Летнік, у якога ёсць душа

- 15:17Адукацыйная прастора

У летніку “Барок” ёсць алея “Дружбы і любові”. Па добрай традыцыі ў канцы кожнай змены па гэтай алеі выхаванцы лагера ідуць у парах са сваімі лепшымі сябрамі, з тымі людзьмі, якіх яны сустрэлі ў лагеры і якія занялі асабліва значнае месца ў іх сэрцах. Алея заканчваецца “Дрэвам жаданняў”, на якім пары завязваюць стужачку і загадваюць агульнае жаданне. Жаданні, безумоўна, розныя, але большасць выхаванцаў летніка загадвае сустрэцца ў “Барку” зноў, таму што тут становяцца не проста сябрамі, а дружнай сям’ёй, не проста праводзяць лета, а пражываюць маленькае жыццё.

Апошні летні месяц падышоў да свайго экватара, пачаўся зваротны адлік да восені. У прыродзе ўсё больш прыкмет набліжэння залатой пары. Але ў летніках па-ранейшаму горача і весела: сонечныя промні залацяць скуру, ветрык і кроплі вады дораць прахалоду, звонкія дзіцячыя галасы гучна запаўняюць асяроддзе. Свой трыццаць першы аздараўленчы сезон гэтым летам праводзіць і “Барок”.

Сёлета ў Беларусі задзейнічаны 6072 аздараўленчыя летнікі: 1553 з кругласутачным знаходжаннем і 4519 — з дзённым. У тым ліку 146 стацыянарных загарадных летнікаў з кругласутачным знаходжаннем. Паводле аператыўнай інфармацыі за два месяцы лета ўжо прайшлі аздараўленне 299,5 тысячы дзяцей у летніках усіх тыпаў, а гэта 79,2 працэнта ад запланаванай колькасці. З іх 195,6 тысячы дзяцей пабывалі ў летніках з дзённым знаходжаннем і 103,9 тысячы — з кругласутачным. Адпачылі і аздаравіліся за гэты час і 3,2 тысячы дзяцей-інвалідаў.

Ах, як хочацца вярнуцца ў “Барок”…

Размаўляючы з выхаванцамі “Барка”, міжволі пачынаеш напяваць знакамітую песню пра гарадок, якую выконвае спявачка Анжаліка Варум, замяняючы ў ёй адно слова: “Ах, як хочацца вярнуцца, ах, як хочацца ўварвацца ў “Барок”. А ўсё таму, што кожны тут расказвае, што хоча прыехаць сюды зноў. І прыязджае. Сярод выхаванцаў шмат тых, хто адпачываў у “Барку” не раз і не два, лік даходзіць да дзесяці.

— Я збіўся з ліку, колькі разоў сюды прыязджаў адпачываць, думаю 7 або 8, — расказвае Аляксей Сіпач, выхаванец першага атрада, дзе сабраліся хлопцы і дзяўчаты самай старэйшай узроставай групы. — З самага пачатку пару разоў я быў у іншых летніках, але калі аднойчы трапіў сюды, прасіў бацькоў адпраўляць мяне толькі ў “Барок”. Здавалася б, за столькі гадоў магло б ужо і надакучыць, але не, такое тут немагчыма. Тут кожны раз прыдумваюць нешта новае і неверагоднае, ніколі не паўтраючыся. А самае галоўнае — кожную хвіліну ты адчуваеш, што не проста бавіш тут час, а пражываеш цэлае маленькае жыццё.

Аляксей расказвае, што калі па якіх-небудзь прычынах не атрымаецца наступным летам трапіць сюды на адпачынак, то ён усё роўна абавязкова прыедзе ў бацькоўскі дзень у госці да сваіх сяброў.

Паліна Мігіневіч, выхаванка першага атрада, у гэтым годзе скончыла школу і паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, пасля чаго паехала адпачываць у летнік — і гэта стала найлепшым падарункам да такіх значных падзей у жыцці.

— Я да гэтага была ў розных летніках разоў 15, але ў “Барку” ўпершыню, — расказвае дзяўчына. — І немагчыма выказаць словамі, наколькі мне тут падабаецца! Гэта проста нерэальнае месца. Таму, хто тут не бываў, складана зразумець мае пачуцці. Ды і ці можна перадаць, якая асаблівая атмасфера пануе тут?! У “Барку” працуюць і адпачываюць самыя лепшыя людзі.

А ў важатай Яны Янкоўскай яшчэ багацейшая гісторыя сяброўства з “Барком” — з шасцігадовага ўзросту яна кожны год адпачывала ў лагеры. Бывала, што прыязджала сюды на тры змены за лета. Але нават калі стала занадта дарослай, каб адпачываць у летніку, развітвацца з любімым “Барком” не захацела — і прыехала сюды важатай. Дзяўчына ўжо скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, працуе арганізатарам дзіцячых свят, але што б ні здарылася — кожнае лета яна па-ранейшаму тут.

— Я памятаю сваё першае наведванне “Барка” — у першыя ж дні адчула сябе тут, як дома. Кожны год не магла дачакацца заканчэння навучальнага года, каб хутчэй прыехаць у летнік, — расказвае дзяўчына. — Я творчы чалавек, і тут заўсёды былі магчымасці сябе праявіць. Мне прыемна назіраць, што мой любімы летнік развіваецца, становіцца лепшым. Мне здаецца, што ён асаблівы, у яго ёсць душа, якая прымае кожнага такім, які ён ёсць, таму кожнаму тут добра і ўтульна.

Давайце бліжэй пазнаёмімся з “Барком” і даведаемся, што гэта за летнік і чаму дзеці так імкнуцца сюды.

Усё лепшае дзецям

Напрыканцы жніўня летнік адзначае два вялікія святы — дзень нараджэння і дзень будаўнікоў. “Барок” знаходзіцца на балансе адкрытага акцыянернага таварыства “МАПІД” дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Мінскбуд”. Прадпрыемства шмат робіць для развіцця летніка, усяляк яго падтрымліваючы. Таму прафесійнае свята будаўнікоў у “Барку” лічаць сваім і адзначаюць маштабна.

Размясціўся летнік на сямнаццаці з паловай гектарах зямлі ў прыгожым куточку Валожыншчыны. Назва ў яго такая ж, як і ў вёскі, побач з якой ён знаходзіцца. Цэнтральную пляцоўку, на якой размешчаны жылыя, гаспадарчыя і адміністрацыйныя збудаванні, быццам абдымае з усіх бакоў лясны масіў.

ЗЛЖ-сэлфі выхаванцаў "Барка".Сваім выхаванцам летнік прапаноўвае добрыя ўмовы. Жывуць дзеці ў чатырох двухпавярховых цагляных карпусах як калідорнага, так і блокавага тыпаў, а таксама ў трохпавярховым доме гасцінічнага тыпу. Карпусы забяспечаны гарачай вадой — за тэрыторыяй лагера знаходзіцца сучасная кацельня, якая працуе на газе і была мадэрнізавана ў 2013 годзе. Сёння яна забяспечвае не толькі “Барок”, але і найбліжэйшыя аздараўленчыя летнікі.

За раз “Барок” гатоў прыняць каля 600 чалавек, якія размеркаваны па 15 атрадах. На кожным паверсе корпуса знаходзяцца два атрады, з агульным гульнявым пакоем, дзе дзеці могуць праводзіць вольны час у выпадку дажджлівага надвор’я. Усяго за летні перыяд падчас чатырох змен тут аздараўляюцца 2368 дзяцей.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы. Уся тэрыторыя абгароджана, вядзецца відэаназіранне, кругласутачна працуюць вартаўнікі. На варце дзіцячага здароўя — медпункт, які таксама дзейнічае кругласутачна. У штат медыцынскіх работнікаў уваходзіць урач, тры медыцынскія сястры і санітарка.
Тое, што ежа ў “Барку” смачная, скажа кожны выхаванец. За гэта “дзякуй” супрацоўнікам сталовай.

Арганізавана пяціразовае збалансаванае харчаванне ў адпаведнасці з нормамі. Штодня ў меню прысутнічае мяса, агародніна, садавіна, сокі. У сталовай ёсць усё неабходнае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне для арганізацыі харчавання дзяцей. Абедзенная зала разлічана на 600 пасадачных месцаў, таму харчаванне дзяцей ажыццяўляецца ў адну змену.

Найвышэйшая ўзнагарода — любоў дзяцей — у летніка, безумоўна, ёсць. Але ёсць і іншыя. “Барок” з’яўляецца адным з лідараў па колькасці дзяцей, якія аздараўляюцца, у Мінску і самым буйным аздараўленчым летнікам Фрунзенскага раёна сталіцы. Тут забяспечваюць не толькі высокую колькасць дзяцей, але і не менш высокую якасць работы. Гэта пацвярджаюць разнастайныя ўзнагароды. Штогод па выніках летняй аздараўленчай кампаніі “Барок” адзначаецца граматамі і дыпломамі на рэспубліканскім узроўні як адзін з лепшых у краіне. У 2015 годзе ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” атрымаў спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі за ярка выяўленую грамадзянска-патрыятычную накіраванасць і ўдастоены гранта Мінгарвыканкама. Па выніках летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года на гарадской педканферэнцыі калектыў установы быў узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за дасягнутыя высокія вынікі ў працы, творчы падыход да навучання і выхавання падрастаючага пакалення і прафесійнае майстэрства. Па выніках гарадскога агляду-конкурсу на лепшы загарадны аздараўленчы летнік “Барок” заняў 2-е месца, а ў рамках гарадскога прафілактычнага праекта “Ваш выбар” па фарміраванні ў падлеткаў здаровага ладу жыцця ў 2017 годзе — 3-е месца.

Арт-платформа для крэатыўных

Умовы ў “Барку”, безумоўна, цудоўныя. Але не яны ў першую чаргу прывабліваюць дзяцей, а той змест, якім напоўнены кожны дзень змены. І кожны сезон супрацоўнікі летніка не стамляюцца прыдумваць нешта новае і прапаноўваць гэтае новае дзецям. Так, гэтым летам у лагеры рэалізоўваецца творча-гульнявы праект “Арт-платформа”, накіраваны на выяўленне і развіццё крэатыўнасці дзяцей. Усе атрады ператварыліся ў арт-студыі, кожная з якіх на працягу змены выконвае розныя заданні. Чатыры конкурсы асноваўтваральныя. У першым кожная арт-студыя павінна прадставіць сябе. Абавязковыя ўмовы — удзел усіх членаў арт-студыі і нестандартны падыход да выступлення. Далей праводзяцца песенны і танцавальны конкурс, выступленні ў якіх таксама павінны дэманстраваць крэатыўныя ідэі. Фінальнае мерапрыемства — творчы канцэрт з так званымі нефарматнымі нумарамі. Тут вітаецца ўсё незвычайнае і арыгінальнае — пародыі, фокусы, пантамімы і г.д. Па выніках праекта ў кожнай узроставай групе вызначаецца арт-студыя-пераможца.

Акрамя таго, гэтыя летнія змены маюць свае асаблівасці — фішкі. Напрыклад, “Фота дня”: кожная арт-студыя робіць фотаздымак, як яе ўдзельнікі бавяць час, як рыхтуюцца да культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Фатаграфіі размяшчаюцца ў акаўнтах летніка ў сацыяльных сетках Instagram і “УКантакце”. Наступная фішка змены — каманда падтрымкі. Кожнай арт-студыі неабходна падчас мерапрыемстваў як мага мацней падтрымліваць удзельнікаў, якія выступаюць на сцэне. У каманды падтрымкі павінен быць індывідуальны стыль — “крычалкі”, плакаты, што ўплывае на рэйтынг арт-студыі. Ёсць і такая фішка, як лідар дня — увечары на сходзе арт-студыі выбіраецца чалавек, які ярка праявіў сябе за дзень. Ён і становіцца лідарам на ўвесь наступны дзень і мае пэўныя прывілеі.

— Мы працуем пад дэвізам “Сучасны летнік для сучасных дзяцей”. Ставім перад сабой задачу праводзіць такія мерапрыемствы, каб хлопцам і дзяўчатам яны падабаліся, — расказвае намеснік начальніка па асноўнай дзейнасці Арсеній Уладзіміравіч Ксяневіч. — Не проста, каб ім не было сумна (сумна ў нас не можа быць), а менавіта каб усё прыходзілася дзецям даспадобы.

У выніку пошуку новых цікавых ідэй з’явіліся, напрыклад, спаборніцтвы па спевах “Караоке-стар”, а таксама конкурс незвычайных музеяў. Кожная арт-студыя стварала экспанаты для музея і запрашала на выставу гасцей з іншых студый-атрадаў. Так з’явіліся музеі акцёрскага майстэрства, дзіцячых страхаў, падсвядомасці і іншыя неверагодныя экспазіцыі.

У “Барку” ведаюць, што цікава сучаснай моладзі, і імкнуцца гэта прапанаваць дзецям. Сёння па жаданні тут можна наведваць школу дыджэінгу, курсы акцёрскага майстэрства, школу маладой лэдзі, майстар-класы па сучаснай харэаграфіі.

Кожнае дзіця, якое знаходзіцца на аздараўленні, можа наведваць аб’яднані па інтарэсах. Шмат гадоў карыстаюцца попытам заняткі па піратэхніцы, пашыве мяккіх цацак. Нядаўна з’явіліся папулярныя сёння напрамкі — мылаварэнне і цестапластыка. У аб’яднанні “Стыльныя штучкі” дзеці з задавальненнем ствараюць для сябе модныя ўпрыгажэнні. А ў гуртку “Адрэналін” разам з трэнерам займаюцца ў трэнажорнай зале.

Для вясёлых, яркіх мерапрыемстваў ёсць спрыяльныя ўмовы. На тэрыторыі лагера знаходзіцца амфітэатр, у якім адначасова могуць размясціцца ўсе выхаванцы летніка. Тут кожны дзень ладзяцца агульныя культурна-масавыя мерапрыемствы. На танцпляцоўцы праходзяць запальныя дыскатэкі. Актавая зала разлічана на 260 пасадачных месцаў, у гэтым годзе праведзены капітальны рамонт — цяпер тут ёсць сучаснае гукавое і светлавое абсталяванне, мультымедыйная ўстаноўка. Зала выкарыстоўваецца для правядзення дыскатэк, урачыстасцей, семінараў і кінапраглядаў.

Не менш актыўнае і спартыўнае жыццё летніка. Кожны дзень у “Барку” пачынаецца з зарадкі. І не звычайнай, а танцавальнай. Вясёлыя скокі пад сучасныя хіты дораць добры настрой і энергію на новы дзень. Зарадка дае старт і ўсім спартыўным падзеям, якія адбываюцца кожны дзень.

На тэрыторыі летніка ёсць футбольнае поле з трыбунамі для гледачоў, 2 валейбольныя пляцоўкі, баскетбольная пляцоўка з бяспечным пакрыццём, міні-футбольныя палі, спартыўныя і гульнявыя комплексы. Сёлета з’явіліся батуты, якія ніколі не бываюць пустымі, пачаў працаваць пункт пракату спартыўнага абсталявання, дзе можна ўзяць ролікі, самакаты, веласіпеды.

Дзеці сустракаюцца на полі, каб вызначыць мацнейшых у футболе, валейболе, баскетболе, бяруць удзел у чэмпіянатах, спартыўных эстафетах. Асабліва падабаюцца ўсім спартыўныя гульні, напрыклад “Капітошка”, у якой каманды перакідваюцца паветраным шарыкам, напоўненым вадой, з дапамогай нацягнутых пакрывалаў.

Традыцыяй у “Барку” стала правядзенне малых Алімпійскіх гульняў. Лёгкаатлетычныя спаборніцтвы вызначаюць чэмпіёнаў, якія ўзнімаюцца на п’едэстал гонару. Лепшыя вынікі заносяцца ў “Кнігу рэкордаў” летніка.

Сучасны летнік для сучасных дзяцей

Імкнучыся стварыць сучасны летнік для сучасных дзяцей, супрацоўнікі “Барка” не маглі абысціся без работы ў інтэрнэце. Акаўнты ў Instagram і “УКантакце” актыўна папаўняюцца фотаздымкамі і інфармацыяй, тамсама публікуюцца відэасправаздачы па выніках змены. Выхаванцы бяруць самы непасрэдны ўдзел у стварэнні медыякантэнту: стараюцца зрабіць як мага больш крэатыўныя фотаздымкі, каб трапіць на старонку летніка ў сацыяльных сетках, актыўна пакідаюць каментарыі.

На старонках у сацыяльных сетках праводзяцца конкурсы, розыгрышы. Напрыклад, у конкурсе “На здаровай хвалі” была намінацыя “ЗЛЖ-сэлфі”, удзельнікі якой размяшчалі свае крэатыўныя тэматычныя фота на старонцы лагера.

Такой актыўнасці ў сацыяльных сетках рады і бацькі: яны могуць назіраць за жыццём летніка і заняткамі дзяцей не толькі ў бацькоўскі дзень. Для работы з бацькамі важатыя выкарыстоўваюць і месэнджары: кожны дзень у групу у Viber адпраўляюць фотаздымкі, якія дэманструюць, як прайшоў дзень атрада, тут жа паведамляюць важную інфармацыю, адказваюць на пытанні.

Нядаўна ўстанова абзавялася ўласным сайтам, некаторыя яго раздзелы яшчэ дапаўняюцца інфармацыяй, але працуе вельмі зручная функцыя — праз сайт можна заказаць пуцёўку ў лагер.

Ужо сёння супрацоўнікі ўстановы чуюць водгукі пра гэтую дзейнасць і робяць адназначную выснову: работу ў сацыяльных сетках варта працягваць.

Цікавы для ўсіх,  карысны для кожнага

“Барок” працуе з улікам усіх сучасных тэндэнцый у аздараўленні, імкнецца быць месцам, прывабным для дзяцей з рознымі цікавасцямі і захапленнямі.

Для аматараў турызму штогод на тэрыторыі ўстановы арганізоўваюцца палатачныя лагеры. У гэтым годзе ўжо прайшлі чатыры дзевяцідзённыя змены. Таксама на базе “Барка” арганізоўваюцца спартыўна-аздараўленчыя летнікі: юныя стралкі, гульцы ў воднае пола, гімнасты, хакеісты і футбалісты адпачываюць, не спыняючы трэніровачны працэс. Арганізоўваюцца і летнікі па профілях і напрамках дзейнасці, напрыклад профільны праект “Акадэмія аніматараў” з праграмай дадатковай адукацыі для падлеткаў з творчымі здольнасцямі.

У апошнія гады пашырыўся пералік прапанаваных профіляў і напрамкаў дзейнасці, у тым ліку і за кошт летнікаў для высокаматываваных дзяцей, юных эколагаў, юных археолагаў і інш. З мэтай папулярызацыі педагагічных прафесій павялічылася колькасць профільных валанцёрскіх летнікаў для дзяцей, якія выяўляюць цікавасць да педагагічнай дзейнасці. Усяго ў такіх летніках у чэрвені — ліпені пабывалі 133,6 тысячы дзяцей.

“Барок” — тэрыторыя, спрыяльная для творчасці. У гэтым перакананы творчыя калектывы, якія прыязджаюць сюды адпачываць. Напрыклад, узорная дзіцячая студыя “Кляксы”, якая дзейнічае на базе Палаца культуры МТЗ, штогод прыязджае сюды амаль поўным складам. Юныя артысты працягваюць свае рэпетыцыі і паспяваюць браць удзел у агульных мерапрыемствах.

А ўдзельнікі прадакшн-студыі PLAY — гурт “Мята” — менавіта ў “Барку” рыхтаваліся да ўдзелу ў нацыянальным адборы на дзіцячае “Еўрабачанне”.

Ведаюць і любяць “Барок” не толькі беларускія дзеці. Чатыры гады запар сюды прыязджаюць адпачываць хлопчыкі і дзяўчынкі з горада Маарду Эстонскай Рэспублікі.

— Мае сяброўкі раней былі тут, у летніку, і так расказвалі пра яго, што мне таксама захацелася сюды прыехаць, — расказвае эстонская дзяўчына Аня. — І яны ніколькі не перабольшвалі. Тут усё цудоўна: і людзі, і сам летнік. А якія смачныя катлеты ў сталоўцы! Я з задавальненнем прыехала б сюды яшчэ.
Зараз у “Барку” знаходзяцца 24 юныя госці з Эстоніі. З году ў год колькасць жадаючых трапіць сюды расце.

— Знаёмства і сяброўства, якія тут набываюць дзеці, бясцэнныя. Тыя выхаванцы, якія прыязджалі сюды першымі, да гэтага часу сябруюць з беларускімі дзецьмі, з якімі тут пазнаёміліся, — расказвае Эрыка Ціганек, дэпутат гарадскога сходу, старшыня камісіі па адукацыі і рабоце з моладдзю горада Маарду. — У нашых дзяцей застаецца мноства ўражанняў. Як і ў дарослых педагогаў. Таму што ў нашай краіне ўсё арганізавана па-іншаму. Летнікі ў асноўным прыватныя, змены доўжацца толькі 8—10 дзён. Таму нам вельмі цікавы беларускі вопыт. Мы ў сваю чаргу з задавальненнем прымаем у сябе беларускіх дзяцей.

У 2017 годзе калектыву лагера “Барок” аб’яўлена падзяка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска за папулярызацыю культуры Рэспублікі Беларусь у рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Сяброўства без меж”.

Беларусь актыўна запрашае на аздараўленне хлопчыкаў і дзяўчынак з іншых краін. Штогод у НДЦ “Зубраня” — лідары міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы дзіцячага адпачынку — праходзяць аздараўленне школьнікі з Сірыі, а таксама дзеці з японскіх прэфектур Фукусіма і Міягі, пацярпелых у выніку выбуху на АЭС “Фукусіма” і разбуральнага цунамі.

Рух наперад: з самааддачай, з агеньчыкам!

Да свайго 31 дня нараджэння летнік прыйшоў з пэўнымі дасягненнямі. Тут утульна і прыгожа, дзеці любяць гэтае месца, а бацькі са спакойным сэрцам адпраўляюць сюды свах сыноў і дачок. За гэтымі дасягненнямі, безумоўна, вялікая чалавечая праца.

— У нас ёсць сапраўдная каманда, — з гонарам за сваіх калег кажа начальнік летніка Аляксандр Аляксандравіч Янкавец. — Каманда маладых, ініцыятыўных, крэатыўных людзей, гатовых дарыць дзецям любоў, укладваць свае сілы і талент у рэалізацыю ідэй і праектаў. Толькі дзякуючы такой камандзе магчыма рухацца наперад. Мы разам робім агульную вялікую справу.

Гэтая каманда ўключае 165 чалавек. 35 з іх працуюць круглы год. Большасць важатых працуе ў летніку не першы раз. Рады ў “Барку” і новым членам каманды — прадстаўнікам педагагічных атрадаў. Традыцыйна сюды прыязджаюць працаваць важатымі студэнты БДПУ імя Максіма Танка і МДЛУ. Сёлета ўпершыню летнік су-працоўнічаў з прадстаўнікамі БРСМ Фрунзенскага раёна Мінска, навучэнцамі індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Усе становяцца дастойнымі членамі каманды і працуюць годна, з самааддачай, з агеньчыкам.

Спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца. Кіраўнік летніка лічыць, што ніколі няма меж у дасканаласці. Бесперапынна развівацца, удасканальвацца, вучыцца новаму — толькі так можна нечага дасягнуць. Пра гэта пастаянна нагадвае Аляксандр Аляксандравіч сваім калегам. І сёння ў іх мноства планаў. Напрыклад, правесці наступным летам не чатыры, а пяць змен. А яшчэ ўстанова ўжо прайшла атэстацыю і ў хуткім часе стане не проста аздараўленчым летнікам, а аздараўленчым комплексам. Гэта дазволіць аздараўляць дзяцей не толькі летам. Ужо гэтай восенню плануецца арганізаваць першую пазалетнюю змену. Але галоўнае ў планах у “Барка” — заставацца любімым месцам дзіцячага адпачынку.

Карыстаюцца попытам у дзяцей і іх бацькоў летнікі працы і адпачынку. Сёлета папрацавалі і адпачылі ўжо 13,3 тысячы непаўналетніх. У ЛПА навучэнцы добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, ажыццяўляюць рамонт вучэбных кабінетаў, школьнай мэблі, займаюцца праполкай сельскагаспадарчых культур, лясных саджанцаў, пабелкай пладовых дрэў, пашывам спецадзення, пасцельнай бялізны, абрусаў, сурвэтак, вырабам сувеніраў і інш. Сярэдняя заработная плата дзяцей складае ад 80 да 220 рублёў у залежнасці ад колькасці працоўных дзён і формы арганізацыі летніка працы і адпачынку.

На працягу апошніх гадоў удзяляецца павышаная ўвага непаўналетнім, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Штогод рознымі формамі занятасці і аздараўлення ахоплена каля 98 працэнтаў дзяцей гэтых катэгорый. У чэрвені — ліпені больш за 15 тысяч такіх падлеткаў прайшлі аздараўленне ў лагерах.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і з архіва летніка “Барок”.