Летнік з дастаўкай на дом

- 11:51Выхаванне

У панядзелак адчыніў свае віртуальныя дзверы рэспубліканскі анлайн-лагер “Юны валанцёр”. Удзельнікамі яго першай змены сталі 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Беларусі, а важатымі — 8 студэнтак з УВА Мінска, Брэста і Мазыра. На працягу 10 дзён дзеці ва ўзросце 10—15 гадоў даведаюцца пра кірункі валанцёрскай дзейнасці (экалагічны, спартыўны, сацыяльны, заалагічны і інш.) і прымуць удзел у занятках па развіцці крэатыўнасці, лідарскіх якасцей, акцёрскага майстэрства. Рэалізаваць сваю ініцыятыву — правесці летні анлайн-лагер — студэнткам дапамог Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр.

Н.В.Апанчук і яе намесніца Я.У.Шарамецьева.

Студэнцкая ініцыятыва

“Гэты праект цалкам валанцёрскі, а Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр проста падтрымаў ініцыятыву дзяўчат, — расказвае Наталля Валер’еўна Апанчук, начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. У маі мы рэалізоўвалі вялікі рэспубліканскі праект #AntiCOVID-19, у межах якога праходзілі трэнінгі. На адным з іх было заданне прыдумац­ь свой сацыяльны праект. І калі на іх прэзентацыях мы ўбачылі тры падобныя праекты, накіраваныя на занятасць дзіцяці летам у фармаце анлайн (гэта і майстар-класы, і заняткі анлайн), мы прапанавалі аб’яднаць гэтыя праекты ў адзін. Так узнікла ідэя анлайн-летніка для дзяцей “Юны валанцёр”, і студэнткі ўзяліся за яго падрыхтоўку. Усю праграму заняткаў валанцёры рыхтуюць самі. Мы толькі праводзім яе экспертызу і дапамагаем метадычна ці арганізацыйна, бо правядзенне анлайн-заняткаў мае сваю спецыфіку. Таксама наш цэнтр прадастаўляе ім тэхнічную дапамогу — у нас ёсць магчымасць арганізоўваць заняткі на платформе Zoom”.

Першая змена працягнецца да 17 ліпеня па будных днях. Тут дзень пачынаецца па-летняму позна, а 10-й гадзіне, калі ўсе ўдзельнікі далучаюцца да ранішняй зарадкі. Дарэчы, 15-мінутныя відэаролікі з практыкаваннямі знялі таксама валанцёры — студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Пасля перапынку на снеданне і ранішнія справы хлопчыкі і дзяўчынкі па спасылцы падключаюцца да заняткаў, на якіх атрымліваюць ад важатых заданні для выканання дома ці на вуліцы, фіксуюць іх і скідваюць свае фота- і відэасправаздачы. А ў другой палове дня для падлеткаў арганізоўваюцца майстар-класы, дыскусійныя клубы і іншыя заняткі на выбар. Як растлумачыла Наталля Валер’еўна, важатыя стараюцца па максімуме падахвочваць дзяцей да самаразвіцця, чытання мастацкай літаратуры, каб потым падчас анлайн-сустрэч абмяркоўваць гэтыя творы. І дадала:

Каля манітора прачынаецца Алег Улога.

“Штодзень з 12.30 да 15.00 для ўдзельнікаў нашага лагера — вольны час, бо адна з нашых галоўных задач — не пасадзіць дзіця за камп’ютар на цэлы дзень, а з яго дапамогай пабудаваць дзень. А ў 15.00 у нас праходзяць самыя розныя творчыя майстар-класы: ад лепкі з цеста да скрапбукінгу. Мы прапануем майстар-класы і па акцёрскім майстэрстве. Публічныя выступленні становяцца праблемай большасці падлеткаў, таму гэтыя якасці — гаварыць на публіцы — яны змогуць “пракачаць” і атрымац­ь слушныя парады”.

Паспрабуюць важатыя раскрыць і “сакрэты зносін”. Падчас трэнінгаў яны будуць вучыць дзяцей гаварыць “не”, вырашаць канфлікты і раскажуць, як не стаць ахвярай кібербулінгу. Будуць заняткі і па развіцці логікі, крэатыўнасці і інш.

Хочаш быць валанцёрам? Будзь ім!

“Наша задача — не толькі заняц­ь дзяцей у летні перыяд, але і зацікавіць іх валанцёрскай дзейнасцю. Тэматыку заняткаў мы распісалі ў адпаведнасці з тэмай валанцёрства, і за перыяд работы лагера нашы важатыя раскажуць яго ў­дзельнікам, хто такія валанцёры, чым яны займаюцца, якія ёсць кірункі валанцёрскай дзейнасці, якія з іх папулярныя і ўвогуле як стаць валанцёрам. Ім жа можа быць не толькі студэнт, але і школьнік, прычым не толькі на буйных мерапрыемствах, але і на школьных ці нават класных. Валанцёрамі нашы ўдзельнікі змогуц­ь стац­ь і па-за школьнымі сценамі, скажам, у сваім пад’ездзе. Дзяўчаты расказваюць ім пра гэта, а таксама пра магчымасці, якія дае валанцёрская дзейнасць, пра свой добраахвотніцкі вопыт, пра тое, што кожны зможа знайсці сябе і сваю нішу ў гэтым кірунку”, — гаворыць Наталля Валер’еўна.

Валерыя Рубашка, другакурс­ніца акадэміі сувязі, стала валанцёрам падчас праходжання курса “Антыкавід-19” і пасля яго захапілася валанцёрствам. Разам з сябрамі яна пачала рэалізоўваць свае праекты.

Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр ажыццяўляе поўны комплекс інфармацыйных, кансультацыйных і метадычных паслуг установам адукацыі, арганізацыям і грамадзянам у сферы валанцёрскай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. У кампетэнцыі цэнтра ўваходзяць аб’яднанне валанцёрскіх арганізацый краіны, навучанне валанцёраў, аказанне адукацыйных паслуг арганізацыям, а таксама выбудоўванне ўзаемаадносін і наладжванне эфектыўнай работы з органамі ўлады, бізнесам, сродкамі масавай інфармацыі.

“Я сама ў дзяцінстве ніколі не была ў летніку (была толькі ў прышкольным) і таму заўсёды зайздросціла сваім сябрам, якія адтуль вярталіся. Сёлетнія ж умовы сур’ёзна скарэкціравалі планы на адпачынак у летніках нават у іх заўзятараў. Аднак калі не атрымалася паехаць у любімы летнік — гэта не нагода сумаваць дома, і мы пастараліся дапамагчы дзецям максімальна разнастаіць іх адпачынак. Нягледзячы на тое, што лагер праходзіць у анлайн-рэжыме, дзеці не сядзяць каля манітораў: яны гуля­юць на вуліцы са сваімі сябрамі, выконваюць інтэрактыўныя заданні, вучацца  чамусьці новаму і атрымліваюць уражанні ад уласных поспехаў. У межах лагера я даю дзецям розную інфармацыю па тэмах заняткаў і заданні. Дзеці выконва­юць іх у рэжыме афлайн, дасылаюць мне, а я налічваю ім балы. Калі гэта конкурс лідараў, то заданне  можа гучаць так: сабраць дзяцей у двары і правесці з імі нейкую гульню ці намаляваць валанцёра такім, якім дзеці яго ўяўляюць”, — расказвае пра сваю ролю ў лагеры Валерыя.

Аліна Кужава з БДПУ імя Максіма Танка пачала валанцёрыць яшчэ ў школе. Гадоў з шаснаццаці яна дапамагала дзяўчатам з гістарычнага клуба вучыць хлопцаў з ваеннай акадэміі танцаваць і рыхтавац­ь іх да ўдзелу ў балі. Пасля гэтага валанцёрства стала значнай часткай яе жыцця: былі фартэпіянныя і харавыя конкурсы, дзе яна дапамагала як валанцёр, была арганізатарам розным мерапрыемстваў, выступала ў ролі валанцёра і на II Еўрапейскіх гульнях — і падчас саміх Гульняў, і падчас Міжнароднага дня танца, які ладзіўся ў іх межах, і г.д. У межах гэтага лагера Аліна праводзіць трэнінг па камунікацыі і аратарскім майстэрстве, заняткі па развіцці лідарскіх якасцей. Але галоўная яе місія — правядзенне творчых майстар-класаў.

Галоўная па ранішняй зарадцы — Вікторыя Крэз, студэнтка БДУФК.

“Хэнд-мэйд — гэта тое, чым я займаюся ўжо 4 гады. Я працую з дзецьмі ў дзіцячых цэнтрах, а з гэтага года яшчэ і ў сярэдняй школе № 64 Мінска. Акрамя таго, я арганізоўвала шмат майстар-класаў і працую як музыкант. А ў­дзельнікам лагера я прапанавала творчыя майстар-класы па пляценні “лаўцоў сноў”, стварэнні мандал, шакаладніцы ў тэхніцы скрапбукінгу, невялікага букеціка ў тэхніцы світ-дызайну, паштоўкі з ўстаўной вышыўкай. Падлеткі 10—15 гадоў — гэта ўжо даволі дарослыя дзеці, таму па відэа ім арыентавацца проста. Складанасць для мяне толькі ў тым, каб уважліва глядзець за кожным дзіцем, сачыц­ь, ці правільна ў яго ўсё атрымліваецца, даваць кожнаму індывідуальную параду. Часам даводзіцца падключацца адразу з некалькіх устройстваў — і з ноўтбука, і з тэлефона, каб дзецям былі добра відаць мае рукі і работа. Але да гэтага хутка прывыкаеш”.

Алег Улога, 12-гадовы навучэнец сталічнай гімназіі № 75, ужо пабываў і ў звычайным летнім лагеры, і ў палатачным, але ў анлайн-лагеры яму падабаецца больш за ўсё, бо не любіць надоўга з’язджаць з дому. “Такі лагер не заменіць рэальных зносін, але гэта выдатнае дапаўненне да гульняў з сябрамі ў двары, — прызнаецца хлопчык. — Мы пазнаёміліся з равеснікамі з усёй краіны, даведаліся, хто чым займаецца, чым жыве. Мы разам, адным атрадам, наведваем віртуальныя заняткі, выконваем заданні, прымаем удзел у конкурсах. Мы ўжо прыдумалі сваю назву, дэвіз, падрыхтавалі і правялі іх абарону. Я паглядзеў праграму летніка і думаю, будзе шмат цікавага. Асабліва я чакаю конкурс малюнкаў. Я люблю маляваць і збіраюся зарабіць для свайго атрада дадатковыя балы. Цікава даведвацца і пра жыццё валанцёраў, і пра тое, як да іх далучыцца. Пакуль я дапамагаў толькі сваёй бабулі, але валанцёрствам гэта не назваў бы. А ў хуткім часе я хацеў бы заняцца пасадкай лесу: мабыць, гэта прыемна — сваімі рукамі садзіць дрэвы”.

Яшчэ больш за Алега адкрыцця летніка чакала яго бабуля, Галіна Аляксееўна Сініцына. Яна тлумачыць: “Я настаўніца і ўсё сваё жыццё прапрацавала ў школе. І я бачу, што цяпер такіх даверлівых, сяброўскіх зносін паміж школьнікамі ўсё менш і менш і большасц­ь дзяцей лічаць за лепшае ў вольны час заставацца сам-насам, у­ткнуўшыся ў смартфон. Яны не хочуц­ь ні аб’ядноўвацца, ні кантактаваць, ні сябраваць, але ўсяму гэтаму вучыц­ь валанцёрства. У такім лагеры дзеці вучацца зносінам, быць патрэбнымі адно аднаму. І няхай сёння яны вучацца гэтаму ў анлайн-рэжыме, але заўтра яны выйдуць са сваіх кватэр і будуц­ь на практыцы рэалізоўваць тое, чаму навучыліся. Падлеткі часцей за ўсё робяць толькі тое, што ім цікава, а асвойваючы пакрысе валанцёрства, яны пачына­юць думаць і пра іншых, пра іх патрэбы, пачуцці. Нашы дзеці ўсё роўна ся­дзяць у камп’ютарах, а цяпер ім прапану­юць пасядзець з карысцю і для сябе, і для іншых”.

Каб падтрымаць самых актыўных удзельнікаў, за выкананыя заданні яны будуць атрымліваць балы. У канцы змены будуць падведзены вынікі, і лепшы атрад будзе ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі ад Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Усе ўдзельнікі анлайн-лагера атрымаюць сертыфікаты аб тым, што яны прайшлі курс юнага валанцёра.

“Наперадзе яшчэ тры змены. Першая ў нас эксперыментальная, і мы бралі на яе ўсіх жадаючых, — гаворыць Н.В.Апанчук. — У наступным, нават і на працягу навучальнага года, мы можам правесці змены і для актывістаў, якія ўжо сталі на­дзейнымі памочнікамі нашых студэнтаў-валанцёраў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Наталлі Апанчук.