Летнія адкрыцці на “Сонечнай планеце”

- 11:10Выхаванне

Лета — час адкрыццяў! Пад такім дэвізам праходзіць летняя аздараўленчая кампанія 2017 года — Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь. Пад такім жа дэвізам распачаў сваю работу аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Сонечная планета” Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна, які гасцінна прыняў 27 выхаванцаў у першы дзень лета.

Значны акцэнт у выхаваўчай рабоце быў зроблены на даследчую дзейнасць, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, патрыятычнае выхаванне дзяцей. У лагеры дзейнічалі два атрады. Кожны меў свой кірунак, свае адметнасці, але і дзеці, і выхавальнікі былі аб’яднаны адзінай мэтай — цікава і з карысцю правесці летнія канікулы.

Так, атрад “Алімпіец” — гэта 15 навучэнцаў спартыўнага класа. Гульні і эстафеты, актыўны адпачынак і інтэлектуальныя конкурсы, трэніроўкі і цікавыя экскурсіі, спаборніцтвы і зборы раённага і абласнога ўзроўню — вось толькі некаторыя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх змаглі стаць будучыя “алімпійцы”.

Атрад “Нашчадкі” — 12 цікаўных, няўрымслівых хлопчыкаў і дзяўчынак, здольных адшукаць новае ва ўжо знаёмым. Які хімічны элемент робіць ваду з крыніцы лекавай? Колькі відаў дрэў можна ўбачыць ля касцёла Святой Тройцы ў аграгарадку Гервяты? Калі з’явіўся першы святлафор? Чаму некаторыя расліны “плачуць”? І яшчэ некалькі дзясяткаў “чаму?” і “калі?”, якія не засталіся без увагі падчас правядзення акцый, майстар-класаў, падарожжаў, мікрадаследаванняў, назіранняў. У аснову гэтых мерапрыемстваў пакладзены аб’екты жывой прыроды, гістарычнай спадчыны, дзіцячыя кнігі, вопыт дзяцей.

Летняя аздараўленчая кампанія зараз у самым разгары. Але мы ўжо можам падвесці першыя вынікі. 18 цікавых, насычаных мерапрыемствамі, новымі адкрыццямі дзён праляцелі вельмі хутка. Прыемна тое, што першы крок у лета атрымаўся неардынарным, карысным і запамінальным.

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
намеснік дырэктара лагера.