Летняя школа для юных эрудытаў адкрылася ў «Брыганціне»

- 14:30Образование

У спартыўна-аздараўленчым комплексе «Брыганціна» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўрачыста адкрылі Рэспубліканскую летнюю навукова-даследчую школу і гарадскі фізіка-матэматычны лагер, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлета ў складзе ўдзельнікаў рэспубліканскай профільнай школы 240 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, 64 з іх — з устаноў адукацыі Мінска.

У праграме змены прадугледжаны штодзённыя заняткі (па тры акадэмічныя гадзіны на дзень) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, астраноміі. Іх будуць праводзіць лепшыя педагогі школ і гімназій Мінска разам з прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ.

Таксама ў лагеры працуе псіхалагічная служба. Гэта падтрымка для дзяцей, якія доўгі час праводзяць у стане стрэсу, канкурэнтнай барацьбы, алімпіядных інтэлектуальных гонак.

Летняя навуковая школа — добрая даўняя традыцыя. Першая такая прайшла ў жніўні 1995 г. у пасёлку Лужасна Віцебскага раёна. Гэтая дата лічыцца днём нараджэння Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і педагогаў. За ўсе гады ў ёй прайшлі навучанне больш за 4750 здольных навучэнцаў і звыш 400 педагогаў і маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Трапіць на змену для адораных няпроста. Трэба вытрымаць конкурс: чым больш заслуг у інтэлектуальных спаборніцтвах, тым большы шанс атрымаць пуцёўку. Мяркуйце самі, у ліку сёлетніх удзельнікаў лагера — неаднаразовыя пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Міхаіл Курс (прызёр міжнародных турніраў юных матэматыкаў), Мацвей Вылягжанін (сярэбраны прызёр 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, што нядаўна прайшла ў Японіі).

— Напэўна, сёння ў Беларусі няма іншага такога месца, як спартыўна-аздараўленчы комплекс «Брыганціна», дзе такая канцэнтрацыя ўдзельнікаў алімпіяднага руху, лепшых педагогаў і выкладчыкаў, — адзначыла першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка. — Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа праходзіць у 27-ы раз, гарадскі фізіка-матэматычны лагер — у 17-ы. Гэта незабыўная атмасфера, знаёмства з людзьмі, якія дасягнулі ў жыцці многага. Для школьнікаў такія профільныя зменыкрок да поспеху.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены МГІРА