новых лексічных адзінак. Вучням даецца ўстаноўка запомніць вымаўленне і пераклад слоў са спіска. Далей дзецям раздаюцца бляшаначкі і павучкі, на якіх напісаны новыя словы. Чым больш слоў дзеці запомнілі, тым больш павучкоў яны клеяць у бляшаначкі. Гэты прыём карыстаецца поспехам у навучэнцаў як малодшага, так і сярэдняга звяна. Акрамя вышэйпералічаных прыёмаў, таксама шырока выкарыстоўваюцца лексічныя пірамідкі “Даміно”, Who am I?, Mime the word, Eatable&Uneatable і інш.

У нашым атрадзе ўжо стала традыцыяй правядзенне Pizza Party. Мабыць, гэта адзін з самых любімых і найбольш памятных заняткаў у вучняў. У час такога мерапрыемства мы не проста спажываем смачную піцу, але і вывучаем, паўтараем лексічныя адзінкі па тэме Food (Name the ingredients of pizza, Match vegetables with their photos, etc.) і граматычны матэрыял (Correct the mistakes in the dialogue “At the Café” / in the recipe of Italian pizza, Order the words to make the questions, etc.), а таксама актыўна выкарыстоўваем адпрацаваны матэрыял у мове (Role-play the dialogue “At the Café”, Imagine that you are a chef and tell the recipe of your own pizza, etc.).

Заняткі ў летнім атрадзе Summer Puzzle па вывучэнні англійскай мовы з’яўляюцца эфектыўным сродкам для павышэння цікавасці вучняў да вывучэння замежнай мовы, а таксама дадатковым рэсурсам атрымання ведаў і ўменняў.

Кацярына УЛАСЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы cярэдняй школы № 3 Навагрудка.
Фота аўтара.