Лічбавая эканоміка ў прыярытэце ўзаемадзеяння

- 11:14Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена супрацоўнічаць з Рэспублікай Карэя ў сферах ІТ у лічбавай эканоміцы, заявіў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Рэспублікі Карэя. Узначаліў дэлегацыю намеснік Старшыні камісіі Нацыянальнай асамблеі (аднапалатнага парламента) па наземнай інфраструктуры і транспарце кіраўнік групы дружбы з Беларуссю Лі Вон Ук.

Віцэ-спікер высока ацаніў арганізацыю ў Сеуле штогадовай нарады спікераў, на якой збіраюцца прадстаўнікі розных краін для абмеркавання актуальных для сусветнай супольнасці пытанняў. Баляслаў Пірштук выказаў меркаванне, што на найбліжэйшай нарадзе яе ўдзельнікі закрануць такія тэмы, як кібербяспека, процідзеянне тэрарызму, наркатрафіку. Гэтыя пытанні патрабуюць дадатковай прапрацоўкі, лічыць ён.

“Мы вельмі зацікаўлены ва ўзаемадзеянні ў такіх сферах, як ІТ і лічбавая эканоміка, дзе ў вас набыты багаты вопыт і ёсць вельмі добрыя вынікі”, — заявіў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што Беларусь раней зрабіла захады для развіцця гэтых сфер. Так, у канцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, які стварае беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІT-галіны і дае сур’ёзныя канкурэнтныя перавагі краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі. “Для нас, вядома, было б важна вывучыць бліжэй ваш вопыт і абмеркаваць падыходы ў гэтых напрамках, таму што за імі будучыня”, — заўважыў Баляслаў Пірштук. Ён перакананы, што бакі маглі б знайсці агульныя падыходы ў гэтых пытаннях.

Віцэ-спікер у тым ліку расказаў, што беларускія спартсмены актыўна рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў — 2018, якія пройдуць у Пхёнчхане ў хуткім часе, і маюць намер дастойна праявіць сябе на гэтым форуме.

Лі Вон Ук выказаў удзячнасць беларускаму боку за афіцыйнае запрашэнне наведаць краіну. Ён нагадаў, што апошні раз дэлегацыя Рэспублікі Карэя знаходзілася з візітам у Беларусі ў 2015 годзе. Парламентарый таксама выказаў надзею, што адносіны дзвюх краін будуць і далей развівацца па розных напрамках.