Лічбавая трансфармацыя адукацыі: стаўка на педагога

Лічбавая трансфармацыя — не аддаленая перспектыва, а паўсядзённая рэальнасць. Інфармацыйныя тэхналогіі ахопліваюць усё новыя і новыя сферы грамадскага жыцця, аказваючы магутны ўплыў на характар і тэмп сацыяльных працэсаў. Не застаецца ў баку ад гэтых пераўтварэнняў і сістэма адукацыі. Пра неабходнасць школы адпавядаць патрабаванням лічбавага грамадства ішла гаворка на канферэнцыі, арганізаванай у межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы-форуму “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” (ІТЕ-2017). У яе рабоце прыняў удзел першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш.

Крокі да развіцця

— Свет мяняецца вельмі хутка з пункту гледжання тэхналагічнага развіцця. Многія працэсы, якія 30—40 гадоў назад не ўяўляліся без выканання чалавечымі рукамі, паступова замяняюцца іншым тэхналагічным узроўнем, — адзначыў В.А.Богуш. — Найбольш успрымальная да гэтых змяненняў сфера, звязаная з рэальным сектарам эканомікі, — прамысловасць, дзе прымяняюцца розныя тэхналогіі з выкарыстаннем сістэмы штучнага інтэлекту. Яны паступова пранікаюць з прамысловасці ў іншыя сферы… І сістэма адукацыі таксама павінна дакладна ўсведамляць і выстройваць крокі, звязаныя з развіццём, з улікам таго, што адбываецца ў свеце.

Гаворачы пра тое, як паўплывае лічбавая трансфармацыя на працэсы, што адбываюцца ў сістэме адукацыі, В.А.Богуш вылучыў дзве кампаненты. Першая кампанента — інфармацыйная. Мы жывём у свеце, дзе аб’ём інфармацыі, што паяўляецца, немагчыма прааналізаваць. Акрамя таго, інфармацыя зараз даступная. Каб атрымаць доступ да распрацовак лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, не патрэбна ехаць на пасяджэнні нобелеўскага камітэта і слухаць лекцыю. Гэта ўсё магчыма атрымаць, не выходзячы з офіса, не адыходзячы ад рабочага месца. І тут узнікаюць праблемы, звязаныя з навучаннем правільна працаваць у інфармацыйным полі. Гэтая задача накладвае пэўныя абавязкі і адказнасць у тым ліку і на педагагічны састаў. “Мы разумеем, што зараз чыста генерацыя ведаў, якія будуць адрознівальнай асаблівасцю таго ці іншага адукацыйнага курса, ужо не з’яўляецца асноўным складнікам яго канкурэнтаздольнасці. Мы павінны арганізаваць работу такім чынам, каб змест быў і арыгінальны, і адэкватны сучаснаму тэхналагічнаму вопыту. Гэта робіцца шляхам арганізацыі навукова-даследчай інавацыйнай кампаненты ў адукацыйным працэсе. Калі гэтай кампаненты няма, то спецыяліст пасля выпуску з УВА альбо будзе вымушаны сам сфарміраваць у сабе такія кампетэнцыі, альбо ў многіх сферах будзе неканкурэнтаздольны”, — адзначыў В.А.Богуш.

Другая кампанента — тэхналагічныя змяненні ў самім адукацыйным працэсе. З аднаго боку, ёсць высокая ступень магчымасцей, якія прадастаўляюць інфармацыйныя тэхналогіі па доступе да інфармацыі, з іншага — вельмі складана правільна гэты працэс арганізаваць. А гэта якраз тыя кампетэнцыі, якімі павінны прырастаць нашы педагогі. Сярод іх важная кампетэнцыя, якая фарміруецца ў вышэйшай школе, — імкненне і здольнасць прафесійна ўдасканальвацца на працягу ўсяго жыцця.

Яшчэ адзін важны момант — павялічваецца ступень няпэўнасці ў кампетэнцыях падрыхтаваных спецыялістаў. Ёсць меркаванне, што прыкладна праз 10 гадоў каля 50 прафесій не будуць выглядаць так, як выглядаюць цяпер. “Нельга запраектаваць ідэальнага спецыяліста на шмат гадоў наперад. Гэта перш за ўсё выклік, які стаіць перад сістэмай прафесійнай адукацыі і сістэмай вышэйшай школы. І тут гатовага рэцэпта няма. Але ёсць напрамак, звязаны з выкарыстаннем кампетэнцый, якія, з аднаго боку, дазваляюць сфарміраваць неабходную базу для прафесійнага росту спецыяліста, з іншага боку, даюць яму магчымасць вырашаць задачы індывідуальна і ў калектыве, акрамя таго, дазваляюць яму развівацца. Усё гэта рэалізуецца і праз даследчую дзейнасць, і праз распрацоўку праектаў у межах спецкурсаў, і праз карэкціроўку базавых дакументаў, адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і г.д. Пры гэтым разумеючы, што ў асобных напрамках гэтая дынаміка вельмі высокая, мы бачым неабходнасць больш актыўнага прыцягнення тых спецыялістаў, якія працуюць на рэальных прадпрыемствах, у рэальным сектары, у працэсы фарміравання праграм падрыхтоўкі”, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч.

Больш пераваг, чым недахопаў

Як мяркуе кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, загадчык кафедры камунікацый і інфармацыйных тэхналогій БДУ Ю.І.Варатніцкі, сутнасць лічбавай трансфармацыі заключаецца не толькі і не столькі ва ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, колькі ў змяненні аперацыйных працэсаў, метадалогіі адукацыйнага працэсу пад уплывам лічбавых тэхналогій. Калі стацыянарную тэлефонную сувязь замянялі спачатку радыётэлефоны, потым мабільная і спадарожнікавая сувязь, самі працэсы змяняліся ў нязначнай ступені, то сёння мы назіраем лічбавую трансфармацыю — змяненне спосабу сувязі, выкарыстанне інтэрнэт-месенджараў, сацыяльных сетак і іншых тэхналогій, якія змяняюць сам стыль зносін. Нешта падобнае павінна адбывацца ў сістэме адукацыі. Сёння вельмі многа гаворыцца пра розныя адукацыйныя парадыгмы, якія звязваюцца з выкарыстаннем ІКТ, — электроннае навучанне, мабільнае навучанне і г.д. Гэта парадыгмы адукацыі, якія адказваюць на пытанне, якія магчымасці ёсць у чалавека атрымаць адукацыю. Незалежна ад іх вечнымі застаюцца пытанні дыдактыкі: навошта вучыць, чаму вучыць і як вучыць? І ў межах кожнай з парадыгм неабходна атрымаць адказы на гэтыя пытанні.

Лічбавая трансфармацыя цягне за сабой развіццё кааперацыі і камунікацыі ў адукацыйным працэсе. А ў цэлым яна мае арганізацыйны і метадалагічны ўзроўні. Прынцыповай з’яўляецца роля так званых гарызантальных камунікацый, без якіх немагчыма канструктыўная работа над уласным адукацыйным кантэнтам. Сёння ўсе адукацыйныя працэсы становяцца размеркаванымі ў прасторы і часе. Фактычна навучэнец можа выбіраць, дзе яму атрымліваць адукацыю і ў які час. Але ва ўмовах гэтага выбару не трэба забываць аб уласнай канкурэнтаздольнасці, развіццю якой павінна садзейнічаць лічбавая трансфармацыя.

На думку Ю.І.Варатніцкага, калі разглядаць вучня як насенне невядомай расліны (а не як чысты ліст паперы), якое варта ўзгадоўваць, дапамагаць развівацца, індывідуалізаваць працэс яго навучання, то лічбавая трансфармацыя мае значна больш пераваг, чым недахопаў.

Канкурэнтаздольная адукацыя

Адзін з аўтараў нацыянальнай праграмы “Будучая школа Фінляндыі” прафесар Пасі Маціла адзначае: парадокс сучаснага адукацыйнага працэсу ў тым, што вучань жыве ў ХХІ стагоддзі, яго вучаць выкладчыкі ХХ стагоддзя, а навучанне адбываецца ва ўмовах адукацыйнага асяроддзя ХІХ стагоддзя. І ён у многім мае рацыю. “Калі ты ляціш на самалёце і твой рэйс затрымліваюць, ты думаеш: колькі ж часу я правяду ў дарозе? — гаворыць кіраўнік адукацыйных праграм кампаніі Mіcrosoft у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Вольга Свірыдзенка. — А потым прыгадваеш, што яшчэ сто гадоў назад трэба было скакаць на конях. Калі б вам зараз сказалі: “Садзіся на каня!”, — у вас гэта выклікала б шок. Бо мы ж ведаем, што можна лятаць самалётамі. А калі гэтую сітуацыю спраецыраваць на адукацыю? Інфармацыйныя тэхналогіі даўно праніклі ва ўсе сферы нашага жыцця, і толькі ў адукацыі далёка не заўсёды выкарыстоўваюцца дасягненні лічбавай эпохі. Доўгі час у навучальныя ўстановы закуплялася абсталяванне, якое па розных прычынах не было задзейнічана, і яно ўжо састарэла, а мы толькі зараз думаем, як замест таго, каб рухацца наперад, зрабіць так, каб яно працавала”.

Як лічыць намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях кампаніі ZTE Belarus Сямён Дзірко, адукацыя, заснаваная на завучванні, сёння неканкурэнтаздольная. Аб’ём існуючай інфармацыі настолькі вялізны, што запомніць усё немагчыма, разам з тым даступнасць яго такая, што няма ніякага сэнсу гэта рабіць. Таксама неканкурэнтаздольная сёння і адукацыя, накіраваная на індывідуальныя дасягненні, а не на камандную работу.

Існуе меркаванне, што адукацыя павінна развіваць толькі тое, з чым не можа справіцца штучны інтэлект: творчасць, крэатыўнасць, навыкі праектнай дзейнасці, планавання, расстаноўкі прыярытэтаў, уменне прымаць рашэнні, фарміраваць каманду, мысліць крытычна і інш. Школа павінна фарміраваць у дзяцей лідарскія якасці, упэўненасць і, самае важнае, уменне арыентавацца ў вялікіх аб’ёмах інфармацыі, здабываць яе, адрозніваць праўду ад хлусні, структураваць.

Па меркаванні С.Дзірко, трэба рабіць стаўку на настаўніка, які лепш за ўсіх ведае патрэбы, здольнасці і магчымасці сваіх вучняў. Трэба даць яму свабоду і неабходныя інструменты, каб ён самастойна мог сфарміраваць актуальнае навучальнае асяроддзе для вучняў.

Паміж настаўнікам і вучнем

Дзяцей, якія нарадзіліся ў лічбавую эпоху, у асяроддзі камп’ютараў, смартфонаў, лічбавых плэераў называюць лічбавымі абарыгенамі. Для іх інфармацыйныя тэхналогіі — абсалютна звычайная рэч. А настаўнікі — усяго толькі лічбавыя імігранты. Трэба гэта разумець і памятаць, што разрыў паміж педагогамі і вучнямі велізарны і, каб яго скараціць, трэба прыкласці вялікія намаганні. У многім дапаможа вырашыць гэтую задачу падрыхтоўка педагогаў, здольных выкарыстоўваць ІКТ ужо з універсітэцкай лаўкі. Рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук падкрэсліў асаблівую важнасць апераджальнай педагагічнай падрыхтоўкі ў сферы тэхналогій электроннага навучання ў сістэме бесперапыннай адукацыі.

Новая е-дыдактыка актуалізуе неабходнасць падрыхтоўкі новага тыпу настаўніка, здольнага прыняць выклік лічбавай эпохі, настаўніка, які аб’ядноўвае кампетэнцыі дыдакта і інжынера-праекціроўшчыка. Такая інтэграцыя прадугледжвае пераасэнсаванне ключавой ролі педагога ў лічбавую эпоху. Традыцыйнае выкладанне трансфармуецца ў напрамку інжынерыі навучання на аснове дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі і магчымасцей ІКТ. У рэкамендацыях ЮНЕСКА падкрэсліваецца, што сучаснаму настаўніку недастаткова быць кампетэнтным тэхналагічна і ўмець фарміраваць тэхналагічныя ўменні і навыкі сваіх вучняў. Педагог павінен дапамагчы навучэнцам выкарыстоўваць ІКТ, каб паспяхова супрацоўнічаць, вырашаць праблемы, ацэньваць навыкі навучання і ў выніку стаць паўнацэнным грамадзянінам сучаснага інфармацыйнага грамадства.

— Тэхналагізацыя грамадства, яго лічбавая трансфармацыя суправаджаецца шэрагам праблемных і негатыўных з’яў. Да іх адносяць паскарэнне інтэлектуалізацыі розных вытворчых працэсаў, якія немагчымы без адпаведнай інавацыйна-апераджальнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Сучасная эканоміка становіцца лічбавай, а адукацыя — пакуль не. Акрамя таго, тэхналагічная насычанасць адукацыі суправаджаецца недахопам педагагічных тэхналогій электроннага навучання. Таксама змяненне характару ўзаемадзеяння ў пары “настаўнік — вучань” вядзе да памяншэння педагагічнага эфекту пры выкарыстанні традыцыйнай ведава-рэпрадукцыйнай мадэлі навучання, — адзначыў А.І.Жук.

Адбываецца эвалюцыя самой навукі педагогікі. Праблемы сеткавага ўзаемадзеяння, інтэрнэт-бяспекі, віртуальнай залежнасці, знікнення інтарэсу навучэнцаў да навучання звязаны і з тым, што сучасная педагогіка не можа пакуль адмовіцца ад ведава-рэпрадукцыйнай мадэлі навучання, рухаючыся да новай мадэлі электронна-педагагічнага ўзаемадзеяння і навучання.

Удзельнікам форуму быў прадстаўлены вопыт БДПУ па апрабацыі розных мадэлей электроннага навучання ў мультысэрвіснай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта — навучанне з вэб-падтрымкай, змешанае навучанне, дзе 30—80% часу рэалізуецца ў электронным асяроддзі, і поўнае электроннае навучанне. Абнаўляецца і змест падрыхтоўкі педкадраў для развіцця электроннага навучання: распрацоўваюцца новыя праграмы і з’яўляюцца вучэбныя дысцыпліны (“Тэхналогія педагагічнага ўзаемадзеяння”, “Адукацыйная робататэхніка”, курс па выбары “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове электроннага журнала ў школе”).

Усё гэта стала магчымым дзякуючы распрацаванай і прымененай ва ўніверсітэце канцэпцыі інфарматызацыі, адкрыццю рэсурсных цэнтраў, а таксама рэалізацыі інавацыйнага праекта “Сеткавая акадэмія педагогікі электроннага навучання”, у межах якога ствараюцца ўмовы для даследаванняў і распрацовак у галіне е-дыдактыкі, сеткавых навукова-адукацыйных праектаў студэнтаў, педагогаў і ўстаноў адукацыі.

Спецыялісты для лічбавага грамадства

Вопыт па выкарыстанні ІКТ, падрыхтоўцы кадраў для лічбавага грамадства прадставіла прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР А.М.Жывіцкая. Яна адзначыла, што ўніверсітэт актыўна ўзаемадзейнічае з заказчыкам кадраў на ўсіх этапах падрыхтоўкі, укараняе ў адукацыйны працэс сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. У цяперашні час заключана 417 дагавораў аб супрацоўніцтве з рознымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. 40 арганізацый для ўніверсітэта з’яўляюцца базавымі. На базе БДУІР паспяхова дзейнічае вучэбна-метадычнае аб’яднанне ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі, у склад якога ўваходзяць 215 членаў, з якіх 53 — прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі.

У 2013 годзе ва ўніверсітэце былі распрацаваны новыя адукацыйныя стандарты. Пры распрацоўцы зместу адукацыйных праграм спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі І і ІІ ступені ўніверсітэт актыўна прыцягвае заказчыкаў кадраў. Так, пры стварэнні адукацыйных стандартаў трэцяга пакалення быў прыцягнуты 61 спецыяліст вядучых прадпрыемстваў радыёэлектроннай прамысловасці і ІТ-сферы.

Ва ўніверсітэце з 2001 года распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца новыя формы супрацоўніцтва з вядучымі арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі. У БДУІР створаны і актыўна дзейнічаюць 4 філіялы кафедр на прадпрыемствах — спажыўцах спецыялістаў, 47 сумесных вучэбна-навукова-вытворчых лабараторый, на базе якіх функцыянуюць восем адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній.

Створаная інфраструктура і праведзеная работа па распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў дазволілі ў 2002 годзе ўкараніць у вучэбны працэс новую форму завочнага навучання — дыстанцыйную. Ва ўніверсітэце ўпершыню ў рэспубліцы быў ажыццёўлены набор на дыстанцыйную форму навучання па 2 спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў БДУІР адкрыты Цэнтр дыстанцыйнага навучання, які потым быў трансфармаваны ў факультэт. Укаранілі сістэму электроннага навучання SharePointLMS, у якой зарэгістраваны больш за 200 выкладчыкаў і больш за 1000 навучэнцаў.

***

— Сістэма адукацыі павінна быць найбольш чулай да інавацый, якія адбываюцца ў сферы інфармацыйных тэхналогій, бо ў выніку менавіта адукацыя вызначае вектар развіцця сучаснага грамадства. Лічбавая трансфармацыя ставіць нас перад неабходнасцю не проста прыстасоўвацца да змяненняў, а быць актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйных працэсаў, — лічыць дырэктар ГІАЦ П.А.Ліс.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *